Міхаіл Янушкевіч (26 студзеня 1772 — , маёнтак Дзягільна, Мінскі павет) — дзяржаўны службовец, памешчык.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Янушкевічаў герба «Любіч». Нарадзіўся 26 студзеня 1772 года ў сям’і Тамаша Янушкевіча (нар. 28.02.1733), ахрышчаны ў Пружанскім касцёле.
Служыў генеральным рахункаводам валоданняў князёў Міхала, віленскага ваяводы, і Дамініка, падкаморага літоўскага, Радзівілаў. 14 ліпеня 1794 года ад Тадэвуша Касцюшкі ён атрымаў патэнт на чын падпалкоўніка войскаў Рэчы Паспалітай. 23 снежня 1802 г. у Віленскім дваранскім дэпутацкім сходзе ён атрымаў прызнанне ў правах расійскага дваранства.
20 жніўня 1820 г. у Віленскім ДДС Міхал дамогся пацверджання ў дваранстве сваіх сыноў. 26 красавіка 1821 г. у Вільні Міхал разам з жонкай ад Міхала Залескага, пракуратара Масы княгіні Стэфаніі Радзівіл, атрымаў дакумент на права спадчыннага валодання маёнткам Дзягільна Мінскага павета, а праз некалькі гадоў быў абраны межавым суддзёй Мінскага павета.
Памёр 14 лютага 1826 года ў маёнтку Дзягільна Мінскага павета.
Сям’я
На пачатку ХІХ ст. ён ажаніўся з Тэкляй Сакалоўскай (нар. каля 1788, пам. 11/23.10.1860), у шлюбе з якой нарадзілася чацвёра сыноў і дзе дачкі: Адольф Міхал Валерыян (03.04.1804-06.06.1857); Яўстах Напалеон Северын (ці Станіслаў) (нар. 19.11.1805); Рамуальд Цэзар Міхал (нар. 30.05.1812); Януары Ян Фердынанд (нар. 30.01.1816); Зоф’я, у шлюбе Пясецкая; Касільда, у шлюбе Канткоўская.
Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1794 года Катэгорыя:Падпалкоўнікі Катэгорыя:Межавыя суддзі Мінскага павета