«Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага» — партрэт у поўны рост вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага (1680—1744), напісаны невядомым мастаком у 1750-я гады. Паходзіць са збораў Нясвіжскага замка. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ( ЗЖ 128). Памер карціны — 214,5 × 94,5 см.

Гісторыя Паходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы. У рэестры рухомых рэчаў Нясвіжскага замка, датаваным 1791 годам, згадваюцца два партрэты Міхала Сервацыя Вішнявецкага ў поўны рост. Адзін з іх знаходзіўся ў пакоі на другім паверсе і належаў да серыі гетманскіх партрэтаў, а другі вісеў у Вялікай зале і адносіўся да серыі, якая адлюстроўвала прадстаўнікоў сям’і Вішнявецкіх. Дадзены партрэт з Нацыянальнага мастацкага музея паводле свайго фармату і кампазіцыі адносіцца да ліку гетманскіх партрэтаў.

Да 1939 года партрэт захоўваўся ў Зорнай зале Нясвіжскага замка. На самім партрэце захаваўся нумар 32, які адпавядае інвентару 1834 года. У інвентары 1857 года карціна значыцца пад № 10, у інвентары 1883 года — пад № 51. У вопісе 1939 года партрэт запісаны пад № 20, прычым, верагодна, быў памылкова атрыбутаваны і запісаны як выява гетмана Яна Агінскага.

Польскі мастацтвазнаўца лічыў, што гэты твор належыць да групы партрэтаў Вішнявецкіх, і адлюстроўвае дзядзьку ініцыятаркі серыі Уршулі Францішкі Радзівіл, і адначасова швагра яе мужа Міхаіла Казіміра Рыбанькі.

Пасля 1939 года палатно трапіла ў Мінск, дзе захоўвалася ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. У 1944 годзе карціна была вывезена нямецкімі войскамі ў Германію. Вернута ў Мінск з Берліна ў 1947 годзе ў рамках пасляваеннай рэстытуцыі.

З 1948 года палатно знаходзілася ў фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а з 1957 па 1968 год — у Дзяржаўным музеі БССР. У 1968—1972 гадах карціна была адрэстаўравана ў Маскве ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей рэстаўратарамі А. А. Зайцавым і І. П. Суравовым. Пасля 1968 года перададзена ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Апісанне На партрэце Міхал Сервацы напісаны ў чырвоным жупане, паверх якога апранута кароткая кальчуга, а зверху яе — парадны паўдаспех з пазалочанымі берагамі, залацістымі кантамі і турэцка-татарскімі («карвашамі»). У час ваенных дзеянняў такога ахоўнага адзення ўжо не насілі. Гэта тыпова «сармацкі» , які дэманструе дзяржаўныя заслугі і значнасць асобы партрэтаванага. Аб гэтым сведчаць перакінутая цераз левае плячо Вішнявецкага цёмна-сіняя муаравая стужка і чырвоны плашч на з выявай ордэна Белага Арла як сведчанне таго, што хтосьці з яго продкаў быў каралём. На левым баку прышпілена шабля- з сярэбраным з пазалотай дзяржаннем, на ногі абуты жоўтыя саф’янавыя боты або паўботкі з сярэбранымі абцасамі.

Выстаўкі Карціна неаднаразова экспанавалася на розных мастацкіх выстаўках: «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (Мінск, 1982) «Партрэты з Нясвіжа і Гродна» (Каўнас, Яраслаўль, 1983) «Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах» (Кракаў, 1991) «Мастацтва барока ў Беларусі» (Мінск, 1991) «Партрэты XVI—XVIII стст. з Нясвіжа» (Мінск, 1994) «Гістарычны партрэт Вялікага княства Літоўскага XVI—XVIII стст.» (Мінск, 2002)

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Карціны XVIII стагоддзя Катэгорыя:Вішнявецкія Катэгорыя:Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс Катэгорыя:Партрэты