Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіраўнічы орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 года дзейнічае на эміграцыі і ёсць адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Усебеларускага з’езда 1917 года і такім чынам з’яўляецца самым старым у свеце «ўрадам у выгнанні».

Гісторыя дзейнасці ў 1917—1919

Утварэнне Рады БНР. Першая і Другая Устаўныя граматы Рада вядзе свае вытокі ад Рады І Усебеларускага Кангрэса, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 года і сабраў 1872 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Нягледзячы на разгон Кангрэса з боку бальшавікоў, дэлегатам атрымалася афіцыйна прызнаць Раду «найвышэйшаю ўстановаю краю», даручыўшы ёй «усю паўнату ўлады на Беларусі».

18 лютага 1918 года пачалося наступленне германскіх войск у Беларусі. У ноч з 18 на 19 лютага 1918 года бальшавіцкае кіраўніцтва Аблвыкамзаха і Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту збегла з Мінску на ўсход. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда змог выйсці з падполля і з турмы былі вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦВБР). На надзвычайным пасяджэнні Выканкома ЦВБР было прынята рашэнне «прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда і ўзяць уладу ў свае рукі». Выканкам Рады Усебеларускага з’езда сабраўся ў доме пісьменніка Ядвігіна. Сваім загадам № 1 ад 19 лютага 1918 года Выканкам абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі»100 гадоў таму, 19 лютага 1918 года, у Мінску ўпершыню залунаў бел-чырвона-белы сцяг // nashaniva.by 19 лютага 2018.

21 лютага 1918 была выдадзеная Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой Выканаўчы камітэт абвясціў сябе часовай уладай Беларусі «для кіравання і склікання, як мага хутчэй, Устаноўчага сойму», а выканаўчую ўладу перадаў Народнаму сакратарыяту Беларусі.

9 сакавіка 1918 года Выканкам Рады Усебеларускага з’езда выдаў Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, паводле якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18 сакавіка 1918 года на пленарным пасяджэнні Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду БНР.

У Раду БНР увайшлі вядомыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, у тым ліку: Антон Аўсянік Палута Бадунова Язэп Варонка Тамаш Грыб Кастусь Езавітаў Васіль Захарка Лявон Заяц Макар Краўцоў Пётр Крачэўскі Язэп Лёсік Язэп Мамонька Сымон Рак-Міхайлоўскі Янка Серада Аркадзь Смоліч і іншыя.

У склад Рады БНР былі кааптаваныя 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР): Вацлаў Ластоўскі Антон Луцкевіч Іван Луцкевіч Ян Станкевіч Дамінік Сямашка Язэп Туркевіч а таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасцей, земстваў і гарадоў.

Старшынёй Рады БНР стаў былы старшыня Прэзідыума Усебеларускага з’езда Янка Серада.

Па стане на 25 сакавіка 1918 года налічвалася 77 членаў Рады: 36 — абраныя на Усебеларускім з’ездзе, 6 — ад Віленскай беларускай рады, 15 — ад нацыянальных меншасцей (рускай, польскай, яўрэйскай), 10 — ад земстваў, 10 — ад гарадоў.

19 сакавіка 1918 Рада прыняла палажэнне аб вярхоўнай уладзе БНР, у якой абвяшчалася, што ніводзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР.

У складзе Рады дзейнічалі камісіі, у перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР. З шэрагаў членаў Рады БНР фарміраваўся Урад БНР.

Трэцяя Устаўная грамата

У 1918 годзе ў Радзе існавалі 2 плыні: аўтанамісцкая і незалежніцкая.

Аўтанамісты (прадстаўнікі земстваў, гарадоў, рускай, часткова яўрэйскай нацыянальных меншасцей і некаторыя члены БСГ на чале з М. Краўцовым) выступалі за аўтаномны статус Беларусі ў складзе Расіі. Яны прытрымліваліся рэзалюцыі Усебеларускага з’езда, паводле якой Беларусь павінна была застацца аўтаномнай адзінкай з рэспубліканскім ладам у складзе Расіі.

Незалежнікі выступалі за поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Да незалежніцкай плыні належалі беларускія сацыялісты Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя на чале са старшынёй фракцыі БСГ Аркадзем Смолічам. Іх пазіцыі ўзмацніліся пасля прыезду з Вільні ў Мінск Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча.

