Жуль Эміль Фрэдэрык Маснэ (;  — ) — французскі кампазітар, які атрымаў вядомасць дзякуючы сваім операм, якіх налічваецца больш за трыццаць. Часцей за іншых ставіліся дзве оперы — «Манон» (1884) і «Вертэр» (1892). Маснэ таксама пісаў араторыі, балеты, творы для аркестра, музыку да спектакляў, фартэпіянныя п’есы, песні і іншыя музычныя творы.

Біяграфія Яшчэ школьнікам Жуль быў прыняты ў галоўную музычную навучальную ўстанову Францыі — Парыжскую кансерваторыю. Яго настаўнікам быў Амбруаз Тама. Пасля атрымання Рымскай прэміі ў 1863 годзе, Маснэ шмат пісаў у розных жанрах, але менавіта дзякуючы операм ён хутка набыў вядомасць.

У перыяд з 1867 і да канца жыцця ён напісаў больш за 40 сцэнічных твораў у самых разнастайных жанрах: камічныя оперы, інсцэніроўкі класічных міфаў, рамантычныя камедыі, лірычныя драмы, пісаў араторыі, кантаты і балеты. Маснэ выдатна адчуваў тэатр, што і паслужыла прычынай яго поспеху ў парыжскай публікі. Нягледзячы на некаторыя пралікі, ён напісаў шэраг паспяховых твораў, якія зрабілі яго вядучым оперным кампазітарам ў Францыі з канца XIX стагоддзя і да пачатку XX стагоддзя.

Як і многія вядомыя французскія кампазітары таго часу, Маснэ стаў прафесарам Парыжскай кансерваторыі. Ён выкладаў кампазіцыю з 1878 па 1896 год і, толькі пасля смерці дырэктара Амбруаза Тама, падаў у адстаўку. Сярод яго вучняў былі Гюстаў Шарпанцье, Эрнэст Шасон, Рэйнальда Ан і Габрыэль П’ернэ.