міні|280пкс|Беларускія салдаты высаджваюцца з карабля на паветранай падушцы (26 верасня 2013 г., палігон Хмялёўка) «За́хад-2013» — сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія праводзіліся 20—26 верасня 2013 года.

У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў: 3 у Брэсцкай вобласці і па адным у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У Расіі выкарысталі 2 палігоны Калінінградскай вобласці. Асаблівасцю вучэнняў параўнальна з папярэднімі «Захад-2009» стаў удзел ваенных узброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў межах вучэнняў «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ. Агульны лік удзельнікаў вучэнняў у Беларусі склаў каля ваенных. З іх ад Беларусі было звыш салдат, ад Расіі — каля 2500, ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — каля 300 чалавек. Задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама выкарысталі звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. У Калінінградскай вобласці Расіі задзейнічалі каля 200 ваенных 103-й мабільнай брыгады (Віцебск) Узброеных сіл Беларусі. На вучэннях упершыню адпрацавалі міжвідавое ўзаемадзеянне Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі з прыцягненнем Ваенна-марскога флоту Расіі. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прынялі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту. За вучэннямі назіралі ваенныя аташэ з 20 краін і па 2 замежныя назіральнікі ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Падрыхтоўка 23 кастрычніка 2012 года ў Маскве калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013». Міністр абароны Расіі Анатоль Сердзюкоў паведаміў, што вучэнні адбудуцца ў верасні 2013 года ў 2 этапы на палігонах Беларусі і Расіі. Ён згадаў, што разам з Рэгіянальнай групоўкай войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі на вучэннях задзейнічаюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, у сувязі з чым «на тэрыторыі Беларусі будзе сфарміравана камандаванне КСАР АДКБ». У снежні 2012 года ўрад Беларусі паведаміў дзяржавам, якія падпісалі Венскі дакумент «Аб умацаванні даверу і бяспекі ў Еўропе» 30 лістапада 2011 года, пра намер правесці вучэнні «Захад-2013» і запрасіў для назірання ваенных аташэ дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, і наглядальнікаў ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. 21 лютага 2013 года галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі А. Лукашэнка ўхваліў задуму вучэння і запатрабаваў прыцягнуць да яго правядзення войскі тэрытарыяльнай абароны.

11 сакавіка 2013 года Міністэрства абароны Расіі пачало камандна-штабную трэніроўку з галоўнымі органамі ваеннага кіравання і ваеннымі акругамі для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013». 21—23 мая ў Мінску адбыўся 2-гі этап сумеснай штабной трэніроўкі Узброеных сіл Беларусі і Расіі, у ходзе якога распрацавалі план правядзення вучэння. 27 мая афіцэры Генштаба Узброеных сіл Расіі прыбылі ў Беларусь для аглядаў месцаў правядзення вучэння, каб вызначыць парадак дзеяння войскаў. 16—17 ліпеня 2013 года прайшла камандна-штабная трэніроўка з 2-й інжынернай брыгадай (в/ч 31802; Мінск, вул. Паўлоўскага, д. 58) Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка інжынерных войскаў Андрэя Куракова для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013».

28 жніўня 2013 года міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін паведаміў, што галоўнакамандуючы Узброеных сіл Беларусі А. Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння «Захад-2013» з тэмай «Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы». Вучэнне прызначылі на 20—26 верасня 2013 года. У аснову задумы паклалі ўзрастанне дзейнасці ўзброеных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Бакі проціборства размясцілі ў межах Беларусі і трох прылеглых абласцей Расіі — Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай. «Чырвоныя» ўключалі Беларусь, Расію і 4 іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Сінія» абазначаліся ў якасці кааліцыі зацікаўленых дзяржаў пад умоўнымі назвамі. Прычынай абвастрэння падавалася імкненне дамагчыся пагаршэння грамадска-палітычнага становішча Беларусі. Паводле сцэнарыя, урад Расіі і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ мелі аказаць ураду Беларусі «ў адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай … палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку». У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў паклалі сумесныя дзеянні воінскіх часцей Беларусі і Расіі, што ўваходзілі ў склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ). Прадугледжвалася сумесная адпрацоўка аховы і абароны ваенных аб’ектаў, знішчэння дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў, а таксама пераадолення наступстваў тэхнагенных здарэнняў.