У ноч на 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату. Напярэдадні да незалежнікаў далучылася група Краўцова. Супраць незалежнасці БНР прагаласавалі члены Рады ад Бунда, гарадоў і земстваў, сярод якіх пераважалі прадстаўнікі агульнарасійскіх Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (меншавікоў) і партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У знак пратэсту супраць абвяшчэння незалежнасці 9 прадстаўнікоў земстваў пакінулі пасяджэнне Рады. Пры галасаванні ўстрымаліся члены Рады ад Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі (АЯСП) і Паалей-Цыёна. Пазней прадстаўнікі АЯСП далучыліся да большасці.

27 сакавіка 1918 года Рада абвясціла, што бярэ на сябе ўсю паўнату ўлады ў Беларусі. Нямецкія акупанты ў адказ разагналі Раду і Народны сакратарыят. У пачатку красавіка 1918 дзейнасць Народнага сакратарыята была забаронена.

12 красавіка 1918 года склад Рады папоўнілі 15 правых дзеячаў, членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва», у тым ліку

Раман Скірмунт, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Павел Аляксюк Аляксандр Уласаў, былы рэдактар газеты «Наша Ніва» генерал Кіпрыян Кандратовіч кс. Аляксандр Астрамовіч кс. Вінцэнт Гадлеўскі

Па меры таго, як Першая сусветная вайна набліжалася да канца і стала зразумелым, што на землі, якія знаходзіліся пад нямецкім кантролем, прыйдуць бальшавікі, вакол Рады зноў пачалі групавацца антыбальшавіцкія сілы. У канцы верасня ў склад Рады ўвайшлі прадстаўнікі мінскага праваслаўнага духавенства і мінскага праваслаўнага брацтва (10 чал.), польскай нацыянальнай меншасці (4), партыі кадэтаў (4), яўрэйскай меншасці, прафесійных арганізацый.

11 лістапада Рада зацвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР і перайменавала Народны сакратарыят у Раду Народных Міністраў Беларускай Народай Рэспублікі, на чале якой стаў Антон Луцкевіч.

Ад’езд з Мінска Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі Віленская беларуская рада па даручэнні Луцкевіча дасягнула дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай аб пераездзе Рады і ўрада БНР у Вільню. Апошняе пасяджэнне Рады БНР у Мінску адбылося 28 лістапада 1918, на якім прынята Грамата з заклікам ствараць беларускія рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў. 3 снежня 1918 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а 27 снежня 1918 — у Гродна.

Рада БНР у эміграцыі

З 1919 г. па 1945 г. У красавіку 1919 года польская армія заняла Вільню і Гродна. Прадстаўнікі Рады БНР усталявалі кантакты і вялі перамовы з польскім кіраўніцтвам і асабіста Юзафам Пілсудскім. У выніку гэтага Рада зрабілася арэнай жорсткіх дэбатаў што да стасункаў з польскімі ўладамі, што нават вылілася ў яе часовы раскол. Польскія акупацыйныя ўлады падверглі лідараў Рады рэпрэсіям. У турму трапілі Ластоўскі, Бадунова, Грыб і Мамонька; Захарка і Крачэўскі былі вымушаны эміграваць у Германію. Пасля вызвалення Ластоўскага і іншых Прэзідыум Народнай рады сабраўся ў Рызе. У снежні 1919 г. Старшынёй Рады БНР быў абраны Пётр Крачэўскі. Да пачатку 1921 года раскол Рады быў пераадолены.

Адначасова з гэтым на працягу 1920 года Рада БНР вядзе перамовы аб прызнанні з боку РСФСР. У чэрвені дэлегацыя БНР мае сустрэчу з Георгіем Чычэрыным, міністрам замежных спраў РСФСР.

Пасля заключэння 11 жніўня 1920 года мірнага дагавора паміж Латвіяй і РСФСР Рада БНР як антысавецкая арганізацыя не магла заставацца ў Рызе. У лістападзе 1920 года БНР заключае дамову аб узаемным прызнанні з Літоўскай Рэспублікай, што дало магчымасць Прэзідыуму Рады БНР пераехаць у Коўна (Каўнас).

