Таўкачэ́вічы 1 (, ) — вёска ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Хатлянскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае Упершыню Таўкачэвічы (старабеларускай мовай Толкачевичи С. 238., сустракалася таксама Толкачи) згадваюцца ў 1582 годзе, калі іх уладальнік Карыбутовіч Стэфан Грабоўскі правёў размежаванне зямель з суседнім Шацкам, які быў у валоданні Мікалая Радзівіла Сіроткі. Уваходзілі ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У пачатку XVII стагоддзя тут спадчыну атрымаў Януш Радзівіл разам з жонкай Зоф’яй Слуцкай, народжанай Барбарай Кішчанкай і таксама Станіславам Станіслававічам Кішкам і Ганнай з Кішкаў, якая была ў шлюбе з Стэфанам Пацеем. Радзівілы ўступілі ў правы 27 чэрвеня 1604 года, але неўзабаве прадалі сваю спадчыну Якубу Прошыцкаму, суддзю гродскаму віленскаму. У 1612 годзе спадчыну Станіслава Кішкі набыў Сямён Астравух. У 1616 годзе Ганна Пацеева прадае сваю частку Прошыцкім. У 1617 годзе Прошыцкі выкупае спадчыну Астравуха і такім чынам становіцца ўласнікам усіх Таўкачэвічаў, у тым жа годзе за 12 000 коп грошай літоўскіх прадае іх Янушу Быхаўцу. У той час да Таўкачэвічаў адначасова належылі сёлы і фальваркі: Любяча, Хатляны, Кавалевічы, Сяргеевічы і Касцюкі.
Па суседстве ў Таўкачэвічамі ляжаў Шацк, які трымаў у праве застававым ад князя Галоўчынскага Андрэй Вінка. Вінка распачаў гранічныя спрэчкі і наезды, а ў 1620 годзе зрабіў збройны наезд на маёнтак Быхаўца, знішчыў Кавалевічы і Таўкачэвічы, забіў Януша Быхаўца і яго людзей. Адбыўся доўгі крымінальны працэс, які скончыўся дэкрэтам ад 3 лістапада 1628 года, які адхіліў прэтэнзіі абодвух бакоў. Аднак спрэчкі аб мяжы працягваліся, у 1631 годзе ваявода менскі Пётр Скумін Тышкевіч наведаў гэту мясцовасць і выдаў дэкрэт, які прызнаў прэтэнзіі Вінкі несапраўднымі, а слушнымі Базыля Быхаўца. У тым жа годзе новы пакупнік Шацка Пётр Пякарскі пісьмова адмовіўся ад прэтэнзій да таўкачэвіцкіх граніц, аднак у 1647 годзе Юрый Літавор Храптовіч, трымальнік Шацка, зноў распачаў спрэчкі, праз што працэсы трывалі далей.
23 траўня 1652 года Ян Быхавец і яго жонка Крыстына з Войнаў пазычылі ў архімандрыта менскага манастыра Варлаама Кузінскага 15 000 злотых у заклад Таўкачэвічаў. Пазней, у часы ваенных хваляванняў (час вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў), Быхаўцы ізноў авалодалі фальваркам. Тады ў 1663 годзе ў Крыстыны з Войнаў (у 2-м шлюбе Якубова Кунцэвічовая) праз трыбунал спагнаў 18 805 злотых пленіпатэнт архімандрыта Мікалай Валодзька. У другой чвэрці XVIII стагоддзе ў праве заставы ад Быхаўцаў Таўкачэвічы трымалі Заранкі герба Корчак. У 1760 годзе Уладзіслаў Быхавец, суддзя выўкавыскі, і яго сын Ян перадалі Таўкачэвічы на вечнае права сёстрам: Эльжбэце (Елізабеце) з Заранкаў Крыштафовай Завішыне і Аляксандры Заранкоўне. Сёстры падзялілі ўладанні: Таўкачэвічы з ваколіцамі ўзяла Эльжбэта, а Аляксандра атрымала Дудзічы з фальваркамі Кавалевічы, Сяргеевічы і Кабылічы. Далей праз вена ад Завішанкі Таўкачэвічы атрымаў прускі афіцэр граф Вільгельм Грабоўскі.
