Канстанці́н Міха́йлавіч Галко́ўскі (; , Вільня — , Вільня) — беларускі і літоўскі кампазітар, дырыжор і музычны педагог. Народны артыст Літоўскай ССР (1955).
Біяграфія
Паходжанне і адукацыя
Нарадзіўся года ў Вільні (у беларускіх даведніках часта памылкова пазначаецца 16 чэрвеня 1875 года, а ў літоўскіх крыніцах — 4 чэрвеня 1875 года). Ахрышчаны 7 (19) ліпеня таго ж года ў віленскай Мікалаеўскай царкве.
Паводле паходжання быў беларусам. Яго бацька, віленскі купец 2-й гільдыі праваслаўнага веравызнання Міхаіл Захар’евіч Галкоўскі, паходзіў з Магілёўшчыны і валодаў рэстаранам «Палерма» на Вялікай вуліцы ў Вільні (імаверна, дзедам кампазітара па бацькоўскай лініі быў праваслаўны святар Захарый Аляксандравіч ГалкоўскіПраваслаўны святар Захарый Аляксандравіч Галкоўскі, які ў 1860-х гадах служыў у Рагачоўскім павеце. Гл.: Памятная книжка Могилевской губернии на 1865 год. — С. 233.). Маці кампазітара — Карнэлія (поўнае імя ў каталіцкай метрыцы — Ружа Карнэлія) Антонаўна, паходзіла з Міншчыны са шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў. Яна нарадзілася 13 жніўня 1840 года і была ахрышчана ў віленскім касцёле Святога Яна. Дзядулем і бабуляй кампазітара па матчынай лініі былі шляхціч Антоні Рафалавіч Ёдка (нар. каля 1807) і Разалія з Зарноўскіх, якія павянчаліся ў тым жа касцёле ў 1835 годзе. Хроснымі бацькамі Канстанціна Галкоўскага былі капітан 106-га Уфімскага пяхотнага палка Сяргей Юшкоў і родная сястра маці — віленская дваранка Стэфанія Антонаўна Ёдка.
Канстанцін рос у музычным асяроддзі: маці і дзве сястры ігралі на фартэпіяна і спявалі, адзін дзядзька (брат маці) быў харавым дырыжорам, а другі — кіраўніком аркестра.
Наведваў Першую Віленскую мужчынскую гімназію, якая дзейнічала ў будынках Віленскага ўніверсітэта, дзе браў урокі царкоўных спеваў і спяваў у хоры. У 1889 годзе паступіў у прыватную музычную школу М. Трэскіна на вуліцы Скопаўскай, аднак праз недахоп сродкаў быў вымушаны перапыніць навучанне і ўладкавацца на працу ў чыгуначнае ведамства. Там ён пачаў кіраваць хорам і аркестрам чыгуначнікаў, першы канцэрт якіх адбыўся ў 1899 годзе ў клубе Палескай чыгункі ў Вільні.
У 1902—1908 гадах навучаўся ў Пецярбургскай кансерваторыі па класе кампазіцыі і опернай аркестроўкі. Яго настаўнікамі былі выдатныя расійскія кампазітары М. А. Рымскі-Корсакаў, А. К. Глазуноў і А. К. Лядаў. Дыпломнай працай Канстанціна Галкоўскага стала трохактовая опера «Цыганы» паводле аднайменнай паэмы А. С. Пушкіна. За гэты твор педагагічная рада кансерваторыі з адзнакай прысудзіла яму залаты медаль — гэта быў першы падобны выпадак за 50 гадоў існавання ўстановы. Партытуры твораў Галкоўскага былі выдадзены асобнай кнігай яшчэ ў часы яго студэнцтва, што таксама сталася беспрэцэдэнтнай падзеяй. З нагоды заканчэння кансерваторыі настаўнікі падарылі яму свае фотаздымкі з аўтографамі. Віленскі перыяд (1908—1918)
Скончыўшы навучанне, Галкоўскі адмовіўся ад прапанаваных высокіх пасад у Расіі і ў 1908 годзе вярнуўся ў родны горад. У тым жа годзе ў гарадской зале (цяпер — Нацыянальная філармонія Літвы) ён прадставіў віленскай публіцы сваю оперу «Цыганы», у якой адну з галоўных роляў выканаў тады яшчэ малады студэнт, будучы вядомы спявак Кіпрас Пятраўскас.
