Нацыянальны ўніверсітэт харчовых тэхналогій — украінская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова інжынерна-тэхналагічнага профілю, якая мае статус нацыянальнага ўніверсітэта і знаходзіцца ў Кіеве.

Агульная характарыстыка Нацыянальны ўніверсітэт харчовых тэхналогій — гэта вучэбна-навуковы комплекс тэхнічнага профілю, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў на адукацыйна-кваліфікацыйных узроўнях «бакалаўр», «спецыяліст» і «магістр» па 215 адукацыйных праграмах для мяса-малочнай, хлебапякарнай, кандытарскай, фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці, іншых галін аграпрамысловага комплексу і харчовага машынабудавання. У вучэльні атрымліваюць веды каля 30 тысяч студэнтаў і слухачоў дзённай і завочнай формаў навучання.

НУПТ — гэта вышэйшая навучальная ўстанова IV (вышэйшага) ўзроўню акрэдытацыі. Вучэбна-выхаваўчы працэс, навукова-метадычная і навукова-даследчая работа забяспечваюцца ў межах шасці факультэтаў і інстытутаў. Акрамя таго, у склад комплексу ўваходзяць 2 інстытута паслядыпломнай адукацыі, 6 філіялаў, а таксама 11 каледжаў па ўсёй Украіне.

Ва ўніверсітэце функцыянуюць 42 кафедры, якія маюць 24 філіяла і 8 вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў на перадавых прадпрыемствах, у праектных і навукова-даследчых установах. Акрамя таго, за апошнія гады створаны 3 вучэбна-вытворчых цэнтры, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр, Цэнтр інфармацыйных тэхналогій, які аб’ядноўвае факультэцкія камп’ютарныя цэнтры, камп’ютарныя класы і 52 лакальныя сеткі.

У вучэльні працуюць каля 5 тысяч супрацоўнікаў, сярод якіх: больш за 120 прафесараў, дактароў навук; каля 800 дацэнтаў, кандыдатаў навук. Сярод іх 21 акадэмік, 16 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Украіны, заслужаныя дзеячы навукі і тэхнікі Украіны, заслужаныя работнікі вышэйшай школы, выдатнікі адукацыі Украіны.

Спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі рыхтуюць у аспірантуры і дактарантуры. Ва ўніверсітэце функцыянуюць 7 спецыялізаваных вучоных саветаў па абароне дысертацый па 13 навуковых спецыяльнасцях.

Структура

Інстытуты і факультэты Інстытут харчовых тэхналогій; Інжынерна-тэхнічны інстытут імя акадэміка І. С. Гулага; Інстытут эканомікі і ўпраўлення; Інстытут паслядыпломнай адукацыі; Факультэт біятэхналогій і экалагічнага кантролю; Факультэт аўтаматызацыі і камп’ютэрных сістэм; Факультэт гатэльна-рэстараннага і турыстычнага бізнесу.

Філіялы Філіял у г. Львове (першы); Львоўскі філіял (другі); Смілянскі філіял; Сумскі філіял; Камянец-Падольскі філіял; Палтаўскі філіял.

Каледжы Вінніцкі каледж; Валынскі каледж; Івана-Франкоўскі каледж рэстараннага сэрвісу і турызму; Камянец-Падольскі каледж харчовай прамысловасці; Кіеўскі каледж рэстараннай гаспадаркі; Львоўскі каледж харчовай і пераробнай прамысловасці; Львоўскі каледж харчовых тэхналогій і бізнесу; Палтаўскі каледж; Сваляўскі тэхнічны каледж; Смілянскі тэхналагічны каледж; Сумскі каледж.

Спасылкі Афіцыйная старонка ўніверсітэта

Катэгорыя:Універсітэты Кіева Катэгорыя:Нацыянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Украіны Катэгорыя:1884 год ва Украіне Катэгорыя:Вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы Украіны