Counter-Strike (таксама вядомая як Half-Life: Counter-Strike або Counter-Strike 1.6)— шматкарыстальніцкая камп’ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы, распрацаваная і выпушчаная для Microsoft Windows амерыканскай кампаніяй Valve. Першапачаткова Counter-Strike уяўляла сабой карыстальніцкую мадыфікацыю да гульні Half-Life, распрацаваную энтузіястамі Мінэмам Ле і Джэсам Кліфам у 1999 годзе; у далейшым Valve наняла абодвух распрацоўшчыкаў і набыла ў іх права інтэлектуальнай уласнасці на гульню, у 2000 годзе выпусціўшы дапрацаваную версію Counter-Strike ужо як самастойную гульню. Гульня была ў розныя гады партавана на шэраг платформаў, у тым ліку macOS, Linux і Xbox.

Гульнявы працэс Counter-Strike праходзіць у фармаце разбітага на некалькі раўндаў матчу паміж двума камандамі гульцоў, адна з якіх мае ролю тэрарыстаў, а іншая — контртэрарыстычнага спецназа; перад пачаткам кожнага матчу гульцы выбіраюць карту, на якой будзе адбывацца бітва. Каманда можа перамагчы ў раўндзе, проста перабіўшы ўсіх праціўнікаў альбо выканаўшы пэўныя заданні, якія могуць адрознівацца для розных карт. У пачатку кожнага раўнда гульцы могуць купіць зброю і дапаможны рыштунак за гульнявую валюту; па выніках кожнага раўнда гульцы атрымліваюць пэўную суму віртуальных грошай, якія могуць выкарыстоўваць для набыцця больш магутнай і эфектыўнай зброі ў наступным раўндзе.

Counter-Strike атрымала надзвычай высокія водгукі крытыкаў і набыла велізарную папулярнасць сярод гульцоў, у тым ліку як адна з найбольш папулярных кіберспартыўных дысцыплін у 2000-х гадах. У далейшым быў выпушчаны шэраг гульняў-працягаў і нашчадкаў — серыя Counter-Strike; у прэсе і сярод гульцоў для больш дакладнага ўказання на першую гульню ў серыі таксама выкарыстоўваецца назва Counter-Strike 1.6, дзе 1.6 — апошняе буйное абнаўленне, якое гульня атрымала ў 2003 годзе.

Крыніцы

Спасылкі

Valve  — Афіцыйны сайт Valve Corporation.

Катэгорыя:Шутары ад першай асобы Катэгорыя:Відэагульні 1999 года Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Гульні для Linux Катэгорыя:Гульні для macOS Катэгорыя:Відэагульні, распрацаваныя ў ЗША Катэгорыя:Кааператыўныя відэагульні