У пачатку 1920-х гадоў кіраўніцтва Рады і ўрад БНР базаваліся ў Коўне і падтрымлівалі найбольш шчыльныя сувязі з урадам Літоўскай Рэспублікі. Тэрыторыя ЛР служыла базаю для партызанаў, якія пры падтрымцы ўладаў БНР вялі антыпольскую партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі, што знаходзілася ў складзе Польшчы. 7 лютага 1921 года Урад БНР склаў Мемарандум на адрас Папы Рымскага Бенедыкта XV. У гэтым дакуменце беларускі ўрад крытыкаваў польскія касцёльныя ўлады за актыўную палітычную і нацыяналістычную агітацыю, якую палякі-ксяндзы праводзілі сярод беларускіх каталікоў, а таксама прапанаваў пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў касцёле на Беларусі ў інтарэсах беларускіх вернікаўАрхівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian democratic republic / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад., падрыхт. тэксту, уступ. арт., камент., пер., паказ. С. Шупы]. Т. 1: У 2-х кн. Кн. 2: Фонд N 582 Дзяржаўнага архіва Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва — Таварыства беларускага пісьменства — «Наша ніва», 1998. — 851—1721: іл. с. — С. 1030—1035. — (Bibliographic series; № 4). — ISBN 9986-9219-3-7..

У 1921 года на арганізаванай Радай БНР у Празе Нацыянальна-палітычнай нарадзе быў асуджаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога тэрыторыя Беларусі дзялілася паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Рада БНР была прызнаная як галоўны беларускі прадстаўнічы орган.

У выніку супярэчнасцей унутры ўрада БНР па тэме тэрытарыяльных саступак Літоўскай Рэспубліцы ў лістападзе 1923 г. Прэзідыум Рады пераехаў з Коўны ў Прагу.

Рада БНР працягвала кантакты з Лігай Нацый, урадамі замежных краін. Намаганнямі членаў Рады ў Чэхіі былі арганізаваныя стыпендыі для беларускіх студэнтаў.

Новая эканамічная палітыка, беларусізацыя, узбуйненне БССР, а таксама амністыя былым праціўнікам савецкай улады, прынятая ў 1923 годзе, парадзілі ў эмігранцкіх колах прасавецкія настроі. У 1925 годзе Аляксандр Цвікевіч і яго аднадумцы склікалі ў Берліне Другую Усебеларускую канферэнцыю, якая прыняла рэзалюцыю аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля канферэнцыі шэраг членаў Рады БНР выехаў ў БССР (большасць у выніку была рэпрэсавана), але Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэнні канферэнцыі.

Пасля смерці Пятра Крачэўскага ў 1928 годзе яго паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР перайшлі да Васіля Захаркі. У 1930-я гады назіраецца згасанне актыўнасці Рады БНР. У 1939 годзе Васіль Захарка накіраваў пратэст прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі супраць пагаднення з СССР, паводле якога Вільня пераходзіла са складу БССР у склад Літоўскай Рэспублікі. Перад сваёй смерцю ў 1943 годзе Захарка перадаў паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР Міколе Абрамчыку. Сакратаром Рады БНР стала Ларыса Геніюш.

Падчас Другой сусветнай вайны асноўныя органы Рады БНР працягвалі заставацца ў Празе.

Калі высветлілася, што немцы не гатовыя стварыць беларускую ўладу, а беларусам у будучыні адводзіцца месца выканаўцы загадаў нямецкага кіраўніцтва, Васіль Захарка спыніў супрацоўніцтва з немцамі і стаў у сваіх артыкулаў іх востра крытыкавацьГардзіенка А.: Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995). / Мінск, 2016. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны). С. 39.. Рада БНР не прызнае законным Другі Усебеларускі кангрэс, а таксама Беларускую цэнтральную раду С. 390.. Пад канец вайны па меры наступу савецкіх войскаў Рада была вымушана пераехаць у заходнюю частку Германіі, каб пазбегнуць арышту і захопу архіваў з боку савецкіх органаў.

Пасля Другой сусветнай вайны Пасляваенная хваля палітычных уцекачоў з Беларусі папоўніла шэрагі Рады БНР і актывізавала яе працу. Яна стала кропкай прыцягнення для беларускіх эмігрантаў, якія не жадалі супрацоўнічаць з Беларускай цэнтральнай радай, якая была ўтвораная ў Мінску ў 1944 годзе пры падтрымцы нямецкіх акупантаў і якая таксама разгарнула сваю дзейнасць у выгнанні.

29 снежня 1947 года ў Остэргофене (Германія), на сходзе, прысвечаным 30-й гадавіне І Усебеларускага з’езду, было афіцыйна абвешчана пра аднаўленне дзейнасці Рады БНР на чале з Міколам Абрамчыкам. У склад адноўленай Рады ўвайшлі 72 члены.