Нігерыя ( ), Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя () — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Мяжуе на захадзе з Бенінам, на поўначы — з Нігерам, на паўночным усходзе — з Чадам, на ўсходзе — з Камерунам. Сталіца — Абуджа. Дзяржаўная мова — англійская. Нігерыя — адзін з заснавальнікаў Афрыканскага саюза, таксама з’яўляецца членам Брытанскай садружнасці нацый і АПЕК.

Па колькасці насельніцтва — каля 190 млн (2017) — Нігерыя з’яўляецца сёмай дзяржавай свету і найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі, займаючы толькі 14-е месца на кантыненце па плошчы тэрыторыі.

Нігерыя мае багатыя прыродныя рэсурсы і вялікую колькасць рабочай сілы. У 2005 годзе яна была аднесена да групы «Наступныя 11» — краін у стадыі развіцця краін, што могуць у XXI стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нягледзячы на тое, што ў 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУПhttp://tass.ru/ekonomika/1101744, эканамічныя паказчыкі на душу насельніцтва застаюцца вельмі нізкімі.

Этымалогія Назва «Нігерыя» пайшла ад ракі Нігер, якая перасякае краіну з поўначы на поўдзень. Рака была названа ў канцы XIX стагоддзя брытанскай журналісткай Флорай Шо, будучай жонкай каланіяльнага адміністратара. Скарэй за ўсё, слова niger з’яўляецца змененай туарэгскай назвай egerew n-igerewen, якую выкарыстоўвалі жыхары сярэдняга цячэння ракі вакол Тамбукту да еўрапейскай каланізацыі XIX стагоддзяOnline Etymological Dictionary.

Гісторыя

У неаліце на тэрыторыі Нігерыі жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да V ст. да н. э. — III ст. н. э. У канцы I тысячагоддзя н. э. на поўначы ўзніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Кано, і іншыя). З XI ст. тут пашырыўся ісламскі караванны гандаль праз Сахару, які паспрыяў развіццю дзяржаў хаўса, што дасягнулі росквіту ў XVI—XVIII стст. У пачатку XIX ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца I тысячагоддзя н. э. на паўднёвым захадзе Нігерыі існавалі дзяржавы народа ёруба, у ніжнім цячэнні ракі Нігер — Бенін. Паўднёва-ўсходняя частка Нігерыі ўваходзіла ў склад Канем-Борну.

Першымі еўрапейцамі, якія з’явіліся на тэрыторыі Нігерыі былі партугальцы. У 1861 г. англічане захапілі г. Лагас. У 1885 г. яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 г. Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 г. — пратэктараты Паўночная і Паднёвая Нігерыя, якія 1 студзеня 1914 г. аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Нігерыя. Брытанскія ўлады ўсталявалі сістэму так званага «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афрыканскіх правадыроў. Нігерыя ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясцовай буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкаланіяльная барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—1918 гг. , 1929 г. і іншыя). У 1922 г. Г. Маколей стварыў першую афрыканскую палітычную партыю — Нігерыйскую нацыянал-дэмакратычную партыю. У выніку рэформы 1947 г. Нігерыя падзелена на Паўночную, Заходнюю і Усходнюю вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, ёруба і ігба.

1 кастрычніка 1960 г. абвешчана незалежнасць Нігерыі. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад Кангрэса паўночных народаў і Групы дзеяння на чале з А. Т. Балева. Распад кааліцыі ў 1964 годзе прывёў да міжнацыянальных сутыкненняў. У студзені 1966 г. адбыўся дзяржаўны пераварот. Ваенны кіраўнік Дж. Т. У. Іронсі абвясціў у маі 1966 г. аб пераўтварэнні Нігерыі ва ўнітарную дзяржаву. У ліпені 1966 г. Іронсі быў забіты. Новы ваенны ўрад Я. Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на поўначы Нігерыі ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 г. ваенны губернатар Усходняй вобласці А. Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліпені 1967 г. пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтральным урадам, у якой загінула больш за 1 млн чалавек. 15 студзеня 1970 года войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 г. Гавон быў скінуты генералам М. Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 г. ваенны кіраўнік А. Абасанджа перадаў уладу дэмакратычна выбранаму прэзідэнту А. Ш. Шагары (скінуты ваеннымі 31 снежня 1983 г.).

