Уладзісла́ў Гарба́цкі, сапраўднае імя Уладзіслаў Іваноў (нар. 1978, Віцебск) — беларускі сацыялінгвіст, палітолаг, пісьменнік і перакладчык. Адзін з першых у Беларусі даследчыкаў і публіцыстаў на тэмы, звязаныя з жыццём і гісторыяй ЛГБТК+ супольнасці. Спецыяліст у галіне гендарных і ЛГБТК+ даследаванняў, гендарнай сацыялінгвістыкі, палітычнага фемінізму і гісторыі культуры стараверства Беларусі.

Выдаў зборнік апавяданняў «Песні тралейбусных рагуляў» (2016), шэраг даследаванняў па фемінізацыі беларускай мовы і кнігу твораў Палуты Бадуновай (2018).

Біяграфія Нарадзіўся ў Віцебску, дзесяць гадоў жыў з бацькамі ў горадзе Радужны Ханты-Мансійскай акругі ў Расіі. Вярнуўся ў Беларусь у 1995 годзе, да 2000 года вучыўся на франка-беларускім факультэце палітычных і адміністрацыйных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску.

У 2001 годзе атрымаў магістарскую ступень у паліталогіі ў ў Страсбуры. У 2002 годзе навучаўся ў Рэймскім універсітэце на адной з першых у Францыі гендарных магістратур па спецыяльнасці радца/медыятр у пытаннях полу і сексуальнасці.

З 2007 года выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) у Вільні, лектар паліталогіі Дэпартамента сацыяльных навук. З 2014 года жыве і працуе ў Вільні.

У 2017 годзе пад кіраўніцтвам прафесаркі Ніны Баршчэўскай абараніў доктарскую дысертацыю «Фемінізацыя беларускай мовы (сацыялінгвістычны аналіз жаночых Nomina agentis у старабеларускай і сучаснай беларускай мове)» на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

З 2019 года адказны за дзейнасць Цэнтру гендарных даследаванняў пры ЕГУ.

У сакавіку-жніўні 2020 года — стыпендыянт праграмы «Пісьменнікі ў выгнанні» Літаратурнай рэзідэнцыі ў Грацы (Аўстрыя). У лістападзе 2020 стажыраваўся ў пісьменніцкай рэзідэнцыі ў Малятах (Літва).

Навуковая дзейнасць

Сацыялінгвістыка У мовазнаўстве працуе ў сацыялінгвістычным кірунку: даследуе і аналізуе сацыяльнае і палітычнае вымярэнне мовы і ўплыву на яе экстралінгвістычных, перадусім сацыяльна-палітычных, прычын. Асаблівы інтарэс даследчык праяўляе да пытанняў:

сацыяльнай гісторыі мовы: «Пра моўны сорам беларусаў» (2020), «Як мова рэагуе на расійска-ўкраінскую вайну» (2018), «Пра геній старабеларускай мовы» (2014); гендарнай сацыялінгвістыкі: «Аб інклюзыўнай беларускай мове» (2019), «Stereotyping vulnerable groups» (2017), «Аб гэтак званых „эпіцэнах“» (2012); моўнай палітыкі і дыяспарнай мовы: «Складаючы слоўнік беларускай дыяспарнай мовы: напрацоўкі, адкрыцці, кур’ёзы (сацыялінгвістычны аналіз дыяспарнай мовы)» (2017), «Мова жыцця Зоры Кіпель» (2016), «Малавядомая Зоська Верас: на мовазнаўчай ніве» (2016), «Білінгвізм, інтэрферэнцыя, канвергенцыя і запазычанне: Беларуская мова ў Літве» (2013), «Тарашкевіца — не толькі ідэалогія, але перадусім эстэтыка» (2013), «Беларуская дыяспарная мова і яе досвед супрацьстаяння англіцызмам, русізмам і іншым варварызмам» (2012); сацыялектаў і арго: «Размаўляем пра беларускую лаянку і кляцьбоны» (2019). фемінізацыі беларускай мовы: гл. Кнігі

Культура старавераў Беларусі У 2002—2005 гадах разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы пры Акадэміі навук Беларусі, а потым — з польскім праектам OBTA даследаваў стараверскую культуру Беларусі, найперш Віцебшчыны. У 2002—2016 гадах ажыццявіў шэраг этналагічных экспедыцый па Віцебшчыне: Віцебск, Полацк, Лёзеншчына, Аршаншчына, Шуміліншчына, Браслаўшчына, Пастаўшчына, Мёршчына, — з мэтай даследавання культуры беларускіх старавераў. Вынікі экспедыцый часткова прадстаўлены ў артыкулах у перыядычных выданнях і зборніках: «Мясцовыя назвы віцебскіх старавераў» (2006), «Пра беларускі ўплыў на віцебскіх старавераў» (2008), «Эвалюцыя тоеснасці і культуры старавераў паўночнай Беларусі, канец XIX — пачатак XXI стагоддзя» (2010), «Аб кабетах, якія „папуюць“: аб ролі і месцы жанчын у рэлігійным жыцці стараверства Віцебшчыны» (2013), «Двухсэнсоўныя вобраз і роля стараверства Беларусі ў паўстанні 1863-64 гг. і ў беларускім нацыятворчым працэсе другой паловы 19-га ст. (спроба гістарычнай і этналагічнай рэканструкцыі)» (2014), «Стараверы і злябы» (2018).