міні|280пкс|Расійскія танкі страляюць з падрыхтаванай пазіцыі (26 верасня 2013 г., Калінінградская вобласць) Для вучэння органаў ваеннага кіравання і войскаў у Беларусі вызначылі 6 палігонаў: Брэсцкі, Гожскі (Гродзенскі раён), Асіповіцкі (Магілёўская вобласць), Абуз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), Барысаўскі (Мінская вобласць) і Даманаўскі (Івацэвіцкі раён). У Расіі задзейнічалі 2 палігоны Калінінградскай вобласці — Хмялёўка і Праўдзінскі. Падчас вучэння вырашылі адпрацаваць прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і падтрымку рэжыму надзвычайнага становішча ў памежным раёне, проціпадрыўную барацьбу, а таксама пошук, блакаванне і знішчэнне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Урэшце прадугледжвалася супрацьпаветранае прыкрыццё пунктаў кіравання і ваенных аб’ектаў, паветранае прыкрыццё манеўраў воінскіх часцей і тактычнае вучэнне з падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі. Правядзенне вучэння спланавалі ў 2 этапы: 1) Аб’яднанае камандаванне РГВ кіруе разгортваннем войскаў, ізаляваннем раёнаў дзеяння ўзброеных фарміраванняў праціўніка і нарошчваннем групоўкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця дзяржаўных і ваенных аб’ектаў; 2) стабілізаванне становішча для забеспячэння ваеннай бяспекі. Прадугледжваўся таксама ўдзел ваенных Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Агульная колькасць асабовага складу мела скласці каля 12 900 чалавек. Каля 200 ваенных 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) накіраваныя на вучэнне на расійскай тэрыторыі. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама прадугледжвалася выкарыстаць звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), звыш 50 самалётаў і верталётаў. На палігонах мелі выпрабаваць шэраг узораў доследнай зброі.

3 верасня 2013 года на станцыю Азярышча на ўсходзе Мінска прыбыў 1-ы эшалон з вайскоўцамі і ваеннай тэхнікай Узброеных сіл Расіі, што ўключаў падраздзяленне забеспячэння для разгортвання сістэмы кіравання. 9 верасня А. Лукашэнка абмеркаваў з генсакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам прыбыццё на вучэнне фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ з ліку ўзброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. На 10 верасня ў Беларусь адправіліся 2500 ваенных Заходняй ваеннай акругі Расіі. Для іх перамяшчэння задзейнічалі 20 ваенных эшалонаў. 6—10 верасня 2013 года ў Брэст (Беларусь) з Маскоўскай вобласці (Расія) прыбывалі эшалоны з тэхнікай і ваеннымі 20-й агульнавайсковай арміі Расіі (Варонеж). Да 10 верасня на Брэсцкі палігон прыбыла каля 900 расійскіх ваенных са 130 адзінкамі бранятанкавай і спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі. 12 верасня эшалон з асабовым складам і тэхнікай 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й асобнай мабільнай брыгады Беларусі прыбыў на чыгуначную станцыю Араніенбаўм (Ленінградская вобласць, Расія) для ўдзелу ў вучэнні.

17 верасня 2013 года на Гожскім палігоне засяродзілі каля 3000 беларускіх і расійскіх салдат. 18 верасня расійскія дэсантныя караблі «Калінінград» Балтыйскага флоту, «Георгій Пераможца» Паўночнага флоту і «Азоў» Чарнаморскага флоту даставілі беларускіх дэсантнікаў і тэхніку ў Балтыйск (Калінінградская вобласць). Адтуль беларускія салдаты мелі накіравацца на палігоны Балтыйскага флоту Расіі для адпрацоўкі знішчэння ўзброеных фарміраванняў сумесна з расійскімі марскімі пяхотнікамі і дэсантнікамі. Падчас 2-дзённага пераходу беларускія дэсантнікі са 103-й брыгады (Віцебск) ўдзельнічалі ў вучэнні па абароне карабельнага ордэра. 19 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне адкрылі вучэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ «Узаемадзеянне-2013», што мела прайсці 20—25 верасня спадарожна з вучэннем «Захад-2013». Свае воінскія кантынгенты даслалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. На вучэнні мелі апрабаваць прымяненне авіяцыі калектыўных сіл у спецыяльнай і сумеснай аперацыі па барацьбе з узброенымі фарміраваннямі. Лік удзельнікаў перавышаў 600 чалавек. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 60 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, а таксама каля 15 адзінак паветранай тэхнікі. Камандзір групоўкі КСАР АДКБ Алег Белаконеў адзначыў, што «вучэнне „Узаемадзеянне-2013“ накіраванае на барацьбу з тэрарызмам».

Агулам з пачатку 2013 года ва Узброеных сілах Беларусі і Заходняй ваеннай акрузе Расіі правялі звыш 10 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі да вучэння.

Правядзенне 20 верасня 2013 года Узброеныя сілы Беларусі і Расіі пачалі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013» ва ўмовах дажджлівага надвор’я на беларускіх палігонах. Кіраўнікамі вучэння выступілі міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі 12 900 ваенных, з іх звыш 10 000 ад Узброеных сіл Беларусі, каля 2500 расійскіх салдат і звыш 300 ваенных ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Таксама задзейнічалі 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. Падраздзяленні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі размясцілі блокпасты каля заходняй мяжы Беларусі, ахоўвалі дзяржаўныя будынкі, ладзілі засады на пагражальных напрамках і вялі дазор супраць пранікнення дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Ва ўзаемадзеянні задзейнічалі Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльныя войскі і Сілы спецыяльных аперацый Беларусі. На Абуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне рэактыўны дывізіён 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (Асіпавічы) правёў баявыя пускі снарадаў. Да 22 верасня на 6 ваенных палігонах Беларусі задзейнічалі абодва аператыўныя камандаванні Узброеных сіл Беларусі — Заходняе і Паўночна-заходняе, а таксама войскі 20-й арміі Расіі.

міні|280пкс|Расійскія верталёты на вучэннях (26 верасня 2013 г.)