У пачатку 1990-х гг. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. лідара апазіцыі М. Абіёлы ваенныя ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым генерала С. Абачы і Нігерыя апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрвень 1998 г.) ваеннае кіраўніцтва было вымушана правесці ў лютым 1999 г. дэмакратычныя выбары, на якіх прэзідэнтам выбралі прадстаўніка Народнай дэмакратычнай партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. Была дасягнута дамоўленасць аб чаргаванні прэзідантаў-хрысціян і -мусульман. Не здолеўшы прыняць закон аб абмежаванні колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, у 2007 годзе Абасанджа перадаў паўнамоцтвы свайму стаўленіку Яр-Адуа, які у 2010 пакінуў пост па стане здароўя і неўзабаве памёр. Яго пераемнікам стаў Гудлак Джонатан.

Пачатак XXI стагоддзя азмрочыўся шматлікімі сутыкненнямі хрысціян і мусульман. З першай паловы 2000-х гадоў і да гэтага часу на тэрыторыі Нігерыі і суседніх краін дзейнічае тэрарыстычная ісламісцкая групоўка «Бока Харам», якая выступае за прыняцце нормаў шарыяту і выкараненне «атрыбутаў Захаду» (свецкай адукацыі, выбараў і г. д.). У 2015 годзе, прысягнуўшы на вернасць ісламскай дзяржаве, яна перайменавалася ў «Заходнюю правінцыю Ісламскай дзяржавы».

7 жніўня 2018 года ўзброеныя супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Нігерыі блакавалі ўваход у будынак парламента краіны ў Абуджы. Сенатар ад апазіцыйнай Народна-дэмакратычнай партыі (НДП), Бэн Мары-Брус заявіў, што адзін з сенатараў ад кіруючай партыі «Кангрэс усіх прагрэсіўных сіл» (КУПС), Гадсуіл Акпабіё, спрабуе дамагчыся змены кіраўніцтва Сенату. Раней старшыня Сената Абубакар Букола Саракі разам з некалькімі іншымі сенатарамі ад КУПС перайшлі ў НДП, спасылаючыся на дыктат кіраўніцтва партыі.

Дзяржаўны лад і палітыка

Фармальна, Нігерыя з’яўляецца шматпартыйнай рэспублікай, але ёсць таксама меркаванне, што ў рэчаіснасці Народная дэмакратычная партыя (People’s Democratic Party — PDP) кантралюе амаль усе рычагі ўладыAfrikas Riese gerät ins Schlingern.

Выканаўчая ўлада

Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Абіраецца ўсеагульным прамым тайным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і можа займаць пост не больш за два тэрміны запар. У маі 2006 года Сенат адмовіўся зацвердзіць канстытуцыйную папраўку, якая дае магчымасць прэзідэнту абірацца на трэці тэрмін. На дэмакратычных выбарах 2015 года перамог Махамаду Бухары, праз чатыры гады яго пераабралі. З 29 мая 2023 года прэзідэнтам Нігерыі стаў Бола Тынубу.

Заканадаўчая ўлада Двухпалатны нацыянальны сход (Нацыянальны Сход, the National Assembly).

Верхняя палата — Сенат (109 месцаў). Сенатары абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці ў 36 трохмандатных і адным аднамандатных акругах. Старшыня Сената абіраецца непрамым галасаваннем з сенатараў. Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў (360 месцаў). Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Тэрмін паўнамоцтваў усіх дэпутатаў — 4 гады. Большасць месцаў у Сенаце і 213 ў Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца пад кантролем прапрэзідэнцкай Народнай дэмакратычнай партыі (НДП).

Знешняя палітыка

Беларуска-нігерыйскія адносіны Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Нігерыяй устаноўлены 3 жніўня 1992 года. У снежні 2011 г. у г. Абуджы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. З лютага 2012 года Пасол Беларусі ў Нігерыі — Бяскосты ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя Г. Джонатану 17 мая 2012.

Адміністрацыйны падзел Нігерыя — федэратыўная дзяржава, складаецца з 36 штатаў і федэральнай сталічнай тэрыторыі. Адзінкі другога ўзроўню — раёны мясцовага кіравання (іх 774)

Фізіка-геаграфічная характарыстыка

Геаграфічнае становішча

Нігерыя размешчана ў Заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва і займае плошчу 923.768 км², з’яўляючыся 32-й краінай у свеце і 14-й у Афрыцы па тэрыторыі. Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы складае 4047 км: на захадзе — з Бенінам (773 км), на поўначы — з Нігерам (1497 км), на паўночным усходзе — з Чадам (87 км, праходзіць па возеры Чад), на ўсходзе — з Камерунам (1690 км); даўжыня лініі ўзбярэжжа складае 853 км.

