Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй Святой Альжбеты — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у аграгарадку Фашчаўцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Да нядаўняга часу не было вядома, што спачатку вёска называлася Чарніца, а назва Фашчаўка або Хвашчаўка замацавалася толькі ў другой палове XVII стагоддзя. Праз гэтую акалічнасць ранняя гісторыя касцёла і парафіі працяглы час заставалася малавывучанай, змяшчала памылкі і неадпаведнасці.

Асабліва шанаваўся тутэйшымі вернікамі вядомы з першай паловы XVII ст. абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Фашчаўскай, які лічыўся цудадзейным.

Фашчаўскі касцёл адзін з першых у Беларусі, дзе ў пачатку ХХ ст. пачалі прамаўляць казанні на беларускай мове.

Гісторыя

У 1604 годзе вёска Чарніца над ручаём Чарніцай упершыню згадваецца ў Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскай эканоміі.

5 лістапада 1611 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза для заснавання калегіюма езуітаў і школ у Оршы дараваў пляц у горадзе і 200 валок зямлі з падданымі ў Магілёўскай эканоміі. У наступным, 1612 годзе, прадстаўнікі караля і віленскага біскупа разам з адміністрацыяй Магілёўскай эканоміі вылучылі з каралеўскіх уладанняў і перадалі ва ўласнасць аршанскіх езуітаў вёскі Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Крывель, Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Чална (цяпер Саськаўка).

Дакладна невядома калі аршанскія езуіты пачалі першыя спробы акаталічвання тутэйшых праваслаўных сялян, але паводле ўскосных звестак дапускаецца існаванне тут каталіцкай капліцы ўжо ў 1630-х гадах. Першыя вядомыя згадкі пра прысутнасць у Чарніцы каталікоў звязаныя з шанаваннем абраза Маці Божай, які лічыўся цудадзейным.

У 1634 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV дараваў аршанскім езуітам на ўтрыманне бурсы музыкаў суседнюю вёску Дубраўка. Гісторык ордэна езуітаў кс. паведамляе, што русіны з Дубраўкі ўпарта трымаліся праваслаўя. Езуіты не забаранялі ім наведваць праваслаўную царкву, але прымушалі слухаць казанні ў каталіцкім касцёле. Жыхарам Дубраўкі не падабалася такое патрабаванне, таму яны прасілі пра зваротнае далучэнне сваёй вёскі да каралеўскіх уладанняў, дзе такога прымусу не было, але безвынікова. Падчас асабліва суровай зімы 1642 года езуіты дастаўлялі ежу сялянам і давалі прытулак дзецям, што схіліла ўпартых да навяртання ў каталіцтва.

Даследчык гісторыі касцёла А. В. Красоўскі лічыць, што гэтая інфармацыя сведчыць пра існаванне ў той час каталіцкай супольнасці ў Чарніцы, бо значная адлегласць да бліжэйшых касцёлаў у Шклове і Магілёве наўрад ці дазволіла б сялянам рэгулярна слухаць там казанні. На думку А. В. Красоўскага той факт, што езуіцкія крыніцы згадваюць пра супраціў акаталічванню толькі жыхароў Дубраўкі кажа пра тое, што сяляне астатніх вёсак (Чарніца, Крывель, Княжыцы, Чална, Чамаданы) або да таго часу ўжо прынялі каталіцтва, або прынамсі не аказвалі моцнага супраціву празелітызму езуітаў.

Па непацверджаных звестках капліца спалена казакамі ў 1655 годзе падчас вайны Расійскага Царства з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Інфармацыя пра гэта ёсць толькі ў скарочанай рэдакцыі даследавання езуіцкага гісторыка кс. , а ў поўнай версіі яе няма.

У 1668 годзе ў Чарніцы паўстаў новы касцёл, а з 1669 года пачалі весці метрычныя кнігі.

У 1692 годзе збудаваны новы вялікі драўляны касцёл.

У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў касцёл абрабавалі расійскія войскі. Жаўнеры забралі касцельнае срэбра, святарскае адзенне і нават васковыя свечкі.

У 1737 годзе пачалі класці фундаменты пад новы мураваны касцёл. Вуглавы камень быў закладзены 9 ліпеня 1738 года. Будаўніцтвам у 1738—1739 гадах кіраваў езуіт Ежы Шык (, ), які памёр ад удару маланкі падчас працы на рыштаванні касцёла 6 чэрвеня 1939 года. У 1747—1757 гадах будаўніцтвам кіраваў езуіт Бенядыкт Мёзмэр (, ). Новы касцёл асвяцілі 7 верасня 1754 года, але ўжо ў 1757 годзе заваліліся нядаўна пастаўленыя мураваныя музычныя хоры. У езуіцкай хроніцы запісана, што гэта сталася з віны архітэктара, але яго прозвішча не падаецца.

У 1768 годзе касцёл кансэкраваў біскуп-суфраган беларускі (дапаможны біскуп Віленскай дыяцэзіі для Беларусі).