Гісторыя франкамоўнай беларусістыкі Інтарэс да тэмы франкамоўнай беларусікі праявіўся падчас навучання ў Францыі. Штуршком да даследчай дзейнасці ў гэтай сферы стала праца ў Скарынаўскай бібліятэцы, дзе захаваліся рэдкія франкамоўныя матэрыялы па беларусіцы пачатку XX ст. і друкапіс першага беларускага рамана, напісанага па-французску невядомым аўтарам. Уладзіслаў Гарбацкі апісаў таксама ўнёсак ранніх французскіх і франкамоўных даследчыкаў, якія цікавіліся беларускімі тэмамі: Рэнэ Мартэль, Антуан Мартэль, Амбруаз Жабер, — і беларускай дыяспары ў Францыі, Бельгіі і Англіі.

Фемінісцкія і ЛГБТК+ даследаванні Да гендарных, фемінісцкіх і ЛГБТК+ даследаванняў далучыўся падчас навучання ў гендарнай магістратуры ў Францыі. Першыя артыкулы на тэму гей- і лесбі- даследаванняў апублікаваў у ARCHE на пачатку 2000-х гадоў: «Развагі аб гейскім пытанні» і «Пераадоленне гамафобіі». Рэгулярна публікуе артыкулы і агляды на фемінісцкую і гендарную тэмы ў іншых беларускіх СМІ: Радыё Свабода, «Новы час», Makeout .

Літаратурная творчасць Першыя літаратурныя творы апублікаваны ў «Нашай Ніве» і ARCHE. Пазней — у газеце «Новы час» і інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет».

Пісьменнік збольшага працуе ў стылі аўтабіяграфічнай сацыяльнай ці сацыялагічнай прозы: робіць акцэнт на прыватнай, інтымнай гісторыі, якая дапамагае выкрываць калектыўную гісторыю і памяць.

Першы зборнік прозы выдаў у 2016 годзе — «Песні тралейбусных рагуляў». Ён быў названы першым у беларускай літаратуры творам гей-прозы. Брытанскі даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін так ахарактарызаваў зборнік:«Гэты смелы і вельмі чытэльны дэбютны зборнік прозы пераказвае ў розных формах і інтымных дэталях досведы Адрознага ў варожым яму асяроддзі. Пра тры плыні, што ахопліваюць дарослае жыццё аўтара, ён апавядае мовай казачных гісторый: глыбокую веру ў беларускую мову, усведамленне і гонар за сваю гейскасць, і перакананасць у тым, што рэлігія — толькі міф. Элегантна напісаная сучаснай беларускай мовай і шчодра запраўленая дыялектызмамі, гэтая кніга паўстае як песня і свята роднаму Віцебску. Кранальныя, захапляльныя і, часта, брутальна-рэалістычныя тэксты атрымаліся цудоўным, глыбока асабістым дэбютам».

Пераклады Уладзіслаў Гарбацкі перакладае навуковыя і мастацкія тэксты з французскай, украінскай, літоўскай, рускай і славенскай моў. Спецыялізуецца на перакладах франкамоўных аўтараў і аўтарак: Жорж Экгаўт, Сімона дэ Бавуар, Анні Эрно, Рэймон Арон, Эрык Нёвё, Маргерыт Юрсенар, Вілье дэ ліль-Адан. Таксама перакладае паэзію з літоўскай (Гедрэ Казлаўскайце, Нерынга Дангвідзе) і славенскай (Ураш Прах) моў.

Кнігі

Аб фэмінізацыі беларускай мовы: Фэмінізацыя nomina agentis і пэўных іншых катэгорыяў у сучаснай беларускай мове. Эсэ / Уладзіслаў Гарбацкі. — Leicester: belarusians.co.uk, 2012. — ISBN 978-0-9567951-0-6. Песьні тралейбусных рагуляў: Казкі і проза жыцьця / Уладзь Гарбацкі. — Leicester: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-4-4 (друк) і 978-0-9567951-5-1 (электронная). Гід па фэмінізацыі беларускай мовы (Nomina agentis і некаторых іншых асабовых намінацыяў) / Уладзіслаў Гарбацкі. — London: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-6-8 (друк) і 978-0-9567951-7-5 (электронная). Творы / Палута Бадунова. [Прадмова і ўкладаньне: Уладзіслаў Гарбацкі]. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2018. — ISBN 978-9955-578-19-2 (друк) і 978-9955-578-18-5 (электронная). Фэмінізацыя беларускай мовы. Сацыялінгвістычнае дасьледваньне. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2019. — ISBN 978-9955-578-21-5.

Гл. таксама Фемінізацыя беларускай мовы

Катэгорыя:ЛГБТ Катэгорыя:Перакладчыкі Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1978 годзе Катэгорыя:Даследчыкі стараверства Катэгорыя:Перакладчыкі XXI стагоддзя Катэгорыя:Перакладчыкі з літоўскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з французскай мовы Катэгорыя:Палітолагі Беларусі Катэгорыя:Сацыёлагі Беларусі