Прырода

Рэкі Нігер і Бенуэ дзеляць краіну на дзве часткі: у паўднёвай частцы размешчана Прыморская раўніна, у паўночнай пераважаюць невысокія пласкагор’і. Вялікую частку тэрыторыі краіны займае Прыморская раўніна, утвораная ў асноўным рачнымі наносамі. На захадзе раўніны ўздоўж узбярэжжа размешчаны ланцуг пясчаных кос, якія злучаюцца адна з адной і Гвінейскім залівам. На поўнач ад Прыморскай раўніны тэрыторыя краіны пераходзіць у невысокае пласкагор’е — плато Ёруба на захад ад ракі Нігер і плато Удзі — на ўсход. Далей размяшчаецца Паўночнае пласкагор’е, вышыня якога змяняецца ад 400—600 м да больш за 1000 м. Найбольш высокай з’яўляецца цэнтральная частка пласкагор’я — плато Джос, найвышэйшы пункт якога — гара Шэрэ (1735 м). На паўночным захадзе Паўночнае пласкагор’е пераходзіць у раўніну Сакота, на паўночным усходзе — у раўніну Борн. Найвышэйшы пункт краіны — гара Чапал Вадзі (2419 м), размешчана ў штаце Тараб’я побач з нігерыйска-камерунскай мяжой.

Клімат змяняецца ад вільготнага экватарыяльнага на поўдні да субэкватарыяльнага ў цэнтральнай частцы і на поўначы. Гэта азначае, што на працягу года па ўсёй тэрыторыі Нігерыі назіраюцца высокія тэмпературы (24-28 °C). Затое, па меры руху з поўдня на поўнач учацвёра змяншаецца колькасць ападкаў — ад 2000 да 500 мм, паралельна з’яўляцца і расце ў сваёй працягласці сухі сезон.

Галоўная рака краіны — Нігер, трэцяя па даўжыцні рака Афрыкі. На Нігерыю прыходзіцца ніжняе суднаходнае цячэнне гэтай магутнай ракі. Вядомая запасамі нафты дэльта Нігера плошчай 70 000 кв. км. адносіцца да найвялікшых дэльт свету. На Нігерыю прыходзіцца большая частка буйнейшага прытока Нігера — шматводнай ракі Бенуэ, даўжынёй 1400 км, што пачынаецца ў Камеруне і ўпадае ў Нігер ля горада Лакоя. Расход Нігера і Бенуэ ў пункце іх зліцця прыблізна аднолькавы. На паўночным ўсходзе Нігерыі належыць паўднёва-заходні сектар возера Чад, якое Нігерыя дзеліць з Чадам, Камерунам і Нігерам.

Крайні поўдзень краіны займаюць мангравыя лясы дэльты Нігера. Далей на поўнач яны перапераходзяць у вільготныя лясы прэснаводных забалочаных тэрыторый. За межамі дэльты да самай камерунскай мяжы цягнуцца вільготныя экватарыяльныя лясы, моцна пацярпелыя ад чалавечай дзейнасці. Тым не менш, лясы вылучаюцца біяразнастайнасцю. Толькі тут можна сустрэць дрыла — шэрую малпу, а разнастайнасці матылькоў пазайздросцяць і лясы Амазоніі. Цэнтральную і паўночную частку Нігерыі з субэкватарыяльным кліматам займаюць саванны. На поўдні гэта Гвінейская лесасаванна, дзе ўчасткі лясоў чаргуюцца з травяністымі ўчасткамі. Далей на поўнач ідзе Суданская саванна з высокімі травамі і частымі дрэвамі, самая поўнач з працяглым засушлівым сезонам занята сахельскай апустыненай саваннай, дзе і травы ніжэй і дрэвы радзей.

Галоўная экалагічная праблема — абязлесенне. У пачатку XXI стагоддзя Нігерыя была лідарам сусветнага рэйтынгу звядзення лясоў. Другая праблема — непапраўны ўрон, што наносіцца экасістэмам дэльты Нігера нафтаздабычай.

Насельніцтва

Колькасць, рассяленне

Насельніцтва НігерыіCO2 Emissions from Fuel Combustion Population 1971—2008 IEA Год Мільёнаў 1971 55.1 1980 71.1 1990 94.5 2000 124.8 2004 138.0 2008 151.3 2017 190.3