У 1909 годзе Галкоўскі разам з Людамірам Рагоўскім і Адамам Выляжынскім арганізаваў першы Віленскі сімфанічны аркестр, з якім часта выступаў у Батанічным (Бернардынскім) садзе і на іншых гарадскіх пляцоўках. Кампазітар першым у Літве пачаў ладзіць канцэрты з папярэднімі лекцыямі і тлумачэннямі. З 1908 па 1915 год ён выкладаў у музычнай школе Віленскага аддзялення Імператарскага рускага музычнага таварыства. Адным з яго вучняў быў будучы скрыпач-віртуоз Яша Хейфец. У 1914 годзе супрацоўнічаў з выданнем Віленскага мастацкага таварыства «Meno diena». У гады Першай сусветнай вайны (1915—1918), калі персанал музычнай школы эвакуяваўся ў Маскву, Галкоўскі застаўся ў акупаванай Вільні і працягваў працу. Яшчэ да вайны ў ваколіцах Біржаў разам з літоўскім паэтам С. Дагілісам ён пачаў запісваць мясцовы песенны фальклор.
Міжваеннае дзесяцігоддзе
Пасля закрыцця музычнай школы ў 1918 годзе Канстанцін Галкоўскі ў сваёй кватэры адкрыў прыватную музычную школу, якая эпізадычна дзейнічала да 1922 года. З 1918 па 1959 год ён жыў у доме нумар 20 па вуліцы Завальнай. Кватэра была халоднай, вільготнай і не мела зручнасцей. Каб зарабіць на жыццё, у 1920-я гады ён працаваў тапёрам у віленскіх кінатэатрах, агучваючы нямыя фільмы. У 1928 годзе працаваў арганістам у суседняй рэфармацкай царкве. У 1919 годзе ён заснаваў у Вільні дзяржаўны сімфанічны аркестр і дырыжыраваў ім.
У перыяд знаходжання Вільні ў складзе Польскай Рэспублікі Галкоўскі зрабіў велізарны ўнёсак у музычную асвету, актыўна супрацоўнічаючы з рознымі нацыянальнымі супольнасцямі горада. Ён выкладаў музыку і ствараў хары ў літоўскай гімназіі імя Вітаўта Вялікага, з 1924 па 1933 год кіраваў хорам у расійскай гімназіі імя А. Пушкіна, працаваў у Яўрэйскім музычным інстытуце, для супольнасці старавераў стварыў гімн. Нягледзячы на тое, што кампазітар дрэнна валодаў літоўскай мовай, ён чытаў на ёй публічныя лекцыі ў гімназіі, папярэдне просячы перакласці тэкст і расставіць націскі. Публікаваў артыкулы па папулярызацыі музыкі ў літоўскім друку, а таксама пісаў вершы, пераклады якіх друкаваліся ў выданні «Vilniaus aidas». Літоўскі публіцыст Раполас Мацконіс адзначаў наступнае:
Сувязь з беларускім рухам
Нягледзячы на беларускае паходжанне, напачатку свайго творчага шляху кампазітар быў далёкі ад нацыянальнага фальклору. Як адзначаў даследчык Арсень Ліс:
Найбольш плённым стала супрацоўніцтва Канстанціна Галкоўскага з беларускім нацыянальна-культурным рухам у міжваенны перыяд. Выбітныя дзеячы беларускага адраджэння Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік у сваёй манаграфіі далі яму наступную ацэнку:
