Беларуская палеаграфія ( «старажытны; важны» + «пісаць») — гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю пісьма, заканамернасці развіцця графічных форм літар, пісьмовых знакаў, шрыфт, а таксама помнікі старога пісьменства з мэтай прачытаць яго, вызначыць аўтара, час і месца стварэння, аўтэнтычнасць тэксту і інш. Вывучэнне беларускай палеаграфіі адбываецца ў цеснай сувязі з такімі дысцыплінамі гістарычнага і лінгвістычнага напаўнення, як гісторыя беларускай літаратурнай мовы, беларуская дыялекталогія, гістарычная граматыка беларускай мовы, тэксталогія, археаграфія, дыпламатыка, сфрагістыка, геральдыка і інш.
Пачатак палеаграфіі
Тэрмін «палеаграфія» ўвёў ва ўжытак у 1708 годзе французскі манах Бернар дэ Манфакон, аўтар працы «Грэчаская палеаграфія, або пра паходжання і развіццё літар». Ён ўпершыню распрацаваў метад палеаграфічнага даследавання і паставіў на аснове пэўных прыкмет наяўныя рукапісы ў храналагічны шэраг, вывеў эвалюцыю літар і вызначыў стадыі ў развіцці сярэднявечнага грэчаскага пісьма і тыпы пісьма. Практычна жа метад палеаграфіі ўжыў манах-бенедыкцінец Жан Мабільён, які выдаў у Парыжы ў 1681 годзе працу «De re diplomatica libri sex» («Дыпламатыка ў шасці кнігах»), дзе даў класіфікацыю тыпаў ранняга сярэднявечнага пісьма, назваўшы іх «нацыянальнымі», г. зн. франкскімі, лангабардскімі, вестгоцкімі і г. д. Гэта спатрэбілася яму для зацвярджэння сапраўднасці грамат франкскіх каралёў, выдадзеных бенедыкцінскім кляштарам.
Нешта падобнае назіралася і ў Расіі. «Першапачатковыя прыёмы палеагрыфічнага аналізу, — пісаў М. С. Чаеў, — зарадзіліся яшчэ ў Маскоўскай дзяржаве XVI−XVII стст., прычым, як і на Захадзе, у практычных мэтах. Гэтыя прыёмы выпрацоўваліся пераважна у выніку экспертызы дакументаў, якія фігуравалі ў судовых працэсах».
У XVIII стагоддзі развіццё палеаграфіі як спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны было абумоўлена не толькі неабходнасцю стварэння крыніцкага падмурка для маладой гістарычнай навукі, але і цікавасцю да гісторыі і культуры, што было характэрным для эпохі Адраджэння. У гэты час наймацнейшымі ў Еўропе былі французская і нямецкая школы палеаграфіі. У першай палове XIX стагоддзя ў Еўропе пачынаюць складвацца нацыянальныя палеаграфічныя школы. Да канца стагоддзя палеаграфія здолела выпрацаваць уласную методыку, тэрміналогію даследаванняў, былі створаны спецыяльныя ўстановы, якія займаліся вывучэннем і публікацыяй тэкстаў, выданнем перыядычных прац па палеаграфіі і падрыхтоўкай спецыялістаў-палеографаў. У другой палове XIX−першай палове XX ст. асабліва інтэнсіўна палеаграфія развівалася ў Германіі, Францыі і Расіі, − у сувязі з падрыхтоўкай і выданнем старажытных помнікаў.
Пачатак інтэнсіўнага развіцця славянарускай палеаграфіі — сярэдзіна XIX стагоддзя, хоць некаторыя практычныя тэмы графічнага аналізу (пераважна для выяўлення падробленых подпісаў) атрымалі распаўсюджванне ў XV—XVII стст. У сувязі з публікацыяй і вывучэннем крыніц, у XVIII стагоддзі адбывалася далейшае назапашванне палеаграфічных назіранняў, якія падрыхтавалі ўмовы для станаўлення славяна-рускай палеаграфіі як самастойнай галіны гістарычных ведаў. Зародкі палеаграфіі бачым у гістарычных пошуках В. М. Тацішчава, археаграфічнай дзейнасці М. І. Навікова. У 1840-х гадах рускі бібліёграф, даследчык рукапіснай і старадрукаванай кнігі В. М. Ундольскі падрыхтаваў рукапіс кнігі «Вопыт славяна-рускай палеаграфіі, або навукі вызначыць час напісання рукапісаў, правільна і бегла чытаць іх». Праца рыхтавалася, перш за ўсё, для правільнага чытання тэкстаў, а таксама іх датавання. У 1854 годзе І. П. Сахараў апублікаваў кнігу «Чытання з рускай палеаграфіі», у якой дадзена класіфікацыя палеаграфіі па відах крыніц. Сахараў падзяліў палеаграфію на літаратурную, юрыдычную, археалагічную і нумізматычную. У канцы XI−пачатку XX ст. былі апублікаваныя курсы лекцый па славяна-рускай палеаграфіі І. І. Сразнеўскага (1885) і А. І. Сабалеўскага (1908). Яны вызначалі прадмет і задачы палеаграфіі. Важным з’явілася праца І. С. Бяляева «Практычны курс вывучэння старажытнага рускага скарапісу для чытання рукапісаў XV−XVIII стагоддзяў» (1907, 1911). Выйшлі працы-даведнікі па вывучэнні папяровых вадзяных знакаў (філіграней), даведнікі паклалі пачатак філіграназнаўству: І. П. Лапцеў «Вопыт у старажытнай рускай дыпламатыцы» (1824), К. Я. Трамбонін «Тлумачэнне знакаў, бачных у пісчай паперы…» (1844), М. П. Ліхачоў «Палеаграфічнае значэнне папяровых вадзяных знакаў» (т. 1-3, 1899). Далей развіццё палеаграфіі як навуковай дысцыпліны звязана з імёнамі навукоўцаў XIX стагоддзя − А. М. Аленіна, К. Ф. Калайдовіча, Яўгенія Балхацінава, А. Х. Вастокава, П. М. Строева і інш.
