«Дзяўчы́на з жамчу́жнай завушні́цай» або «Дзяўчо́ з пе́рлавай завушні́цай» () — мастацкі фільм 2003 года рэжысёра Пітэра Уэбера. У аснову кінакарціны быў пакладзены аднайменны раман 1999 года амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье, адаптацыяй рамана займалася сцэнарыстка . Галоўныя ролі ў фільме выканалі Колін Фёрт і Скарлет Ёхансан.

Падзеі фільма адбываюцца ў 1665 годзе ў горадзе Дэлфт (Галандыя). У дом мастака Яна Вермера прыходзіць працаваць новая пакаёўка — юная прыгажуня Грыт, сям’я якой апынулася на мяжы банкруцтва. Шматдзетная сям’я паспяховага мастака, наадварот, належыць да вельмі забяспечаных, аднак апошнім часам яе дабрабыт залежыць ад прыхамацяў багатага патрона, арыстакрата Пітэра Ван Рэйвена, які ўсё больш неахвотна замаўляе ў Вермера карціны. З’яўленне пакаёўкі прыносіць у жыццё сям’і новыя клопаты, але дае мастаку новую крыніцу натхнення .

Прэм’ера фільма адбылася 31 жніўня 2003 года на кінафестывалі ў . У шырокі пракат карціна выйшла 12 снежня 2003 года ў ЗША, а затым 16 студзеня 2004 года ў Вялікабрытаніі. Пры бюджэце ў 10 мільёнаў фунтаў фільм сабраў у сусветным пракаце 33 мільёны долараў .

Карціна атрымала пераважна станоўчыя водгукі рэцэнзентаў, якія ўсхвалялі візуальнае рашэнне фільма, а таксама ігру акцёраў, тым не менш падвяргаючы крытыцы некаторыя элементы сюжэту. Карціна была адзначана 17 кінапрэміямі, а таксама шматлікімі намінацыямі, у тым ліку 10 намінацыямі на прэмію «BAFTA», 3 намінацыямі на «Оскар» і 2 намінацыямі на «Залаты глобус» .

Сюжэт Дэлфт, 1665 год. Маладая сарамлівая дзяўчына Грыт (Скарлет Ёхансан) вымушана пайсці працаваць служанкай у дом вядомага мастака Іаганеса Вермера (Колін Фёрт). Бацька дзяўчыны, па прафесіі майстар-кераміст, нядаўна аслеп і, стаўшы непрацаздольным, пакінуў сям’ю ў цяжкім фінансавым становішчы. Цяпер Грыт належыць падтрымаць сям’ю. Выпраўляючы дачку ў дарогу, маці асцерагае яе ад удзелу ў каталіцкіх малітвах, а бацька дае ёй на памяць сваю ўлюбёную, распісаную ім керамічную плітку. Па дарозе ў свой новы дом Грыт на імгненне спыняецца на цэнтральнай плошчы і затым накіроўваецца ў раён «папістаў».

У новым доме Грыт становіцца памочніцай служанкі Танэке (Джаана Скэнлан). На дзяўчыну кладзецца шмат працы па гаспадарцы: мыць бялізну і адзенне, прыбіраць памяшканні, гатаваць ежу і выконваць шматлікія іншыя даручэнні. Грыт таксама даручаюць прыбіранне ў майстэрні гаспадара дому. Гэта незвычайная праца: дзяўчыне трэба вымыць памяшканне, выцерці ўвесь пыл, не зварухнуўшы пры тым ніводнай рэчы. Праца ў майстэрні становіцца своеасаблівай аддушынай у шэрай будзённасці Грыт, яе прываблівае таямнічы свет мастацтва, часам яна прыпыняе працу і заглядваецца на карціны, што піша мастак.

