Ганьск Первшы (, да 1967 года — Ганьск, таксама Ганск) — вёска ў Польшчы, за 20 км на паўднёвы захад ад Уладавы і за 60 км на ўсход ад Любліна. Уваходзіць у склад Уладаўскага павета Люблінскага ваяводства, сядзіба гміны Ганьск. Насельніцтва на 2018 год — 959 чалавек.

Гісторыя Першая захаваўшаяся дакументальная згадка пра Ганьск адносіцца да 1372 года. У дакуменце, які захоўваецца ў Люблінскім дзяржаўным архіве, згадваецца двор, уласнікам якога быў Ян Ганскі. Усе будынкі былі драўлянымі, маёнтак уключаў каля 7500 валок зямлі, у тым ліку лугі, балоты і лясы.

У часы Польскага Каралеўства вёска была цэнтрам ардынацыі Ганскіх, якая налічвала да 10 тысяч моргаў ворнай зямлі. У ваколіцах вёскі захаваліся рэшткі гарадзішча-крэпасці часоў сярэднявечча.

На 1827 год у вёсцы, якая тады была часткай Царства Польскага, быў 81 двор і пражывала 615 чалавек. З 1867 года — у складзе Сядлецкай губерні.

Станам на 10 верасня 1921 года ў вёсцы было 64 дамы (з іх 1 бязлюдны) і 411 жыхароў, з якіх: 198 мужчын і 213 жанчын; 305 праваслаўных, 88 каталікоў, 10 іўдзеяў, 8 евангельскіх хрысціян; 307 «тутэйшых», 86 палякаў, 10 габрэяў, 7 немцаў, 1 чалавек іншай нацыянальнасці.

Да 1967 года вёска насіла назву Ганьск і ўключала ў сябе тэрыторыі цяперашніх асобных вёсак Ганьск Другі і Ганьск-Калонія. У 1954—1972 гадах вёска была сядзібай аднайменнай грамады. У 1975—1998 гадах вёска адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Хэлмскага ваяводства.

Сёння мясцовасць мае статус салецтва і з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Ганьск, рымска-каталіцкай парафіі Святога Раймунда і Ганьскага дэканата.

Спасылкі