Беларуская палеаграфія як навука
У XI−XII стст. пачынаюць фарміравацца манастырскія бібліятэкі, дзе манахі не толькі збіраюць кнігі, але і перапісваюць іх. Найбольш вядомая бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора (1066). Узнікаюць прыватныя бібліятэкі князёў полацкіх, Кірылы Тураўскага. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сярод рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў XIV—XXI стст. (больш за 1,7 тыс. адзінак захоўвання), створаных на славянскіх, заходняеўрапейскіх і ўсходніх мовах, — ёсць рукапісныя кнігі беларускага паходжання: евангеллі, пролагі, службоўнікі, жыцця святых, зборнікі слоў і павучанняў і іншыя рукапісныя кніжныя помнікі ― Тураўскае Евангелле XII ст., Полацкае Евангелле XII ст., Аршанскае Евангелле XII ст., Менскае Евангелле XIV ст., Лаўрышаўскае Евангелле XIV ст., Друцкае Евангелле XIV ст., Мсціжскае Евангелле XIV ст., Жыровіцкае Евангелле XV ст., Малажухавіцкае Евангелле канца XV ст., Дзесятаглаў (Біблія Мацвея Дзясятага) пачатку XVI ст., Слуцкае Евангелле XVI ст., Шарашоўскае Евангелле XVI ст. Славянскія рукапісы гэтага часу маюцца і ў бібліятэцы Акадэміі навук Украіны.
З сярэдзіны XV да XVIII стагоддзя практыкуецца выкарыстанне беларускага тыпу царкоўнаславянскай мовы, − напрыклад, Наваградскі пролаг 1512 года, створаны пры Навагрудскім саборы свв. Барыса і Глеба па загадзе кіеўскага мітрапаліта Іосіфа II Солтана; у бібліятэцы Супрасльскага манастыра была праведзена праца па яго моўным асаблівасцям і крыніцах.
Разам з царкоўнаславянскай і старабеларускай пісьменнай мовамі распаўсюджванне атрымліваюць лацінская і польская мовы. У афармленні рукапісных кніг прысутнічае гатычны стыль. Значная частка кніг выдавалася на польскай і латыні, чвэрць на «славенскай» і старабеларускай мовах, па адной на грэчаскай і італьянскай. У першай палове XVI стагоддзя выдаюцца кнігі Францішка Скарыны (Біблія, 1517—1519; Малая подорожная кніжка, 1522; Апостал, 1525), Яна Вісліцкага і Мікалая Гусоўскага, Сымона Буднага, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. З кніг, выдадзеных ў XVI-першай палове XVII ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага на польскай мове надрукавана 46 %, лацінскай — 38 %, на царкоўнаславянскай і старабеларускай — 10 %. Напрыклад, Статут ВКЛ 1529 года напісаны на старабеларускай мове, пераведзены на лацінскую (1530) і польскую (1532) мовы. Упершыню надрукаваны І. Н. Даніловічам на беларускай мове лацінскімі літарамі ў 1841 у Познані, у 1854 кірыліцай у Маскве.
Першыя звесткі пра палеаграфічную экспертызу беларускіх пісьмовых крыніц датуюцца XVI стагоддзем. Супрацоўнікі канцылярый, а таксама пісары розных службовых асоб з’явіліся першымі практычнымі палеографамі. Да практычнай палеаграфіі адносіцца капіраванне старых тэкстаў, а таксама іх пераказ, бо ўсё гэта мае на ўвазе валоданне пэўнымі палеаграфічнымі навыкамі. Практычнымі палеографамі, у прыватнасці, у канцы XVI-пачатку XVII стагоддзя, былі перапісчыкі кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага XV−XVI стст. (ад лац. matricula — канцылярская кніга). Да практычнай палеаграфіі варта аднесці таксама і фальсіфікацыю дакументаў, праўда, такую, якая мела на ўвазе ўзнаўленне асаблівасцяў графікі пісьма таго часу, за які гэтыя дакументы выдаваліся. Для навуковай палеаграфіі ў параўнанні з практычнай уласцівае выкарыстанне больш дасканалых метадаў вывучэння пісьма, звяртанне да больш старажытных крыніц, пэўная сістэма іх адбору і крытыкі.