У XVIII стагоддзі фашчаўскі храм меў статус філіяльнага касцёла ў Аршанскай парафіі. У 1776 годзе біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч здзейсніў пастырскую візітацыю касцёла, падчас якой утварыў асобную фашчаўскую парафію. Біскуп прызначыў куратам езуіта кс. Дамініка Бжэзінскага () і аддаў яму засведчаны сваёй пячаткай інвентар касцёла. Такое прызначэнне супярэчыла правілам ордэна, таму віцэ-правінцыял кс. Станіслаў Чарневіч адклікаў кс. Бжэзінскага ў Оршу і ад свайго імя прыслаў у Фашчаўку адміністратара.

Езуіты абслугоўвалі фашчаўскую парафію да 1820 года, калі ўлады забаранілі дзейнасць Таварыства Езуса на тэрыторыі Расійскай імперыі. Пры касцёле звычайна працавала два ксяндзы-езуіты з Аршанскага калегіума.

Ліквідацыя парафіі З 1929 года савецкая дзяржава перайшла да адкрытай барацьбы з рэлігійнымі арганізацыямі і рэпрэсій супраць вернікаў.

Ужо 1 красавіка 1930 года на старонках віленскай газеты «Дзеннік віленьскі» () быў надрукаваны ліст з СССР пра пераслед рэлігійных арганізацый і духавенства, у якім згадваюцца надмерныя падаткі, прызначаныя ўладамі для каталіцкай супольнасці ў Фашчаўцы:

А цяпер яшчэ адна заўвага пра падаткі, якія мусяць плаціць вернікі. Раней у Фашчаўцы каталікі плацілі за невялікую капліцу 78 рублёў (40 даляраў) у год, у гэтым годзе савецкія ўлады павялічылі гэты падатак да 1818 рублёў. Гэтая сума перавышае матэрыяльную вартасць вельмі сціплай каплічкі

Магчыма, мова тут пра адну з існаваўшых у фашчаўскай парафіі капліц у вёсках Карзеева (Кардзеева) і Вуглы сучаснага Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Наўрад ці пасля павышэння падаткаў у 23 разы каталікі ўтрымалі за сабой капліцу.

Пра ўзмацненне напружання паміж парафіяй і ўладай сведчыць таксама кароткая згадка Фашчаўкі ў чэрвені 1930 года на старонках антырэлігійнага часопіса Саюза ваяўнічых бязбожнікаў, дзе фашчаўскі ксёндз абвінавачваўся ў супрацьдзеянні мерапрыемствам савецкай улады па калектывізацыі:

У вёсцы Фашчаўка (БССР) актыўную контррэвалюцыйную працу праводзіць мясцовы ксёндз. Ён некалькі разоў зрываў набатам сходы па калектывізацыі, угаворваў сялян прадаваць быдла, пагражаў тым, хто ўступае ў калгас, падпаламі і «божай карай»

Цяжка вызначыць пра каго менавіта вядзецца, бо кс. Альбін Шаціла (1887—1937), які ўзначальваў парафію з 1924 года, быў арыштаваны ў жніўні 1929 года, хаця ёсць звесткі, што на момант арышту ён быў ужо пробашчам у Койданаве. З восені 1926 года ў Фашчаўцы жыў шклоўскі адміністратар кс. Пётр Януковіч (1863—1937), якога іншыя крыніцы ў гэты перыяд называюць фашчаўскім пробашчам, але ў дыяцэзіяльным даведніку 1928 года ён ужо згадваецца ў парафіі Св. Францішка ў Ленінградзе. Хто кіраваў парафіяй да 1933 года, невядома. З канца 1933 ці з 1934 года фашчаўскую парафію, хутчэй за ўсё, зноў абслугоўваў шклоўскі пробашч Пётр Януковіч.

Беларускі гісторык І. А. Пушкін сцвярджае, што ў той час фашчаўскі касцёл па-ранейшаму адыгрываў значную ролю ў рэлігійным жыцці мясцовага і навакольнага насельніцтва. На рэлігійныя святы збіралася вялікая колькасць людзей са Шклоўскага, Магілёўскага, Дрыбінскага, Горацкага і Аршанскага раёнаў. Спасылаючыся на дакладную запіску Шклоўскага раённага камітэта КП(б)Б ад 6 мая 1937 года аўтар піша, што мясцовыя ўлады некалькі разоў спрабавалі сабраць подпісы за закрыццё касцёла, але безвынікова. Касцельную раду ачольваў інвалід па зроку, у яе склад уваходзіла нават некалькі калгаснікаў. У Фашчаўцы па ініцыятыве ўладаў былі пабудаваныя: МТС (машынна-трактарная станцыя), двухпавярховая сярэдняя школа, вялікая крама, праведзена электрычнасць, але гэта не змагло паўплываць на рэлігійнасць насельніцтва.

