«Legends of Eisenwald» () — аднакарыстальніцкая тактычная ролевая гульня ад беларускай кампаніі «Aterdux Entertainment». Сродкі на гульню былі сабраныя праз краўдфандзінгавую кампанію на «Kickstarter» (2013), 2 ліпеня 2015 года гульня выйшла на платформе «Steam».

Гульнявы працэс Гульнявы працэс падзяляецца на дзве галоўныя часткі: узаемадзеянні на вялізнай карце, выкананне заданняў, гандаль зброяй, даспехамі, зёлкамі і іншымі рэчамі, узбраенне войска, кіраванне замкамі і іншымі ўладаннямі, і ўласна бітвы.

У гульнявым свеце ў рэальным часе, акрамя героя, рухаюцца і дзейнічаюць атрады іншых феадалаў і забойцаў. Асноўнай крыніцай прыбыткаў і сацыяльнага статусу з’яўляецца замак, дзе можна аднавіць здароўе, адпачыць і наняць ваяроў. Таксама кантроль над замкам дазваляе не марнаваць грошы на ўтрыманне войска. Рэкрутаваць салдат можна ў вёсках, замках, гарадах і манастырах, у кожным з якіх можна наняць толькі пэўны іх від, а таксама наняць наймітаў у шынках.

Бітвы складаюцца з супрацьстаяння атрадаў героя (могуць складацца з 11 адзінак) і варожымі атрадамі. У канцы бітвы пераможца атрымлівае пункты досведу. Усе адзінкі атрымліваюць досвед прапарцыйна свайму ўдзелу ў бітве. Пры назапашванні патрэбнай колькасці досведу войскі павялічваюць свае ўменні, калі такія дасяжныя. Паляпшэнне адзінак бясплатнае і можа быць зроблена неадкладна альбо ў пазнейшы час. Акрамя гэтага, вайсковыя адзінкі можна ўзмацняць з дапамогай амулетаў і зёлак.

У пачатку кампаніі гулец можа абраць свой клас (рыцар, баранэса ці містык). Кожны клас мае свае перавагі. Напрыклад, рыцар здольны навучыцца скакаць на кані, баранэса можа карыстацца лукамі і арбалетамі, а маг можа засвоіць групавыя закляцці. У адрозненне ад звычайных войск, героі не змяняюць свой выгляд пры паляпшэннях і могуць засвойваць новыя ўменні.

Дрэвы ўменняў герояў падзяляюцца на тры галіны: баявая, феадальная і камандная. Баявыя ўменні ўнікальныя для кожнага класа, а феадальныя і камандныя аднолькавыя.

Сюжэт «Legends of Eisenwald» — фэнтэзійная РПГ, дзеянне якой адбываецца ў выдуманым княстве Айзенвальд у сярэднявечнай Германіі часоў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Асноўныя падзеі засяроджаны на жыцці малодшага сына барона Лянштайна, які па вяртанні ў родныя мясціны даведваецца, што сямейны замак закрыты для ўваходу. Магчымыя два розныя сцэнарыі: «Маскарад» і «Пракляты замак» — у розных месцах Айзенвальда.

Прыняцце Аглядальнік часопіса «Игромания» Станіслаў Сцепанчанка даў гульні ацэнку 8 з 10 балаў. Станоўча былі ацэнены баявая сістэма, агульная атмасфера гульні і сюжэтныя хады, прэтэнзіі выклікала тэхнічнае афармленне гульніСтанислав Степанченко. Рыцарь на распутье. Обзор «Легенд Эйзенвальда» «Игромания», 07.07.2015. Дадатак атрымаў 6,5 балаў.

Заўвагі

Спасылкі Афіцыйны сайт Сайт распрацоўніка Агляд гульні на IGN Агляд гульні на GameSpot

Катэгорыя:Відэагульні 2015 года Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Стратэгічныя відэагульні Катэгорыя:Квэсты Катэгорыя:Відэагульні ў жанры фэнтэзі