Пошукі папер па гісторыі царквы прывялі да зацікаўлення практычнай палеаграфіяй Іпація Пацея Ігнація Кульчынскага, а пазней і іншых святароў. Напрыклад, І. Пацей у 1605 годзе прадстаўляў віленскаму магістрату на экспертызу старую рукапісную кнігу, знойдзеную ў царкве мястэчка Крэва. Кніга была напісана статутным славянскім пісьмом і ўтрымлівала апісанне Фларэнтыйскага сабора, а таксама грамату кіеўскага мітрапаліта Місаіла да папы Сікста IV ад 14 сакавіка 1476 года, у якой духавенства і магнаты ВКЛ выказвалі сваё прызнанне Фларэнтыйскай уніі і прасілі заступніцтва перад католікамі. Пацей хацеў пераканацца ў сапраўднасці кнігі.
Новы этап у развіцці палеаграфіі на беларускіх землях пачынаецца ў XVIII стагоддзі. У гэты час ажыццяўляецца актыўны збор, а пазней і публікацыя гістарычных крыніц, у тым ліку тых, што асвятлялі гісторыю беларускіх зямель, а таксама там створаных. Адным з першых, хто праявіў сябе на ніве збіральніцтва і вывучэння гістарычных крыніц, быў А. С. Нарушэвіч. Назапашванне і аналіз гістарычных крыніц становіцца важнай прыкметай развіцця гістарычнай навукі. Гэтай дзейнасцю займаюцца Тэадор Нарбут, Іаахім Лялевель. Навуковае вывучэнне беларускай палеаграфіі, у прыватнасці, беларускага пісьма было звязана з дзейнасцю Віленскай археаграфічнай камісіі. У сувязі з падрыхтоўкай да друку гістарычных крыніц, быў выдадзены ў 1884 годзе палеаграыічны альбом «Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца у Віленскім Цэнтральным архіве і Віленскай Публічнай бібліятэцы».
Па актавым кнігам можна прасачыць развіццё пісьма. Актавыя кнігі Вялікага Княства Літоўскага дазваляюць вывучаць усе тонкасці беларускай палеаграфіі — розныя почыркі, суцэльнае і раздзельнае напісанне, графіку літар, скарачэнне слоў, ўсячэнне або пропуск галосных, надрадковыя знакі, напісання саюзаў, ужывання раздзяляльных знакаў, абзацаў, загалоўных літар, літарных лічбаў і г. д. У іх можна знайсці, у прыватнасці, так званую «куханную» латынь, узаемаўплыў польскай мовы і латыні, гатычныя выразы іх абодвух. Класічная актавая кніга складалася з 12 сшыткаў па 4-6 папер. Акты пісаліся дубовымі чарніламі на шытай паперы розных адценняў, пераважна жоўта-шэрай. Перш чым трапіць на старонкі актовой кнігі, дакумент рэгістраваўся, часам перапісваўся. На апошнім лісце чыноўнікі падпісваліся ў заканчэнні актовай кнігі. У больш старых кнігах апошняе слова аднаго аркуша паўтаралася ў пачатку другога. Кожны дакумент меў таксама літарную нумарацыю. Нумарацыю жа аркушаў кнігі рабілі ўжо камісіі ў XIX стагоддзі. Усе кнігі або апраўленыя, або збрашураваныя. Актавыя кнігі заўсёды былі крыніцай навуковых даследаванняў. Пачынаючы з выдання «Архіва Паўднёва-Заходняй Расіі», калі была зроблена спроба сістэматызаваць актавыя матэрыялы па асобных тэмах, 6 тыс. кніг былі адкрыты для агульнага карыстання. Вадзяныя знакі актавых кніг — выдатны матэрыял для вывучэння месца вырабу, шляхоў распаўсюджвання і якасці паперы.
Серыя «Беларусь у актавых кнігах XVI−XVIII стст.» заснаваная ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў 1996 годзе як выданне, у якім планавалася друкаваць гістарычныя дакументы, а таксама архіўныя, археаграфічныя і інш. Толькі ў Нацыянальнай дзяржаўнай акадэмічнай бібліятэцы (НДАБ) захоўваецца больш за мільён рукапісных спраў, з якіх больш за 10 тысяч адносіцца да XVI−XVIII стст. Акрамя таго некаторая частка дакументаў гэтага часу захоўваецца ў НДАБ у Гродна. Шмат дакументаў знаходзіцца за межамі Беларусі. Першыя выпускі серыі прысвечаныя актавым кнігам Магілёўскага магістрата апошняй чвэрці XVI−пачатку XVII стст. Яны складаюцца з прадмовы, падрабязнага загалоўка да кожнага дакумента акіавай кнігі, асабовага і геаграфічнага паказальнікаў, а таксама тэрміналагічнага слоўніка.
Вывучэнне лацінскай палеаграфіі з пачатку XX стагоддзя было спынена, у першую чаргу, з-за палітычных прычын. Аднак, выйшла праца В. А. Дабіаш-Раждественскай, якая распавяла гісторыю лацінскай палеаграфіі і дала прыклады палеаграфічнага аналізу.