Ханна Хірш-Паўлі (; 13 студзеня 1864, Стакгольм — 29 снежня 1940, Сольна) — шведская мастачка-партрэтыстка.
Біяграфія Ханна Хірш-Паўлі нарадзілася 13 студзеня 1864 года ў Стакгольме ў сям'і музычнага выдаўца Абрагама Хірша, яе дзядзька — Адольф Хірш быў мастаком-пейзажыстам. Жывапіс дзяўчынка стала вывучаць з дванаццаці гадоўHANNA (HIRSCH) PAULI - Clark Art Institute..
З дзяцінства Ханна сябравала з Евай Боніер, яны разам вырашылі стаць мастачкамі. Разам вучыліся спачатку ў мастацкай Школе для жанчын у Аўгуста Мальмстрэма, куды Ханна паступіла ў 1880 годзе.
Праз год Ханна была прынятая ў Шведскую Каралеўскую Акадэмію мастацтваў у Стакгольме, дзе таксама вучылася разам з Боніер. Іх аднакурсніцай была таксама Карын Берг, якая ў той час была жонкай Карла Ларсана.
У 1885 Ханна за карціну «Пад лямпай» атрымала ў Каралеўскай акадэміі залаты медаль і стыпендыю для працягу вучобы за мяжой. Увосень гэтага ж года Ханна ў кампаніі з сяброўкай Евай адправілася ў Парыж, дзе яны паступілі ў Акадэмію Каларосі. Там яна вучылася з 1885 па 1887 год у майстэрні Паскаля Данье-Бювера і Рафаэля Коліна. У 1886 годзе ў Барбізоне пазнаёмілася са сваім будучым мужам, мастаком Георгам Паўлі.
У 1887 годзе яны пажаніліся, а мядовы месяц правялі ў Італіі. У 1889 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы Ханна Хірш-Паўлі атрымала медаль за сваю працу «Сябры».
У 1905 годзе Ханна і Георг пабудавалі вілу ў муніцыпалітэце Нака. У сям'і было трое дзяцей: Торстэн, які нарадзіўся ў 1889 годзе, Георг (1891) і Рут (1896). У 1940 годзе яе сын Георг і яго жонка Ліза загінулі ў аўтамабільнай катастрофе.
За сваё творчае жыццё мастачка Ханна Хірш-Паўлі стварыла шэраг партрэтаў мастакоў і пісьменнікаў, якія ўваходзяць у кола яе сяброў і сяброў яе мужа. Сярод іх - жывапісец Карл Нордстрэм, пісьменнік Вернер фон Хейдэнстам, пісьменніца Сельма Лагерлёф (1932, Нацыянальны музей), групавы партрэт «Сябры» (1907, Нацыянальны музей), на якім таксама намаляваная пісьменніца Элен КейArtist list of the National Museum of Sweden — 2016..
У 1935 годзе муж і жонка Георг і Ханна Паўлі падарылі калекцыю карцін мастацкаму музею горада Ёнчэпінга.
Ханна Хірш-Паўлі памерла 29 снежня 1940 года.
Зараз творы мастачкі знаходзяцца ў Мастацкім музеі горада Ёнчэпінга, Нацыянальным музеі Швецыі, у мастацкім музеі Гётэбарга, у прыватнай калекцыі твораў мастацтва сям'і Боніер.
Адна з вуліц на паўднёвым захадзе Стакгольма названая ў гонар мастачкі - вуліца Ханны Паўлі. У гэтым раёне горада шмат іншых вуліц таксама названыя ў гонар вядомых жанчын першай паловы ХХ стагоддзя.
Галерэя
Літаратура Gynning, Margareta: "Pauli, Hanna", Svenskt biografiskt lexikon, 28, pp. 746–749 Gynning, Margareta: Det ambivalenta perspektivet: Eva Bonnier och Hanna Hirsch-Pauli i 1880-talets konstliv, Stockholm: Bonnier, (Diss. Uppsala University), 1999. Hansen, Vibeke Waallann, Women Artists in Paris 1850-1900, p. 76-77.
Катэгорыя:Жанчыны Швецыі Катэгорыя:Мастакі Швецыі