Віленская медыка-хірургічная акадэмія — вышэйшая навучальная ўстанова, якая існавала ў Вільні ў 1832—1842 гадах.
Створана на базе медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, які быў закрыты ў 1831 годзе. Акадэмія рыхтавала спецыялістаў па медыцыне, ветэрынарыі і фармацыі. Выкладанне вялося на лацінскай, рускай і польскай мовах. Навучанне доўжылася ад трох да пяці гадоў. У першы год працы акадэміі налічвалася 580 студэнтаў, у 1833 годзе — 642. Скончыла акадэмію каля 700 чалавек. У ёй было абаронена 20 доктарскіх дысертацый па медыцыне.
У акадэміі працавала 15 прафесараў і 10 ад'юнктаў. Прафесары акадэміі: А. Абіхт, А. Адамовіч, С. Горскі, Ф. Джавінскі, Ю. Каранеўскі, І. Лабойка, К. Парцянка, І. Якавіцкі і інш. Рэктарамі (прэзідэнтамі) былі: Мікалай Мяноўскі (1832—1833), Томаш Кучкоўскі (1833—1840), Юзаф Мяноўскі (1840—1842).
Акадэміі належалі клінікі акушэрства, хірургіі і тэрапіі (кожная з іх на 20 коек), бальніца для студэнтаў і працаўнікоў акадэміі, ветэрынарная лячэбніца, анатамічны, хімічны, фізічны, заалагічны і іншыя кабінеты, батанічны сад, аптэка, бібліятэка.
Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—1838 гадах тут існавала тайная арганізацыя «Дэмакратычнае таварыства» на чале з Францішкам Савічам, разгром якой вызначыў лёс акадэміі — у 1842 годзе яна закрыта распараджэннем Мікалая I. Рашэнне пра закрыццё было прынята яшчэ ў 1840 годзе, як адзін з апошніх актаў 10-годдзя рэпрэсіўнай палітыкі пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў. Указам Мікалая I ад 27 красавіка 1840 году было вызначана: «… Виленскую медико-хирургическую академию передать из министерства внутренних дел в министерство народного просвещения». Імператарскім рэскрыптам на імя Міністра народнай асветы ад 29 красавіка 1840 года было загадана: «… Вам предоставлено сделать распоряжение о присоединении этой академии по преобразовании ея в медицинский факультет к Университету святого Владимира, когда довершится воздвигаемое в Киеве для него здание»Вадим Шипулін. Перше приміщення медичного факультету .
Бібліятэка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ўніверсітэт, дзе на іх базе ў 1841 годзе створаны . Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навуковыя і педагагічныя традыцыі, закладзеныя Віленскім універсітэтам.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Медыцынскія вышэйшыя навучальныя ўстановы Катэгорыя:Вышэйшыя навучальныя ўстановы Расійскай імперыі