Пад уладай Расійскай імперыі У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе быў панскі дом са службамі, вінакурня, карчма, драўляная капліца. З сямі сыноў Грабоўскага наймалодшы Караль (Карл), у шлюбе з Зоф’яй Горватаўнай (дачка Аляксандра Горвата з Барбарова) меў дачку Зоф’ю за Платэрам і сына Аляксандра, уласніка Таўкачэвічаў у другой палове XIX стагоддзя.
Пасля 1861 года ў Шацкай воласці Ігуменскага павета. Па аддзяленні сялян у складзе Таўкачэвічаў засталіся: Хатляны, Валок, Валяр’янава, Фаляны, Цыцыліанаў, Журавель, мястэчка Лоша, засценак Гута і іншыя ўладанні. У межах уладанняў былі рэчкі: Кавалёўка, Лоша, Любяча, Валок і іх прытокі.
У 1876 годзе ўладальнікам маёнтка Таўкачэвічы быў граф рэфарматарскага веравызнання Карл Вільгельмаў Грабоўскі, было дзесяцін зямлі.
Паводле апісання краязнаўца Аляксандра Ельскага ў канцы XIX стагоддзя, у Таўкачэвічах быў стары драўляны дом, аточаны прыгожым паркам, былі сады і аранжарэі. У двары каталіцкая драўляная капліца, збудаваная каля 1860 года. Гаспадарка добра ўпарадкаваная. Ваколічныя лясы славіліся багаццем дзічыны. Млыны і вінакурні з правам прапінацыі, а таксама арэнда невялікіх участкаў давалі добры даход. Гістарычныя дакументы маёнтка, паводле якіх Ельскі апісваў яго гісторыю, на канец XIX стагоддзя захоўваліся ў архіве Аляксандра Ельскага ў Замосці.
У канцы XIX стагоддзя ў вёсцы пачала дзейнічаць школа гарматы, пераўтворана ў 1904 годзе ў царкоўна-прыходскую школу. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 2 ветракі, хлебазапасны магазін, піцейны дом і капліца, у маёнтку быў касцёл.
У 1913 годзе ўладальнікам маёнтка Таўкачэвічы быў Аляксандр Грабоўскі, меў дзесяцін зямлі.
Найноўшы час
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ). У 1919 і 1920 гадах у вёсцы адбыліся вялікія пажары.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Уласнасць маёнтка нацыяналізаваная, частка земляў была аддзелена ў вёску Таўкачэвічы 2. З 20 жніўня 1924 года ў Шацкім раёне, з 4 жніўня 1927 года ў Уздзенскім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930).
У 1930-я гады праведзена прымусовая калектывізацыя. У час прымусовай калектывізацыі і рэпрэсій 1930-х гадоў былі рэпрэсаваны прынамсі 17 ураджэнцаў Таўкачэвічаў.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 5 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Да 1 красавіка 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Шацкага сельсаветаРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10..
У 2013 годзе працавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне, комплексны прыёмны пункт, крама.
Насельніцтва
1800 год — 64 двары, 379 жыхароў 1897 год — вёска, 108 двароў, 734 жыхары; маёнтак, 62 жыхары 1908 год — вёска, 150 двароў, 1073 жыхары; маёнтак, 1 двор, 88 жыхароў 1917 год — вёска, 150 двароў, 902 жыхары; маёнтак, 2 двары, 100 жыхароў, усе беларусы 1926 год — 211 двароў, 1051 жыхар 1959 год — 145 жыхароў 1970 год — 123 жыхары 2000 год — 54 двары, 152 жыхары 2009 год — 149 жыхароў 2019 год — 123 жыхары
Славутасці
Курганны могільнік XI ст., за 3—3,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, належаў дрыгавічам.
У вёсцы была сядзіба графаў Грабоўскіх, ад якой захаваўся свіран — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, а таксама старажытны парк з сажалкай і кедравай алеяй, пасаджанай графам Грабоўскім.
Памятныя мясціны
Абеліск памяці землякам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне (1967).
Вядомыя асобы (1829—1865) — фатограф, гітарыст.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Уздзенскага раёна