Хрысціянская візія ― рабочая група беларускіх хрысціян па пераадоленні палітычнага крызісу Беларусі з 2020 года. Вакол групы «Хрысціянская візія» сканцэнтравалася грамадская дзейнасць беларускіх хрысціян ва ўмовах палітычных рэпрэсій і ўнутрыцаркоўнага ціску з 2020 года; патэнцыял групы вырас праз эміграцыю хрысціянскіх актывістаў, большасць яе сяброў цяпер знаходзіцца за мяжой. Група ставіць мэтай ініцыяванне і садзеянне сумеснай дзейнасці хрысціян для дасягнення мэт Рады: пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння грамадскай згоды.

Статус і склад Група «Хрысціянская візія» была створана 9 верасня 2020 г. як рабочая група Каардынацыйнай рады Беларусі і з’яўляецца нефармальным міжканфесійным аб’яднаннем, да якога могуць далучацца сябры Каардынацыйнай рады. Заяву пра стварэнне групы спачатку падпісалі 24 свецкія вернікі і святары ўсіх асноўных канфесій краіны.

Дзейнасць «Хрысціянская візія» адсочвае і надае галоснасці фактам пераследу веруючых у Беларусі па рэлігійных і палітычных матывах, і парушэнню іх правоў у месцах зняволення. Факты абагульваюцца ў маніторынгу на англійскай і рускай мовах. Яны прыцягнулі ўвагу айчынных і міжнародных СМІ. На маніторынгавыя даследаванні групы спасылаецца ў сваіх справаздачах па стане рэлігіі ў Беларусі Дзярждэпартамент ЗША.

Група мабілізуе свецкіх вернікаў і духавенства на выказванні і акцыі асуджэння гвалту, у падтрымку аднаўлення законнасці і вызвалення палітзняволеных, і асвятляе іх дзейнасць.

Заахвочвае тэолагаў, святароў і іншых людзей і арганізацыі ў Беларусі і замежжы да багаслоўскага асэнсавання пратэстаў і рэпрэсій. Беспрэцэдэнтным прыкладам такой рэфлексіі стаў ліст Святланы Ціханоўскай Папу Францішку ў адказ на яго энцыкліку.

Ініцыюе і ўдзельнічае ― у Беларусі і за мяжой ― у кампаніях у падтрымку палітзняволеных, пераследаваных веруючых і царкоўных супольнасцяў у Беларусі.

24 лютага 2022 года група зрабіла заяву з нагоды расійскага ўварвання ва Украіну, у якой асудзіла агрэсію і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для нападу, выказала салідарнасць з украінскім народам і заклікала беларускіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць у вайне. З таго часу група таксама занялася даследаваннем антываенных хрысціянскіх ініцыятыў у Расіі, маніторынгам пераследу хрысціян за антываенную пазіцыю. У выніку з’явілася ініцыятыва «Хрысціяне супраць вайны».

Вядзе вебсайт, каналы ў Тэлеграме і ў іншых сацыяльных сетках.

У верасні 2023 года Telegram-канал групы быў прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам па рашэнні суда Лідскага раёна.

У кастрычніку 2023 года прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі Instagram-, Facebook і Twitter-акаўнт групы па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна горада Віцебска.

У 2025 годзе ўлады Беларусі аб’явілі «Хрысціянскую візію» экстрэмісцкім фарміраваннем.

Субпраект «Хрысціяне супраць вайны»

«Хрысціяне супраць вайны» з'явіліся як ініцыятыва спачатку як медыягрупа, якая аналізуе рэакцыю хрысціянскіх абшчын Расіі, Украіны, Беларусі і іншых суседніх краін на ўварванне Расіі ва Украіну.

Удзельнікі групы вывучалі спосабы супраціўлення хрысціян у Расіі ваенным дзеянням; рэлігійную прапаганду, якая выкарыстоўваецца для апраўдання агрэсіі; структурныя змены ў канфесійным ландшафце Расіі і Украіны на фоне ваенных дзеянняў і многае іншае.

Такім чынам да дзейнасці ініцыятывы далучыліся хрысціяне не толькі з Беларусі, а і з Расіі, Украіны, Літвы, Германіі, Іспаніі і іншых краін.

Паколькі неўзабаве пасля пачатку ваенных дзеянняў пачаліся рэпрэсіўныя практыкі ў адносінах да грамадзян, якія выказвалі нязгоду з дзеяннямі расійскіх войск, група занялася праваабарончай дзейнасцю: у прыватнасці, маніторынгам выпадкаў пераследу хрысціян за антываенную пазіцыю, а таксама арганізацыяй дапамогі ім.

Да вынікаў даследаванняў ініцыятывы звяртаюцца расійскія і заходнія праваабарончыя і міжцаркоўныя арганізацыі, а таксама вучоныя ў сваіх артыкулахRegula M. Zwahlen and Natalija Zenge. Silenced Dissent in the Russian Orthodox Church // Euxeinos. — 2023. — Vol. 13, No. 35.Pavlo Smytsnyuk. The War in Ukraine as a Challenge for Religious Communities: Orthodoxy, Catholicism and Prospects for Peacemaking // Studia Universitatis Babeș-Bolyai Theologia Catholica Latina. — 2023. — Vol. 68(1).Regina Elsner. Questioning the concept of ‘religious activism’ in Russian Orthodoxy from a theological perspective // Religion, State and Society. — 2023. — Vol. 51. Issue 1: Religious activism in Eastern Europe and beyond..

На іх дзейнасць спасылаюцца заходнія медыя. Таксама маніторынгі выкарыстоўваюцца расійскімі незалежнымі СМІ для ацэнкі рэпрэсіўных практык у Расіі ў дачыненні да вернікаў, якія займаюць антываенную пазіцыю.

Асноўныя вынікі даследчай дзейнасці ініцыятывы — гэта маніторынгавыя спісы: пераследу хрысціян з боку рэлігійных арганізацый і ўладаў за антываенную пазіцыю або падтрымку Украіны ў абароне ад агрэсіі; загінуўшых падчас вайны свяшчэннаслужыцеляў і царкоўнаслужыцеляў хрысціянскіх цэркваў Украіны; святароў РПЦ, якія ўдзельнічаюць у якасці капеланаў ва Узброеных сілах РФ; свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы па меркаваннях сумлення ва Украіне.

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:З’явіліся ў 2020 годзе Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Праваабарончыя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Рэлігійныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі