Барысаўскі галодны бунт — антысавецкая акцыя пратэсту ў Барысаве, выкліканая голадам, якая адбылася 3 траўня 1933 года. У акцыі ўдзельнічала болей за 2 тысячы чалавекКрыж памяці, меч лёсу.

Перадумовы Пад канец красавіка 1933 года ў Барысаве была атрыманая непасрэдна з Масквы, мінаючы сталічны Менск, дырэктыва аб зніжэнні харчовых нормаў. Паводле яе: партыйныя дзеячы, працаўнікі цяжкай працы мусілі атрымаць па 500 г хлеба на дзень; працаўнікі менш цяжкай працы мусілі атрымаць па 300 г хлеба на дзень; працаўнікі на лёгкай рабоце мусілі атрымаць па 150 г хлеба на дзень; службоўцы мусілі атрымаць па 100 г хлеба на дзень; дарослым утрыманцам і дзецям у хлебе было зусім адмоўлена.

Аднак партыйныя дзеячы, нягледзячы на абмежаванні, спажывалі, колькі самі жадалі.

Бунт

Пачатак бунту 3 траўня 1933 года галодныя жанчыны і дзеці выйшлі раніцай на вуліцы Барысава і накіраваліся да дзяржаўных установаў з патрабаваннем хлеба. Па дарозе яны ўбачылі падводы з хлебам, які перавозілі з тутэйшых складоў на чыгуначную станцыю для вывазу. Абураны галодны натоўп затрымаў гэтыя падводы і разабраў той хлеб, што ляжаў на іх. Аднак яго было замала, каб накарміць усіх галодных. Тады а 2-3 гадзіне апоўдні натоўпы, што па-ранейшаму складаліся пераважна з жанчынаў і дзяцей, пачалі разбураць харчовыя крамы, пранікаючы туды спачатку праз павыбіваныя вокны, а потым выламваючы і дзверы. Тутэйшы конны атрад НКУС БССР і міліцыі пачаў разганяць людзей, топчучы жанчын і дзяцей коньмі, аднак быў не ў стане разагнаць натоўп. Нкусаўцы і міліцыянты яшчэ не паспелі прымяніць зброю, аднак ужо пакалечылі галодных конскімі капытамі.

Адзін з двух міліцыянтаў, што стрымлівалі націск галодных на харчовую краму, нечакана падняў руку, каб звярнуць на сябе агульную ўвагу, і закрычаў:Жанчыны! Маткі! Жонкі! Сёстры! Навошта вы гэтак мардуецеся і без усялякае карысці калечыце сябе і дзяцей? Ідзіце да сваіх хатаў, ідзіце да фабрыкаў і цягніце сюды сваіх мужоў, сыноў ды братоў. Няхай яны абароняць вас. Тады хутчэй будзе толк.Два нкусаўцы, што стаялі паблізу, пачуўшы гэты зварот аднаго з міліцыянтаў да народу, пачалі страляць у іх з крыкам «Рукі ўгору!». У адказ міліцыянты двойчы стрэлілі ў нкусаўцаў, а потым кінуліся ўцякаць, але іх хутка спаймалі.

Забастоўка на «Бярэзіне» Пасля закліку міліцыянта працаўнікі самай вялікай у Барысаве запалкавай фабрыкі «Бярэзіна» нечакана спынілі працу і патрабавалі ад адміністрацыі павелічэньня хлебных нормаў. Гэты выступ спрабаваў супакоіць тутэйшы сакратар фабрычнай партыйнай арганізацыі сваёй прамовай, у якой ён спрабаваў адказаць на патрабаванні працаўнікоў:Таварышы! 3 кім змагаецеся? Самі з сабою? Са сваёй работніцка-сялянскай уладай? 3 гістарычнымі дасягненнямі Вялікае Кастрычніцкае сацыялістычнае рэвалюцыі? Вярніцеся назад! Вярніцеся да сваіх асірацелых машынаў, на якіх вы куяце сусветную пралятарскую рэвалюцыю. Калі раней мы недаядалі на радасьць буржуям, дык цяпер мы галадуем на страх ім. Кажнае зернятка хлеба ёсць удар па капіталістычных акулах.Аднак яшчэ падчас свае прамовы партарг пачуў з натоўпу забастоўцаў такія рэплікі, як «Цецярук!», «Болбат!», «Талалай!», і асабліва не прыймаўся імі, хаця браў для сябе на вока ўсіх тых, хто кідаў гэтыя заўвагі ў ягоны адрас. Абураныя работнікі схапілі яго і пацягнулі «тапіць» на Бярэзіну.

Камуністы, сюды! — крыкнуў партарг і адразу ж пераканаўся, што бальшыня падуладных яму камуністаў адсутнічае. Яны, ратуючы сябе, разбегліся яшчэ на пачатку забастоўкі хто куды. А частка іх разам з беспартыйнымі пайшла «тапіць» свайго партарга. Дайшоўшы да ракі, працаўнікі ўзялі партарга за рукі і за ногі, раскачалі і кінулі ў ваду. Пэўна, ніхто сур’ёзна не хацеў пазбаўляць яго жыцця, бо калі ён паплыў, дык ніхто не кідаў услед каменне, а калі ён паблізу вылез на бераг, дык ніхто не памкнуўся яго пераймаць. Магчыма, нікчэмны выгляд перапалоханага партыйца цалкам задавольніў работнікаў.

