Іона I (? — ) — дзеяч праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага.
Біяграфія Паходзіў з удзельнага Галіцкага княства. Там пастрыгся ў манахі, пасля перайшоў у Маскоўскі Сіманаў манастыр. Епіскап разанскі ў 1433—1448 гадах.
Пасля смерці мітрапаліта Фоція (1/2 ліпеня 1431) кіраваў справамі мітраполіі, аднак у 1432 годзе мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі ў Канстанцінопалі зацверджаны смаленскі епіскап Герасім, стаўленік вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. У адказ у 1432/1433 годзе вялікі князь маскоўскі Васіль II прызначыў мітрапалітам Іону I (тытулаваўся «нарачоным» мітрапалітам). Відаць, пасля спалення Герасіма ў 1435 годзе Іона I ездзіў у Канстанцінопаль, але не дамогся зацвярджэння, і ў 1437 годзе мітрапалітам пастаўлены Ісідор.
Іона I зноў прэтэндаваў на мітрапаліцкі пасад пасля ад’езду ў 1441 годзе Ісідора з Русі. 15 снежня 1448 года на саборы ў Маскве Іона I абраны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Гэтага абрання не падтрымалі праваслаўны патрыярх у Канстанцінопалі і патрыярх-уніят Ісідор. Нягледзячы на гэта, Віленскі сойм 31 студзеня 1451 прызнаў адзінства Кіеўскай мітраполіі пад уладай Іоны I. Аднак у 1458 годзе ўлады ВКЛ прызналі законным кіеўскім мітрапалітам Грыгорыя II Балгарына, пасвячонага патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам. Гэта выклікала пратэст з боку Іоны I, які патрабаваў ад праваслаўных ВКЛ вернасці для сябе. Частка праваслаўных ВКЛ працягвала прызнаваць уладу Іоны I. У 1451 годзе ён прызначыў сваім намеснікам у Кіеве протадыякана Акакія, пацвердзіў паўнамоцтвы епіскапа ўладзімірскага і берасцейскага Данііла, пастаўленага мітрапалітам-уніятам Ісідорам. У 1454 годзе прасіў смаленскага епіскапа Місаіла, каб той не дапускаў варожых дзеянняў супраць Масквы мажайскага князя Івана Андрэевіча, што ўцёк у ВКЛ.
Іона I — аўтар пасланняў вялікаму князю літоўскаму Казіміру, кіеўскаму князю Аляксандру (Алельку), пану Міхаілу Кезгайлавічу, полацкім епіскапам Сімяону і Калісту і інш. Быў апошнім мітрапалітам, хто меў агульную ўладу над праваслаўнымі епархіямі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы і стаў першым фактычным маскоўскім мітрапалітам.
Ушанаванне thumb|справа|90px|Мітрапаліт Іона на помніку «1000-годдзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе 27 мая 1472 года пры перабудове Успенскага сабора былі знойдзены яго нятленныя мошчы (захоўваюцца ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля); Пахоміем Сербам была напісана яму царкоўная служба і ўсталявана яго мясцовае шанаванне. У 1547 годзе пры мітрапаліце Макарыі ён быў праслаўлены для агульнацаркоўнага ўшанавання.
У 1596 годзе патрыярх Іоў усталяваў святкаванне свяціцелю Іону ў Саборы іншых Маскоўскіх свяціцеляў 5 кастрычніка.
Літаратура Русский феодальный архив XIV — первой трети XVI века. Ч. 1—4. М. 1986—88.
Катэгорыя:Мітрапаліты Кіеўскія і ўсяе Русі