З 1936 па 1938 год Галкоўскі быў нязменным акампаніятарам выдатнага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Спявак выконваў многія творы кампазітара, у тым ліку рамансы на вершы Змітрака Бядулі («Ці грэх цябе любіць») і народныя песні («Абнімі ты мяне»). Паводле ўспамінаў сучаснікаў, кампазітар быў невысокага росту, абсалютна лысы, з прывабнымі рысамі твару, а ягоны тэмперамент асабліва ярка праяўляўся падчас выканання вясёлай музыкі. Апошні сумесны канцэрт Галкоўскага і Забэйды-Суміцкага адбыўся ўвесну 1944 года ў тэатры на Вялікай Пагулянцы з нагоды 25-годдзя Віленскай беларускай гімназіі.Канстанцін Галкоўскі шчыльна супрацоўнічаў з хорам пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. 15 сакавіка 1936 года падчас вечарыны беларускай паэзіі ў Віленскім універсітэце ўпершыню прагучалі тры песні Галкоўскага на вершы заходнебеларускіх паэтаў: «Марш маладых» (на словы Міхася Машары), «То не пчолка звініць у гаёчку» (на словы Міхася Васілька) і «Касец» (на словы Максіма Танка). Часопіс «Летапіс Таварыства беларускае школы» ў 1936 годзе адзначаў наступнае:
13 снежня 1936 года на Дні беларускай культуры хор Шырмы выканаў кантату Галкоўскага на словы М. Танка, песні «А мне трудненька», «Па саду хаджу», а таксама маштабную харавую сюіту «Каханне», якая складалася з дзесяці народных песень. Часопіс «Калоссе» ў 1937 годзе пісаў наступнае:
У 1937 годзе часопіс «Беларускі летапіс» паведамляў пра поспехі кампазітара ў вывучэнні беларускай спадчыны:
Агулам Галкоўскі напісаў для беларусаў больш за 100 твораў. Галоўным яго дасягненнем у галіне беларускай музыкі магла б стаць опера «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Аднак, калі пасля вайны ён даслаў партытуру ў Саюз кампазітараў БССР, твор быў адхілены савецкай цэнзурай з патрабаваннем пісаць пра перамогу і подзвігі партызан, у выніку чаго опера так і засталася непастаўленай.
Вайна і пасляваенны час
У 1941—1944 гадах Канстанцін Галкоўскі выкладаў гісторыю музыкі ў Віленскай беларускай гімназіі. Пасля вайны ён пазбег сталінскіх рэпрэсій і застаўся ў Вільні. З 1940 года выкладаў у Віленскай дзяржаўнай музычнай школе, у 1945—1949 гадах — у Віленскай кансерваторыі, а з 1949 па 1963 год — у Дзяржаўнай кансерваторыі Літоўскай ССР (цяпер Літоўская акадэмія музыкі і тэатра). У 1947 годзе атрымаў званне прафесара. Чытаў курсы па гісторыі і тэорыі музыкі, чытанні партытур і вёў клас фартэпіяна.
У 1960 годзе кампазітар пераехаў у новую кватэру на вуліцы Кароліса Пажэлы (цяпер вуліца А. Гоштаўта), дзе пражыў да самай смерці. Нягледзячы на адарванасць ад БССР, Галкоўскі падтрымліваў цёплыя стасункі з беларускай інтэлігенцыяй. З ім сябравалі Максім Танк і Рыгор Шырма, ён ліставаўся з Якубам Коласам, П. К. Панамарэнкам і С. Нісневіч. У 1959 годзе ў яго гасцяваў беларускі пісьменнік і перакладчык Алесь Траяноўскі.
Памёр 20 лютага 1963 года. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.
