Ежы Себасцьянавіч Кабылінскі (; ? — не раней за 1853) — дзяржаўны службовец, мецэнат, калекцыянер, літаратар.

Біяграфія Меў братоў Юзафа і Францішка, прызнаных у дваранстве 31.12.1798 (11.01.1799).

Абозны мсціслаўскі ў 1784 годзе. У 1820 годзе — памешчык Мінскага павета. Тытулярны дарадца. Сябра мастака Яна Дамеля ў 1822—1840 (які намаляваў ягоны партрэт і жыў у ягоным доме ў мінскі перыяд сваёй творчасці). Кабылінскі ў сваёй калекцыі меў яго малюнкі падзей 1812 года. У гэты час быў сакратаром Мінскага губернскага праўлення. У 1830 годзе — бабруйскі гараднічы, капітан і кавалер. Атрымаў падзяку ад Віленскага ўніверсітэта за падарунак (шоўкавае пакрывала на алтар вучылішча царквы) коштам 50 рублёў асігнацыямі і ахову дамоў, дзе жывуць студэнты, ад вайсковага пастою. З 1826 года валодаў мінскай гарадской сядзібай, вядомай як Сядзіба Пшаздзецкіх. У 1830 годзе фундаваў будаўніцтва брамы Кальварыйскіх могілак ў стылі класіцызму ў памяць сваёй памерлай жонкі Юзэфы Кабылінскай.

Цікавіўся старажытнасцямі, меў багатую калекцыю, заснаваў першую ў горадзе асабістую кунсткамеру, у якой захоўваліся старыя манеты, узоры мінералаў, антычных старажытнасцей, старых кніг і манускрыптаў, сярод якіх былі арыгінал статута ВКЛ і нейкая «карта Хрыстафора Калумба», а таксама 3 фігуркі (нібыта з паганскіх часоў): Венера Літвінская, Геркулес (абедзве знойдзены на Камароўскіх балотах), каплан без галавы. Пасля смерці Кабылінскага яе экспанаты перайшлі ў Віленскі музей старажытнасцей.

Літаратар, аўтар рукапіснага зборніку жартаў «Тысяча фацэцый і адна». Сябраваў з Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. У іранічным кантэксце згаданы ў п’есе Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». У фінале п’есы, калі ўсе канфлікты ўжо залагоджаныя, інтрыган і хабарнік Кручкоў падыходзіць да Статкевіча і кажа: «Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком». Статкевіч раз’юшваецца: «Ён смеў назваць мяне мужыком?! Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату — дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва!». Хутчэй за ўсё, тут хаваецца намёк на ўдзел Кабылінскага ў фальсіфікацыі радаводаў, што было актуальным у сітуацыі разбору шляхты пасля 1832 году, калі многія маламаёмасныя шляхцічы спрабавалі давесці сваё шляхецтва праз сфальсіфікаваныя дакументы.

Сябра масонскай ложы «Паўночная паходня» ў Мінску, 1-ы сцюарт у 1817, масон 4-й ст. у 1820; ганаровы сябра ложы Шчаслівага Вызвалення у Нясвіжы, масон 4-й ст. у 1820; сябра ніжэйшага капітула «Святыні Спакою» у Нясвіжы ў 1818, масон 4-й ст. у 1820.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Масоны Беларусі Катэгорыя:Мецэнаты Беларусі