Ян Міхал Струцінскі (? — пачатак 1746) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Струцінскіх герба «Сас». Нарадзіўся ў сям’і Мікалая Струцінскага, чашніка вількамірскага, і Марыяны з Панкевічаў.

Магчыма, у маладосці служыў у войску. Самавольна тытулаваўся чашнікам вількамірскім (1697—1701). Стольнік вількамірскі ў 1701—1713 гадах, стараста сяйвейскі і віжанскі ў 1709—1740 гадах, шакінаўскі ў 1713—1732 гадах, вількамірскі ў 1713—1730 гадах, паручнік каралеўскай пяцігорскай харугвы войска Вялікага Княства Літоўскага з 1709 года, харужы, палкоўнік, кашталян інфлянцкі ў 1737—1744 гадах. Пасол на соймы 1701—1702, 1703, 1724, 1733 гадоў, дэпутат Варшаўскай вальнай рады 1710 года.

У 1699 годзе сакратар пасольства ў Турцыю. Быў прыхільнікам караля Аўгуста II, далучыўся да Сандамірскай канфедэрацыі. Удзельнічаў у забяспячэнні расійскіх войск на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1719 годзе пасол у Крым і Турцыю. У 1733 падтрымаў абранне на трон Станіслава Ляшчынскага, пасля перайшоў на бок Аўгуста III.

Маёнткі: Салокі, Люшнева, Снегі (Браслаўскі павет), Анталепты (Вількамірскі павет), Шэмберг (Курляндыя). Дамогся для Салокаў, Анталептаў і Шэмберга прывілеяў на таргі і кірмашы (1713).

Удзельнічаў у заснаванні Анталептаўскага кляштара кармелітаў босых.

Пахаваны 3 сакавіка 1746 года.

Сям’я У шлюбе з Брыгідай з Бергаў, дачкой кашталяна інфлянцкага Уладзіслава Францішка Берга, меў сына Юзафа і дачку Іаану.

Літаратура

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s. Matsuk Andrei. Strutyński Jan Michał // PSB. Z. 182. T. XLIV/3. Warszawa; Kraków, 2007. S. 479—481.

Ян Міхал Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Кашталяны інфлянцкія Катэгорыя:Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Старосты сэйвейскія Катэгорыя:Дыпламаты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Стольнікі вількамірскія Катэгорыя:Чашнікі вількамірскія Катэгорыя:Старосты шакінаўскія Катэгорыя:Старосты віжанскія