Калі гаспадыня (Эсі Дэвіс) не ў настроі, то Грыт даводзіцца хадзіць за яе на рынак. Там яна знаёміцца з сынам мясніка Пітэрам (Кіліян Мёрфі), які адразу звяртае ўвагу на сімпатычную служанку. Тым часам фінансавы стан Вермераў пакідае жадаць лепшага. Гаспадар падоўгу піша свае палотны, і, бывае, праходзіць шмат месяцаў, пакуль ён не вырашае, што карціна гатова. Танэке расказвае Грыт, што аднойчы з грашыма было зусім дрэнна і гаспадару давялося прадаць частку ўпрыгажэнняў сваёй жонкі. Быў вялікі скандал, і гаспадыня зрабіла замах на адну з карцін свайго мужа. З тых часоў ёй забаронена ўваходзіць у яго студыю.

У сямействе Вермераў папаўненне — Катарына нараджае сына Францыска. З гэтай нагоды плануецца вялікае святкаванне, на якім таксама будзе прадстаўлена і новая карціна мастака. Грыт пасылаюць з запрашэннем да (Том Уілкінсан), дабрадзея і пастаяннага пакупніка Вермераў. На святкаванні Ван Рэйвену дэманструюць замоўленую ім карціну, і ён застаецца задаволены працай мастака. Марыя Цінс (Джудзі Парфіт), цешча Іаганеса, якая кіруе фінансамі сям’і, спрабуе падахвоціць патрона на замову новай карціны. Той цікавіцца, ці знайшоў Вермер новую крыніцу для натхнення — аднак мастак адказвае, што яшчэ не. Праз нейкі час Вермер застае Грыт за тым, як яна мые вокны ў яго студыі. Неўзабаве ён пачынае працу над новай карцінай.

Між Вермерам і Грыт усталёўваюцца больш блізкія адносіны. Калі ў яго майстэрню дастаўляюць камеру-абскуру, ён прапануе дзяўчыне зірнуць і спрабуе патлумачыць прынцып дзеяння гэтага прыстасавання. Іншым разам ён заўважае, што Грыт глядзіць на яго незавершаную працу і не разумее, чаму ўсё не тых колераў. Ён просіць дзяўчыну сказаць, якога колеру аблокі за акном. Яна адказвае, што яны белыя, але тут жа выпраўляецца, падмячаючы жоўтыя, сінія і шэрыя адценні. Мастаку падабаецца прыадкрываць таямніцы мастацтва дзяўчыне, якая праяўляе столькі інтарэсу да яго працы і схоплівае ўсё з такой кемлівасцю. Тым не менш, Грыт не карыстаецца асаблівай прыхільнасцю сярод іншых дамачадцаў, а жонка мастака Катарына і яе дачка Карнэлія (Алакіна Ман) нярэдка выказваюць ёй адкрытую непрыязнасць. Апошняя толькі і шукае магчымасці, як нашкодзіць служанцы. Аднойчы яна вымазвае брудам развешаную для сушкі бялізну, а, атрымаўшы аплявуху, забіраецца ў каморку Грыт і разбівае размаляваную плітку, падарунак бацькі.

Мастак паказвае Грыт, як і з чаго робяць фарбы, і прапануе дапамагаць яму ў іх прыгатаванні. Дзяўчына адмаўляецца, бо ў яе няма на гэта часу, але мастак настойвае — яна мусіць знайсці час. Аднаго разу Танэке скардзіцца гаспадыні, што ёй цяжка высыпацца побач з маленькім Францыскам і яго карміцелькай, гаспадыня ж не бачыць, чым можа дапамагчы. Раптам у размову ўступае яе муж і прапануе пасяліць Танэке ў падвале, а Грыт паслаць у мансардзе бліжэй да студыі. Цяпер Грыт устае раней і перад сваім працоўным днём тайком ад гаспадыні займаецца прыгатаваннем фарбаў. Дзяўчыне не дае спакою пачуццё, што на новай карціне гаспадара нешта не так, і яна вырашае ўмяшацца. Сабраўшыся з духам, яна прыбірае з пастаноўкі крэсла. Калі яна ў наступны раз прыходзіць у студыю, крэсла не аказваецца і на карціне.

