Валянціна Браніславаўна Караткевіч, па нараджэнні Ватковіч, у першым шлюбе Нікіціна () — беларуская археолаг, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1965). Жонка беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Біяграфія Валянціна з маці і братам Генадзем пераехалі ў 1946—1947 гадах у Радашковічы. Пайшла ў пяты клас мясцовай школы. Маці Валянціны спачатку працавала ў пракуратуры. У адным доме знаходзіліся рэстаран, пракуратура і аднапакаёвая кватэра Ватковічаў. Аднойчы ноччу ў рэстаране выбухнулі газавыя балоны, і ўвесь будынак згарэў. Пасля ім далі новую кватэру. Маці хутка стала загадчыцай клуба. У дзявятым і першай палове дзясятага класа беларускую мову і літаратуру ў школе выкладаў Фёдар Янкоўскі, будучы вядомы вучоны, мовазнаўца. Дзякуючы яму Валянціна і іншыя вучні добра падцягнулісяДзяніс Марціновіч. Валянціна. Раздзел з кнігі «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча».
Скончыла гістарычны факультэт БДУ у 1956 годзе. Працавала ў Ашмянскім краязнаўчым і Брэсцкім гісторыка-краязнаўчым музеях, Брэсцкім педагагічным інстытуце. У тыя гады яна ўзяла шлюб, неўзабаве развялася, але прозвішча Нікіціна захавала. Паступіла ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Археолаг Міхась Чарняўскі, які вучыўся там разам з Валянцінай, згадваў, што над сваім даследаваннем яна працавала ў Маскве:
Пасля знаёмства з Уладзімірам Караткевічам Валянціна вырашыла перабрацца ў Мінск. Спярша паспрабавала ўладкавацца ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, але туды яе не ўзялі. Тады Караткевіч парушыў свой прынцып «ні за каго не прасіць» і дапамог уладкаваць яе летам 1969 года ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі навук Беларусі. Валянціна абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Праз два гады гэты пакой разам з двухпакаёвай кватэрай Караткевіча па вуліцы Веры Харужай, 48 абмянялі на трохпакаёвую кватэру ў доме па вуліцы Карла Маркса, 36. Там Валянціна, Уладзімір і маці пісьменніка жылі да сваіх апошніх дзён.
Навуковая дзейнасць Даследавала старажытнасці паморскай культуры, займалася вывучэннем гісторыі гарадоў, краязнаўствам. Член рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—1988, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990). Як пісаў Адам Мальдзіс, тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна для падрыхтоўкі «Збора…», для таго, каб «ён ішоў „без купюр“, можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя».
Сям’я Паводле тэатразнаўца Ізабелы Гатоўчыц, якая грунтавалася на ўспамінах Валянціны, першая яе сустрэча з Уладзімірам Караткевічам адбылася ў цягніку Берлін — Масква, калі яны ехалі ў адным купэ да Брэста. Неўзабаве пасля знаёмства пісьменніка запрасілі на сустрэчу ў Брэст. 2 лістапада 1967 года Караткевіч выступіў на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, на якой прысутнічала і Валянціна.
Пасля яны разам паехалі на вяселле літаратуразнаўцаў Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай, што цэлы тыдзень праходзіла ў Ракаве на лістападаўскія святы (адзначалася 50-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі). Першая рэакцыя некаторых знаёмых была не надта тактоўнай. Некаторыя «максімалісты» сказалі Валянціне за сталом прама ў вочы: «Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара». Неўзабаве Валянціна Нікіціна вывучыла беларускую мову, прычым, паводле слоў А. Мальдзіса, стала размаўляць на ёй лепш за сваіх нядаўніх крытыкаў.
19 лютага 1971 года Валянціна і Уладзімір ажаніліся. Па ўспамінах ягоных сяброў, была яму «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам». Дзяцей у пары не было. Пісьменнік цяжка перажываў хваробу жонкі. 8 ліпеня 1982 года, калі стан здароўя Валянціны Браніславаўны пагоршыўся і яе забралі ў шпіталь, Караткевіч напісаў верш «Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць…».
Творы Памятники истории Витебска. Мн. 1975; Памятники истории и культуры. Мн. 1978; Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (сумесна з А. Кулагіным)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Археолагі Беларусі