Кацярына Віктараўна Андрэйчык (нар. года ў Наваполацку) — беларускі навуковец, кандыдат гістарычных навук.
Біяграфічныя звесткі Нарадзілася ў Наваполацку ў 1987 годзе. Скончыла ў 2010 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя». У 2012 годзе там жа пад навуковым кіраўніцтвам Уладзіміра Лобача абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» на тэму «Традыцыйная каляндарная абрадавасць беларусаў канца ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзяў: сацыякультурны і выхаваўча-педагагічны аспект». У 2012 годзе паступіла ў аспірантуру кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
У 2009 годзе прайшла прафесійную атэстацыю экскурсавода ў Нацыянальным агентстве па турызме Рэспублікі Беларусь, з таго часу з’яўляецца экскурсаводам, спецыялізуючысь у асноўным на Полацку, Браславе і Паўночнай Беларусі. Неаднаразова праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, Полацкім дзяржаўным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава і інш.
Дысертацыю на саісканне навуковай ступені кандыдата гістарычных навук па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» абараніла 8 снежня 2020 года ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова пад навуковым кіраўніцтвам Дзяніса Дука. Тэма дысертацыі: «Дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь па ахове матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей (1991—2006 гг.)».
У 2010 годзе пачала працаваць у Полацкім дзяржаўным універсітэце. У 2010-2014 гадах з’яўлялася выкладчыкам кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання, выкладчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, выкладчыкам кафедры фізічнай культуры, спорту і турызму, выкладчыкам кафедры турызму і гасціннасці. З 2011 года таксама выкладала на курсах экскурсаводаў у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ПДУ. У 2014-2021 гадах з’яўлялася старшым выкладчыкам кафедры гісторыі і турызму.
З 2021 па 2026 год займала пасаду начальніка аддзела навукі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».
З 2026 года з'яўляецца дацэнтам кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай.
Навуковая дзейнасць Займаецца даследаваннем праблем абыходжання з гісторыка-культурнай спадчынай у гістарычнай рэтраспектыве ХХ-ХХІ стагоддзяў, праблем айчыннай гісторыі дзяржавы і права найноўшага часу, даследаваннем пытанняў гісторыі, тэорыі і практыкі турызму і экскурсій, пытаннямі лакальнай гісторыі і гістарычнага краязнаўства Беларускага Паазер’я, вывучэннем палітыкі памяці і гісторыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы аховы, аднаўлення і выкарыстання матэрыяльнай нерухомай спадчыны, мемарыялізацыі гістарычных падзей і мясцін і інш.
Спасылкі Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі Профіль аўтара ў Google Scholar Профіль аўтара ў eLIBRARY.RU
Катэгорыя:Выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі