Кіберпартызаны — група хактывістаў, якая ўтварылася ў верасні 2020 года на фоне дакументальна зарэгістраваных выпадкаў гвалту з боку міліцыі супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі і паведамленняў пра выпадкі катаванняў у ізалятарах. Заяўленай мэтай дзейнасці кіберпартызанаў з’яўляецца зрыў працы органаў бяспекі і іншых, якія падтрымліваюць фактычнае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі.
Атрыманыя кіберпартызанамі даныя прапануюць шырокі погляд на намаганні па здушэнні палітычнага іншадумства і могуць быць часткай патэнцыйных будучых судовых разлікаў за турэмныя тэрміны і іншыя злоўжыванні, якія былі шырока асуджаныя Захадам. У канчатковым рахунку, згодна з ідэяй групы, у шэрагах сілавікоў павінна застацца менш добраахвотнікаў, якія гатовыя бескампрамісна і з усёй жорсткасцю бараніць існуючы палітычны рэжым.
Гісторыя і асноўныя акцыі
Першыя акцыі (2020) Сярод першых акцый групы ў верасні 2020 года былі ўзломы сайтаў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў, нацыянальных латарэй, Міністэрства па падатках і зборах, Беларускай валютна-фондавай біржы, дзяржзакупак і Генеральнай пракуратуры.
Таксама былі атрыманы базы даных супрацоўнікаў АМАПу, КДБ і МУС, на падставе якіх была запушчана інтэрнэт-карта з адрасамі сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў жорсткіх разгонах пратэстоўцаў. 26 верасня 2020 года былі ўзламаныя стрымы некалькіх дзяржаўных каналаў, па якім пусцілі ў эфір кадры жорсткага абыходжання сілавікоў з пратэстуючымі.
Аперацыя «Спёка» і базы МУС (2021) Найбольшую вядомасць групе дала аперацыя пад назвай «Спёка» ў ліпені 2021 года па ўзлому ўнутраных баз даных МУС Беларусі. Быў атрыманы доступ да персанальных даных супрацоўнікаў сілавых структур і чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
У прыватнасці, група прадэманстравала пашпартныя даныя старшыні КДБ Беларусі Івана Тэртэля, старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які атрымаў беларускі пашпарт. Свабодныя эксперты ў галіне інфармацыйных тэхналогій і рэдакцыя канала «Настоящее время» пацвердзілі сапраўднасць даных праз супастаўленне тэставых запытаў з рэальнымі людзьмі. Аналагічнае расследаванне-пацвярджэнне правяла рэдакцыя «Deutsche Welle».
У жніўні 2021 года была апублікавана маса праслушаных тэлефонных размоваў сілавікоў (каля двух мільёнаў хвілін), у тым ліку запісы, дзе міліцэйскае кіраўніцтва Мінска (сярод якіх начальнік мінскага АМАПу Мікалай Максімовіч і намеснік кіраўніка міліцыі Ігар Падвойскі) абмяркоўвала загады на выкарыстанне фізічнага гвалту і спецсродкаў. Сцвярджаецца пра атрыманне звестак ДАІ аб машынах «» і відэаматэрыялаў з міліцэйскіх нагрудных камер.
Дапамога Украіне (2022) З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну кіберпартызаны пераарыентавалі частку сваіх намаганняў на карысць Украіны. Яны актыўна дапамагалі праводзіць бяспечную праверку і верыфікацыю беларускіх добраахвотнікаў (на прадмет супрацы са спецслужбамі і МУС), якія вырашылі далучыцца да Палка Каліноўскага.
Узлом сайта Нацыянальнай бібліятэкі (2026) 27 сакавіка 2026 года «Кіберпартызаны» здзейснілі кібератаку на афіцыйны сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, замяніўшы галоўную старонку банерам з віншаваннямі з Днём Волі. Хоць атака насіла форму візуальнага дэфейсу, яна выклікала маштабныя і працяглыя тэхнічныя наступствы. Каб прадухіліць распаўсюджванне інцыдэнту, кіраўніцтва ўстановы цалкам выключыла ўласныя серверы, з-за чаго на працягу некалькіх тыдняў быў недаступны не толькі інтэрнэт у самім будынку, але і быў адрэзаны дыстанцыйны доступ да глабальных лічбавых архіваў для ўсіх чытачоў.
