«Песня будаўніцтву» — верш Янкі Купалы, напісаны 22 лістапада 1931 года. Упершыню надрукаваны ў газеце «Звязда» 25 лістапада 1931 года. Верш даў назву зборніку вершаў Я. Купалы, які быў выдадзены ў 1936 годзе.

Апісанне «Прыйдзе новы — а мудры — гісторык, А ён прыйдзе — ужо ён ідзе — І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак І да зорак аб нашых прасторах, Аб падзеях, людзях павядзе…» Я. Купала «Песня будаўніцтву» Янка Купала ў 1930-я гады падвяргаўся моцнаму ціску з боку партыйных і дзяржаўных органаў з прычыны неадпаведнасці вершаў духу новай эпохі. У адказ на ціск ён вымушаны пісаць творы ў духу сацыялістычнага рэалізму. Верш «Песня будаўніцтву» з іх ліку. Разам з тым, калі абстрагавацца ад рэвалюцыйнай лексікі, якая выкарыстана ў творы («варожыя класы», «бальшавіцкая праўда», «цвёрдая рука пралетараў»), верш набывае больш глыбокае гучанне. У вершы аўтар выказвае спадзяванне на праўдзівае, аб’ектыўнае асэнсаванне мінуўшчыны і сучасных для Янкі Купалы падзей.

Ладу высокага прамаўлення верша адпавядае строга вытрыманы вершаваны памер (анапест), строфіка (пяцірадкоўі з аднатыпнай рыфмоўкай «абааб») і ўся кампазіцыя твору, акаймаванага страфічным кальцом. Публіцыстычная прыўзнятасць вершу ствараецца слоўнай экспрэсіяй і ўстойлівай шматразовай градацыяй. Уласцівыя твору сінтаксічныя паўторы, гукавыя збліжэнні, унутраная кантраснасць, пераносы ствараюць эмацыянальна-паэтычную атмасферу для выказавання думкі аб шчаслівым лёсе разняволенага народа і вялізарным уздыме Радзімы на новым гістарычным этапе. Твор успрымаецца як своеасаблівы лірычны эпас пройдзенага, перажытага і дасягнутага народам.

Пераклады і мастацкія ўвасабленні На англійскую мову верш пераклаў Уолтэр Мэй, на армянскую — Г. Камуні, на карэйскую, на літоўскую — А. Венцлава, на малдаўскую — П. Дарые, на рускую — С. Абрадовіч, С. Батвіннік, А. Карчагін, А. Чывіліхін, на румынскую — С. Дэлчу, на таджыкскую — М. Фархат, на туркменскую — А. Ніязаў, на ўкраінскую — М. Бажан, на чувашскую — А. Алга.

На музыку верш паклаў Сяргей Картэс (араторыя-паэма «Памяці паэта»).

Літаратура Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Песня будаўніцтву (верш)» / Аўтар — В. Бечык. — C. 479.

Спасылкі

Верш у выкананні аўтара на сайце AdVerbum.org

Катэгорыя:Вершы Янкі Купалы Катэгорыя:Творы 1931 года