Творчасць
Канстанцін Галкоўскі працаваў у самых розных музычных жанрах, пакінуўшы пасля сябе багатую спадчыну з опер, балетаў, сімфанічнай музыкі і шматлікіх вакальных твораў. Сярод яго буйных тэатральных і сцэнічных прац вылучаюцца оперы «Цыганы» (напісаная ў 1908 годзе як дыпломная праца), «Мізэрэрэ» (1909), а таксама непастаўленая з-за савецкай цэнзуры опера «Сымон-музыка» паводле паэмы Якуба Коласа. У жанры музычнай камедыі кампазітар стварыў папулярныя ў свой час творы «Ласка Амура» (1925) і «Алімпіяда» (1926). Апроч гэтага, Галкоўскі з'яўляецца аўтарам балета «Прывід маці» (1930) і цэлага шэрагу дзіцячых балетаў, такіх як «Чатыры пары года», «Чароўны сон», «Каралеўства лялек», а таксама аперэты-балета «Шчаслівы каралевіч».У галіне сімфанічнай музыкі значным творам кампазітара стала сімфонія «Масква», напісаная ў 1948 годзе. Значную ўвагу ён надаваў харавой і вакальнай музыцы: стварыў маштабныя харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя была напісана для хору з сімфанічным аркестрам), урачыстыя кантаты ў гонар Ёнаса Басанавічуса і Мікалоюса Чурлёніса, а таксама жалобны марш памяці літоўскіх лётчыкаў Сцяпонаса Даруса і Стасіса Гірэнаса.
Асаблівае месца ў музычнай спадчыне Галкоўскага займаюць шматлікія рамансы, песні і хары, якія былі шчыльна звязаны з беларускім фальклорам і напісаны на вершы выдатных беларускіх паэтаў: Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Змітрака Бядулі, Канстанцыі Буйло і многіх іншых. Яго апрацоўкі і арыгінальныя харавыя творы былі высока ацэнены сучаснікамі і трывала ўвайшлі ў пастаянны рэпертуар Дзяржаўнай харавой капэлы БССР (цяпер — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы). У дадатак да беларускай музыкі, кампазітар гарманізаваў літоўскія, расійскія, польскія і яўрэйскія народныя песні. У пасляваенны час былі асобна выдадзены яго інструментальныя зборнікі «П'есы для фартэпіяна» (Вільнюс, 1965) і «Творы для фартэпіяна» (Вільнюс, 1976).
Узнагароды і званні Заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР (1945) Народны артыст Літоўскай ССР (1955)
Ушанаванне памяці На Антокальскіх могілках у 1965 годзе быў усталяваны надмагільны помнік. У 1967 годзе на доме па вуліцы Pylimo 20 з'явілася мемарыяльная дошка. Ні на помніку, ні на дошцы не згадваецца беларускае паходжанне кампазітара або яго ўнёсак у беларускую культуру (надпісы зроблены выключна на літоўскай і рускай мовах). Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч заявіў наступнае:
У Вільні на сцяне дома па Завальнай вуліцы (), дзе кампазітар пражываў у 1918—1959 гадах, была ўсталявана мармуровая мемарыяльная дошка з надпісам на літоўскай і рускай мовах:
6 чэрвеня 2025 года ў Евангелісцкай рэфармацкай царкве ў Вільні з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння кампазітара адбыўся вечар памяці, арганізаваны літоўска-беларускімі супольнасцямі. Падчас імпрэзы гучалі творы Галкоўскага ў выкананні беларускіх і літоўскіх артыстаў.
У верасні 2025 года Камісія па гістарычнай памяці пры самакіраванні Вільні ў межах праграмы па выдаленні рускай мовы з гарадской прасторы прыняла рашэнне замяніць арыгінальную двухмоўную шыльду на новы варыянт, выкананы цалкам на літоўскай мове.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Музычныя педагогі Літвы Катэгорыя:Музычныя педагогі СССР Катэгорыя:Кампазітары Літвы Катэгорыя:Кампазітары СССР Катэгорыя:Кампазітары Беларусі