«З уго́дкавых настро́яў» — паэма Янкі Купалы, завершаная ў Менску 29 кастрычніка 1927 года і ўпершыню надрукаваная 7 лістапада 1927 года ў газетах «Звязда» і «Савецкая Беларусь». Мае падзагаловак «Да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі». Аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Апісанне Твор лірыка-публіцыстычны, па структуры ўяўляе сабой цыкл з 6 частак-вершаў на тэму рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Адзінства тэмы, храналагічнае апісанне падзей, якія ўтвараюць своеасаблівы сюжэтны стрыжань твору, даюць падставу разглядаць яго як паэму. Шмат якімі рысамі родніцца з паэмай «Безназоўнае»: паэмы аб’ядноўвае характар паэтычнага мыслення і імкненне аўтара намаляваць пераважна лірычнымі сродкамі панарамную карціну маштабных сацыяльных пераўтварэнняў.

Твор прасякнуты патасам услаўлення рэвалюцыі. Яму ўласцівая ўрачыста-ўзнёслая танальнасць, святочная настроенасць. Паэт шырока выкарыстоўвае народна-песенныя матывы, абагульненыя фальклорныя вобразы. У творы дамінуе фальклорная стыхія, сустракаюцца вобразы і матывы дарэвалюцыйных вершаў паэта. Павышаная экспрэсіўнасць аповяду выяўляецца ў шырокім выкарыстанні фальклорных параўнанняў, эпітэтаў, розных стылістычных фігур, паўтораў. Кожная частка твора мае адметны рытмічны малюнак.

Паэма стала адным з першых твораў Купалы, якія сведчылі аб трагічным спыненні творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасці ствараць свабодна. Ул. Арлоў залічыў паэму да шэрагу «дзяжурных, пазначаных штучным патасам вершаванак».

Пераклады На рускую мову паэму пераклалі М. Ісакоўскі і У. Раждзественскі.

Літаратура Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «З угодкавых настрояў» / Аўтар — М. Лазарук. — С. 232.

Спасылкі

Катэгорыя:Паэмы Янкі Купалы Катэгорыя:Творы 1927 года