Агульны бунт Жанчыны, да якіх далучыліся і мужчыны, павярнулі ад крамаў да савецкіх і партыйных установаў і да будынка НКУС БССР. Сакратар Барысаўскага райкама КП(б)Б звярнуўся да галодных людзей з ушчувальнай прамовай, якая нагадвала прамову партарга з фабрыкі «Бярэзіна». Аднак калі партарга толькі напалохалі, дык сакратар быў збіты на горкі яблык. Убачыўшы гэта, усе астатнія партыйныя і савецкія службоўцы пахаваліся хто куды. Толькі нкусаўцы з вінтоўкамі ў руках густым частаколам акружылі будынак НКУС.

На патрабаванні галодных вызваліць двух арыштаваных міліцыянтаў, што знаходзіліся ў гэтым будынку, ім адказалі адмовай. Людзі хваляваліся. Тады нкусаўцы стрэлілі некалькі разоў угору. Натоўп не толькі не разышоўся, аднак наадварот, з кожнай хвілінай павялічваўся, пагражаючы зламаць ахову і ўварвацца ў будынак. Хісткае становішча апошняе савецкае цытадэлі ў Барысаве выратаваў начальнік НКУС. Ён выйшаў на балкон з нейкай паперкай у руцэ і сказаў, што кагадзе атрымаў тэлеграму з Масквы, якая дазваляе захаваць старыя харчовыя нормы. Задаволены натоўп пачаў паступова меншаць. Шмат хто з галодных цешыўся са свае перамогі.

Пакаранне Уначы барысаўскія нкусаўцы разам з прыбылым вялікім атрадам менскіх нкусаўцаў арыштавалі 1400 барысаўцаў. У горадзе не было аб’яўленае ваеннае становішча, аднак на другі дзень па ўсіх вуліцах і завулках паходжвалі ўзброеныя патрулі, якія забаранялі жыхарам збірацца разам па двое-трое і больш чалавек. Фабрыка «Бярэзіна» ў сувязі з арыштам работнікаў часова спыніла працу. Праз некалькі дзён прыехала надзвычайная сесія Рэвалюцыйнага трыбунала БССР і пачала судзіць арыштаваных. Гэты трыбунал не прызнаваў складанай юрыдычнай працэдуры. Праз два дні 1200 чалавек былі сасланыя на тэрмін ад 8 да 10 гадоў у аддаленыя канцэнтрацыйныя лагеры без права ліставання, 200 барысаўцаў былі расстраляныя, бальшыня з якіх складалася з жанчын, юнакоў ды юначак.

Вынікі Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, не атрымалі абяцаных начальнікам НКУС ранейшых харчовых нормаў. Штодзень і штоноч рабіліся павальныя ператрусы ў пошуках разабранага хлеба, і тыя, у каго ён знайшоўся, адразу ж арыштоўваліся. Адначасна сябры Саўнаркама СССР вырашылі, што паколькі барысаўцы «самазабяспечыліся» з дзяржаўных складоў і крамаў, трэба пазбавіць іх харчовага забеспячэння на неакрэслены час. Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, не атрымалі нават і зніжанай харчовай нормы.

Ушанаванне памяці Да 74-х угодкаў як паведаміла «Свабодзе» праваабаронца Марына Статкевіч, увечары 3 траўня на «Батарэях» сабраліся тутэйшыя актывісты дэмакратычнага руху, якія правялі талаку па ўборцы месца масавага знішчэння мірных барысаўчанаў. Ушанаваць памяць ахвяр палітычных рэпрэсіяў прыязджалі у Барысаў і грамадскія дзеячы з Мінска, сярод якіх пісьменнік Васіль Якавенка, гісторык Ігар Кузняцоў, палітык Вячаслаў Сіўчык, лідар прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.У Барысаве згадвалі галодны бунт 1933-га Да 75-х угодкаў у Барысаве была зладжаная міжнародная канферэнцыя, прысвечаная сталінскім рэпрэсіям ды галадамору ў Беларусі.Міжнародная канферэнцыя: 1929—1934: сталінская «рэвалюцыя зверху» ці вынішчэнне сялянства і галадамор

Цікавінкі Паводле гісторыка і краязнаўца Аляксандра Балябіна, ніякага бунту ў 1933 годзе не было, хаця ён прызнаў гэткі бунт у 1932 годзе.Галоднага бунту ў Барысаве ў 1933 годзе не было

Гл. таксама Барысаўскі галодны бунт (1932)

Крыніцы

Спасылкі Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Катэгорыя:Акцыі пратэсту ў Беларусі Катэгорыя:Май 1933 года Катэгорыя:1933 год у Беларусі Катэгорыя:Падзеі ў Барысаве Катэгорыя:Антысавецкія паўстанні Катэгорыя:Беларускі антысавецкі супраціў Катэгорыя:Падзеі 3 мая