У гаспадыні знікае чарапахавы грэбень, і яна адразу накідваецца з абвінавачваннямі на Грыт. Дзяўчына моліць паверыць, што гэта не яна, і гаспадар вырашае дапамагчы. Ён гнеўна абшуквае ўвесь дом і знаходзіць грэбень у зламыснай Карнэліі. Гаспадарская дачка атрымлівае пакаранне, аднак гэта не змяншае варожасці гаспадыні да служанкі: ёй строга наказана больш увагі ўдзяляць працы, а іначай яе выганяць. Тым часам над Грыт навісае новая небяспека. Марыя Цінс угаварвае Ван Рэйвена замовіць у іх новую карціну, і той згаджаецца, але настойвае, каб разам з ім пазіравала служанка. Горад поўніцца чуткамі, што мінулае такое пазіраванне скончылася цяжарнасцю мадэлі, і цяпер усе пляткараць пра Грыт. Такія памкненні Ван Рэйвена не падабаюцца і мастаку, і ён дамаўляецца са сваім патронам, што напіша для яго партрэт Грыт пры ўмове, што яны не будуць пазіраваць разам. Марыя Цінс у сваю чаргу патрабуе, каб праца вялася таемна, каб лішні раз не раздражняць Катарыну, якая зноўку цяжарная.

Грыт пачынае пазіраваць Вермеру, але праца не клеіцца. Мастак просіць Грыт зняць яе заўсёдны галаўны ўбор, каб лепш разглядзець яе твар, але яна адмаўляецца, бо для незамужняй дзяўчыны непрыстойна паказваць свае валасы мужчыну. Тады мастак прапануе Грыт змяніць галаўны ўбор на больш адкрыты, і калі яна пераапранаецца, ён падглядвае за ёй і бачыць яе пышныя рудыя валасы. Грыт глыбока збянтэжана, яна не паказала і пасмы валасоў свайму абранніку, сыну мясніка, хаця той і ўгаворваў яе. Тым часам, абстаноўка абвастраецца ўсё мацней. Ван Рэйвену не церпіцца як мага хутчэй атрымаць партрэт дзяўчыны, а найлепш саму Грыт. Аднойчы ён падпільноўвае яе сярод развешанай бялізны і намагаецца згвалціць, аднак, дзякуючы шчаслівай выпадковасці, служанцы ўдаецца ўратавацца. Карціна ж ніяк не ўдаецца, у кампазіцыі не стае балансу. І мастак знаходзіць выйсце, якое прыводзіць Грыт у жах, — ёй належыць пракалоць вушы і апрануць жамчужныя завушніцы гаспадыні. Грыт супраціўляецца, але мастак няўмольны: ён паказвае дзяўчыне карціну, і той прыходзіцца прызнаць, што іншага выйсця і сапраўды няма. Неўзабаве выдараецца дзень, калі Катарына адсутнічае дома. Марыя Цінс выдае дзяўчыне жамчужныя завушніцы, мастак па просьбе Грыт уласнаручна праколвае ёй вушы — і пачынаецца завяршаючы этап працы над карцінай.

Апынуўшыся, як між молатам і кавадлам, між Ван Рэйвенам, які прагне нацешыцца целам Грыт, і мастаком, які палоніць яе душу, — Грыт бяжыць да Пітэра і аддаецца яму. Тым часам Карнэлія, якая не пераставала шпіёніць за служанкай, даносіць маці пра новую карціну і пра яе завушніцы. Раз’юшаная Катарына ўрываецца ў майстэрню мужа і патрабуе паказаць ёй палатно. Партрэт Грыт прыводзіць яе ў шаленства, яна хапаецца за мастыхін і кідаецца на карціну. Аднак мастаку ўдаецца яе спыніць. У істэрыцы Катарына праганяе служанку з дому, і гэтым разам мастак не ўступаецца за дзяўчыну.

Праз нейкі час у дом Грыт прыходзіць Танэке і перадае ёй запячатаны скрутак. У ім аказваюцца жамчужныя завушніцы — падарунак мастака.

Акцёрскі склад

Гісторыя стварэння

Праца над сцэнарыем

Зыходным пунтам у стварэнні фільма «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» стаў 1999 год. У жніўні гэтага года быў апублікаваны амерыкана-брытанскай пісьменніцы Трэйсі Шэвалье, але яшчэ незадоўга да выхаду ў свет кніга патрапіла да сцэнарысткі . Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Шэвалье і Хетрыд карысталіся паслугамі аднаго і таго ж агента. Сцэнарыстка адолела раман за дзве гадзіны і прыйшла ў глыбокае захапленне. Ёй спадабаўся персанаж Грыт і «яе рашучасць быць свабоднай у свеце, дзе гэта было амаль немагчымым для дзяўчыны ў яе становішчы». і , муж Хетрыд, — абодва прадзюсары невялікай брытанскай студыі «Archer Street Films» — звярнуліся да аўтаркі рамана з просьбай аб экранізацыі. Шэвалье згадзілася, мяркуючы, што брытанская студыя дапаможа супрацьстаяць імкненню Галівуда звесці гісторыю да яе сексуальнага аспекту. Яна агаварыла, што ў іх адаптацыі галоўныя героі не павінны ўступіць у палавыя адносіны. Патэрсан і Такер паабяцалі сфакусавацца на эмацыйным боку гісторыі, і Шэвалье не стала далей трымаць пад кантролем працэс стварэння фільма, хаця некаторы час і падумвала аб тым, каб самой заняцца адаптацыяй.

Працуючы над сцэнарыем, Хетрыд шчыльна супрацоўнічала з Такерам і Уэберам, што дапамагала ёй канцэнтравацца не на напісанні прыгожага тэксту, а на вобразе будучага фільма. Першыя чарнавікі сцэнарыя вызначаліся празмернай блізкасцю да зыходнага матэрыялу, але пасля шматлікіх перапісванняў ён паступова набыў свой уласны характар. Дзеля таго, каб пазбегнуць празмернай літаратурнасці, Хетрыд адмовілася ад ідэі выкарыстоўваць закадравы голас, які прысутнічаў у рамане (кніга напісана ад першай асобы). Замест гэтага яна засяродзілася на візуальнай перадачы думак Грыт. Напрыклад, у адаптацыі прысутнічае сцэна, дзе Грыт і Вермер разам глядзяць у камеру-абскуру, накрыўшыся яго плашчом, што выклікае сексуальнае напружанне. У той жа час у першавытоку Грыт глядзіць у камеру адна адразу пасля мастака і толькі прыслухваецца да цяпла і водару, якія той пакінуў.

Раман выцягвае ўсё магчымае з тых нешматлікіх фактаў, што вядомы наконт жыцця Вермера. Каб даведацца больш пра мастака, сцэнарыстка даследавала галандскае грамадства XVII стагоддзя, шмат гутарыла са сваімі сябрамі-мастакамі, а таксама ўзяла інтэрв’ю ў гісторыка мастацтва Музея Вікторыі і Альберта, якая прымала ўдзел у рэстаўрацыі карціны «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай». Хетрыд заставалася ў цесным кантакце з Шэвалье, і пад канец працы яны так зблізіліся, што разам правялі майстар-клас па сцэнарным майстэрстве.

Выбар рэжысёра і падбор акцёраў Першапачаткова на ролю Грыт была запрошана амерыканская актрыса Кейт Хадсан. Аднак у верасні 2001 года, за чатыры тыдні да запланаванага пачатку здымкаў, Хадсан пакінула праект, афіцыйнай прычынай адмовы сталі «творчыя рознагалоссі». Рашэнне Хадсан сарвала вытворчасць і прывяло да страты фінансавай падтрымкі з боку прадзюсарскай кампаніі «». Следам праект пакінулі рэжысёр карціны Майк Ньюэл і выканаўца ролі Вермера Рэйф Файнс. У сувязі з гэтым інцыдэнтам «The Guardian» паведаміла, што «цяпер здаецца малаверагодным, каб фільм быў калі-небудзь зняты».