Найбольш распаўсюджаная крыніца пра падзеі, вынікам якіх стала фактычнае заканчэнне існавання парафіі — запісы кс. Караля Тамэцкага, зробленыя ў 1994—1996 гадах на аснове размоў з парафіянамі ў Фашчаўцы. Паводле кс. Тамэцкага, 13 чэрвеня 1937 года падчас апошняй традыцыйнай пілігрымкі на адпуст Святога Антонія ў Магілёў, калі большасць жыхароў туды накіраваліся, невядомыя злачынцы ўварваліся ў касцёл і скралі абраз Маці Божай Фашчаўскай з галоўнага алтара. Фразу «невядомыя злачынцы» кс. Тамэцкі бярэ ў двукоссі, маючы на ўвазе, што за гэтым учынкам стаялі звязаныя з уладай людзі. Працягам падзей стаў арышт 9 кастрычніка 1937 года фашчаўскага ксяндза Пятра Януковіча, акрамя яго «за касцёл» забралі яшчэ 13 парафіян, сярод якіх быў старшыня касцельнага камітэта Ігнат Давідовіч, арганіст Марцін Сякацкі, а таксама бацька і сын Крупенькі. У зносках Тамэцкі адзначаў, што пра Ігната Давідовіча ён даведаўся з публікацыі мясцовага краязнаўца А. П. Грудзіны, астатніх назвалі яму самі фашчаўскія парафіяне. Пасля судовага працэса, які апісваўся ў шклоўскіх газетах, усіх расстралялі на працягу тыдня.

Аднак у святле іншых крыніц паслядоўнасць тых падзей выглядае трохі іначай.

У даследаваннях па гісторыі масавых рэпрэсій (Р. Дзванкоўскі, Л. У. Маракоў), якія абапіраюцца на дакументальныя крыніцы, сцвярджаецца, што фашчаўскі ксёндз Пётр Януковіч быў арыштаваны на 4 месяцы раней — 9 чэрвеня 1937 года, пастановай Камісіі НКУС і пракурора СССР 25 жніўня 1937 года асуджаны на смерць як уяўны кіраўнік паўстанцкай ячэйкі Польскай ваеннай арганізацыі (ПАВ) у Шклоўскім раёне. Ён быў расстраляны праз два дні, 27 жніўня 1937 года, у Мінску разам з некалькімі іншымі ксяндзамі. Паводле Л. У. Маракова, кс. Януковіч быў рэабілітаваны 22.03.1989 г. пастановай прэзідыума Вярхоўнага суда БССР. Следчая справа № 9711 захоўваецца ў архіве Ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.

Тамэцкаму была вядомая гэтая інфармацыя і падае яе ў зносках, але ў асноўным тэксце брашуры ён вырашыў трымацца вуснай версіі, якая бытавала ў Фашчаўцы. У такім выпадку, выкраданне абраза Багародзіцы Фашчаўскай, калі яно сапраўды было, здзейснена праз чатыры дні пасля арышта ксяндза і, магчыма, найбольш актыўных парафіян, у той час як астатнія ўдзельнічалі ў пілігрымцы ў Магілёў. Такія акалічнасці даюць падставы думаць, што злачынства магло быць чыста крымінальнага характару, бо ва ўсіх адносінах быў надта зручны момант для злодзеяў — касцёл на пэўны час застаўся без пільнага нагляду. Пагатоў, падобны крадзеж ужо адбываўся ў 1912 годзе, калі сур’ёзнага пераследу з боку ўладаў не было.

Што тычыцца арышту парафіян, у выпадку Ігната Давідовіча краязнавец А. П. Грудзіна не дае ў сваёй публікацыі даты гэтай падзеі. У кнізе «Памяць: Шклоўскі раён», на якую спасылаецца А. П. Грудзіна, адзначана, што старшыня рады фашчаўскага касцёла Ігнат Аўгуставіч Давідовіч (1904 г. н., в. Крывель) быў арыштаваны і расстраляны значна раней, у 1933 годзе. Відавочна, не маючы першакрыніцы, кс. Тамэцкі памылкова аднёс арышт Давідовіча да 1937 года. Вядома, кнігі серыі «Памяць» часта змяшчаюць памылкі і недакладнасці, але можна дапусціць, што скіраваныя супраць касцёла рэпрэсіі пачаліся ў фашчаўскай парафіі на некалькі гадоў раней.

Калі дапусціць, што арыштаваныя ў 1937 годзе фашчаўскія парафіяне праходзілі па той самай сфабрыкаванай справе разам з ксяндзом Януковічам, г. зн. былі асуджаныя ў 1937 годзе і рэабілітаваны пасля перагляду справы ў 1989 годзе, то са спісу беспадстаўна рэпрэсаваных жыхароў Шклоўскага раёна, надрукаванага ў кнізе «Памяць: Шклоўскі раён», можна выбраць імёны 15 магчымых ахвяр антырэлігійнай барацьбы: