«Ксэ́ракс Белару́скі» — літаратурны альманах, які выдаваўся ў 1990—1996 гадах у Полацку на беларускай мове. Выйшла 6 нумароў. Выдаўцом часопіса быў Алесь Аркуш, рэдактарам — Вінцэсь Мудроў«Ксэракс Беларускі» // Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — С. 86.. У выданні ўпершыню быў надрукаваны артыкул Уладзіміра Арлова «“Совершенно секретно” або Адзін у трох іпастасях».

Змест Першы нумар альманаха быў надрукаваны ў Вільні пры дапамозе Алеся Гуркова. У першым нумары, які распаўсюджваўся праз моладзевыя нацыянальныя суполкі, апублікаваны міні-п’еса абсурду Сяржука Сокалава-Воюша «Раніца рэспублікі», апавяданне Вінцэся Мудрова «Час камара», артыкул Уладзіміра Арлова пра Лаўрэнція Абецэдарскага «“Совершенно секретно” або Адзін у трох іпастасях (нататкі няўдзячнага вучня)», вершы Алеся Аркуша, Валянціны Аксак, Лявона Баршчэўскага, тэксты гурта «Мясцовы час». Другі нумар выйшаў у 1991 годзе ў Наваполацкай друкарні, у якім акрамя полацкіх пісьменнікаў апублікавалі свае творы Алег Мінкін і Юрась Шаўцоў. У трэцім нумары альманаха, на вокладцы якога пазначаны знак капірайта выдавецкай суполкі «Полацкае ляда», апублікаваны артыкулы, прысвечаныя новай хвалі беларускіх літаратараў і праблеме рэформы арганізацыі беларускага літаратурнага працэсу. У 1993 годзе часопіс стаў выданнем Таварыства Вольных Літаратараў, чый знак з’явіўся на вокладцы чацвёртага нумара. У 1994 годзе з’явіўся пяты нумар. У 1996 годзе выйшаў шосты нумар альманаха, асаблівасцю якога былі добрае паліграфічнае выкананне і павялічаны аб’ём.

Літаратура

«Ксэракс беларускі» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1. «Ксэракс Беларускі» // Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — С. 86—87. — 172 с. — ISBN 985-6012-58-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Беларускі самвыдат Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове