Магілё́ўская абласна́я бібліятэ́ка імя У. І. Леніна — дзяржаўная бібліятэка ў Магілёве, размешчаная па адрасе вуліца Крыленкі, д. 8, на рагу з вуліцай Дзяржынскага. Заснаваная ў студзені 1935 года ў якасці аддзялення Дзяржаўнай бібліятэкі БССР.

На 2020 год працавала з панядзелка па чацвер а 9:00—20:00 і ў суботу і нядзелю а 9:00—18:00. Улетку — з суботы па чацвер а 9:00—18:00. Чытачам выдавалі да 10 кніг на тэрмін да 30 дзён.

Структура На 2020 год Магілёўская абласная бібліятэка ўключала: на цокальным паверсе — міжбібліятэчны абанемент і 3 аддзелы: 1) апрацоўкі літаратуры і фарміравання каталогу, 2) камплектавання, 3) кнігасховішча; на 1-м паверсе 4 аддзелы — 1) абанементны, 2) інфармацыйна-даведкавы, 3) інфармацыйных рэсурсаў, 4) маркетынгу і бібліятэказнаўчай працы; на 2-м паверсе — агульную чытальную залу, музейны пакой, сектар аўтаматызацыі і юнацкі аддзел; на 3-м паверсе — 2 аддзелы: 1) беларускай і краязнаўчай літаратуры, 2) мастацтваў; па вуліцы Ленінскай, д. 68 — аддзел абслугоўвання школьнікаў малодшых класаў.

Гісторыя У студзені 1935 года ў Магілёве адчынілі аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі Беларускай ССР. У студзені 1938 года яго пераўтварылі ў Магілёўскую абласную бібліятэку ў сувязі з утварэннем Магілёўскай вобласці. Бібліятэку размясцілі на Першамайскай вуліцы ў 2-павярховым доме № 82. На 1941 год МАБ налічвала 13 супрацоўнікаў, з іх 9 бібліятэкараў. 3 сакавіка 1953 года МАБ падпарадкавалі Міністэрсту культуры БССР.

У 1967 годзе стварылі аддзел мастацтваў, дзе размясцілі адпаведныя падручнікі, нотныя выданні, альбомы, грам-пласцінкі, аўдыёкасеты і кампакт-дыскі. У 1989 годзе ў склад МАБ уключылі Магілёўскую абласную дзіцячую бібліятэку, якую пераўтварылі ў аддзел абслугоўвання школьнікаў малодшых (1—6) класаў. У 1994 годзе стварылі аддзел аўтаматызацыі. У красавіку 2000 года заснавалі аддзел інфармацыйных рэсурсаў, які стаў забяспечваць чытачоў даведкавымі базамі даных у Сеціве. У красавіку 2005 года ў складзе МАБ утварылі аддзел апрацоўкі літаратуры і фарміравання каталогаў. 14 верасня 2011 года адчынілі музейны пакой, у якім адлюстравалі гісторыю бібліятэкі.

На пачатак 2017 года ў МАБ налічвалася 72 039 выданняў па-беларуску, што складала 9,8 % бібліятэчнага фонду. На брашуры і кнігі прыпадала 67 % асобнікаў, на часопісы — 26 %, на гуказапісы і ноты — па 2,2 %, на кінафільмы — 1,1 %, на газеты — 0,8 %, на выяўленчыя дакументы — 0,4 %, на электронныя выданні — 0,3 %. На галіновую літаратуру прыпадала 73 % выданняў, на мастацкую — 27 %.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2020 г. аўтарскі калектыў у складзе Юліі Аляксандраўны Касцюк, галоўнага бібліятэкара, і Івана Уладзіміравіча Малініна, вядучага бібліятэкара аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы бібліятэкі ўзнагароджаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «за значныя дасягненні ў справе выхавання любові да роднага краю, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы»УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 29 снежня 2020 г. № 499 Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кіраўніцтва Ганна Горбач (студзень 1935 — чэрвень 1940) Марына Нянашава (5 чэрвеня 1940—1941) Ганна Чудовіч (ліпень 1944 — красавік 1946) Аляксандр Пархімовіч (18 красавіка — 27 снежня 1946) В. А. Галавач (3 лютага 1947 — 19 ліпеня 1948) Аляксандр Глотаў (19 ліпеня 1948 — 17 ліпеня 1953) Я. П. Вішнеўскі (17 ліпеня — 31 снежня 1953) Таццяна Лазарава (3 студзеня 1954 — 4 чэрвеня 1957) Ніна Саўчанка (28 жніўня 1957 — студзень 1969) Вольга Баранава (студзень 1969 — красавік 1996) Ала Васіленка (30 мая 1996 — 29 жніўня 2008) Ілона Сарокіна (з 2008 года)

Спасылкі

Электронны каталог Зводны электронны каталог бібліятэк Магілёўскай вобласці

Катэгорыя:Бібліятэкі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Культура Магілёва Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:З’явіліся ў 1935 годзе Катэгорыя:1935 год у Магілёве Катэгорыя:Вуліца Крыленкі (Магілёў)