Інцыдэнт справакаваў адну з першых буйных публічных дыскусій унутры супольнасці беларускай грамадзянскай інтэлігенцыі датычна межаў і этыкі лічбавага супраціву (хактывізму), бо аб'ектам атакі стала не карная, а культурная ўстанова:
Навуковец Сяргей Бесараб асудзіў акцыю, адзначыўшы рызыку для электроннага каталога, падкрэсліўшы, што «дадзеныя належаць не Лукашэнку, а гісторыі і наступным пакаленням». Беларускі вікіпедыст Уладзіслаў Чаховіч выказаў абурэнне фактам паралізацыі канкрэтных рэсурсаў — «Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі» і анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях», страта доступу да якіх наўпрост спыняе пашырэнне беларускай культуры. Паэтэса Ганна Комар параўнала гэты выпадак з катастрафічнай хакерскай атакай на Брытанскую бібліятэку 2023 года, дзе аднаўленне каталогаў расцягнулася на год. Журналісты і грамадскія аглядальнікі таксама ўзнялі пытанне этычнай мяжы хактывізму ў беларускіх рэаліях. Напрыклад, у аналітычнай калонцы на «Еўрарадыё» Марыся Вайтовіч сканцэнтравала ўвагу на праблеме ўскоснай шкоды. Журналістка падкрэсліла этычны парадокс: нават тэхнічна бяскрыўдны сімвалічны ўзлом прывёў да таго, што тысячы звычайных карыстальнікаў засталіся без жыццёва важнай для іх працы інфармацыі. Гэта паставіла пад пытанне дапушчальнасць кібератак на цывільную і культурную інфраструктуру, калі іх рэальнымі ахвярамі становяцца не прадстаўнікі ўлады, а самі грамадзяне.
Асобныя прадстаўнікі апазіцыйных медыя ў адказ раскрытыкавалі заклапочанасць навукоўцаў. Журналісты Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў (ток-шоу выдання Reform.news) выступілі ў абарону хакераў: яны ў рэзкай і здзеклівай форме раскрытыкавалі заклапочаных навукоўцаў, абясцэніўшы значнасць страты доступу да каталогаў і абвінаваціўшы даследчыкаў у канфармізме перад рэжымам. Таксама на грамадскую крытыку адказалі і самі «Кіберпартызаны». Прадстаўнікі групы катэгарычна заявілі, што архівы, інфармацыя і базы даных ніякім чынам не пацярпелі і імі не ўзломваліся. Паводле іх словаў, адказнасць за фактычнае падзенне ўсіх бібліятэчных сэрвісаў нясуць выключна сістэмныя адміністратары, якія самастойна абрубілі сеткі праз паніку перад пратэсным плакатам. Атакоўцы параўналі свае дзеянні з вывешваннем улёткі на вонкавых дзвярах будынка: «Па аналогіі… нас спрабуюць абвінаваціць у падпале яе будынкаў і архіваў».
Дадзенае апраўданне, тым не менш, не спыніла палеміку: крытыкі працягнулі сцвярджаць, што гульня з такімі далікатнымі аб'ектамі наносіць відавочны рэпутацыйны ўдар па дэмакратычным руху, бо правакаванне наступстваў было прадказальным і адразу выкарыстана праўладнымі структурамі супраць апазіцыі, а грэблівае стаўленне і апраўданне атак на ключавыя рэсурсы культуры б'е не столькі па ўладзе, колькі ў першую чаргу наносіць велізарную шкоду падмурку беларускай нацыі і вынікам шматгадовай працы яе даследчыкаў. Пазней у выніку ціску грамадскасці і эскалацыі скандалу вакол каштоўнасці страчаных бібліятэчных каталогаў, Фёдар Паўлючэнка апублікаваў на партале Reform.news асобны зварот-калонку ў якім прынёс публічныя прабачэнні даследчыкам і навуковай супольнасці за сваю папярэднюю некарэктную рыторыку.
Прававы статус і рэпрэсіі з боку рэжыму Улады Беларусі прызналі высокую небяспеку групы з першых дзён яе стварэння. У лістападзе 2021 года МУС РБ прызнала групоўку «Кіберпартызаны» экстрэмісцкім фарміраваннем. Згодна з цякучым беларускім заканадаўствам, удзел ці падтрымка такога фарміравання наўпрост з'яўляецца цяжкім крымінальным злачынствам. Неўзабаве пасля гэтага, у канцы лістапада 2021 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь надаў ініцыятыве афіцыйны статус «тэрарыстычнай арганізацыі». Хакерам у выпадку затрымання пагражаюць найбольш цяжкія віды крымінальнага пакарання.
Гл. таксама
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Спасылкі
Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020) Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 2020 годзе Катэгорыя:Хакерскія групоўкі і арганізацыі Катэгорыя:Партызанскія рухі