Дом Фрэйдсана — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Ленінскай вуліцы, 27.

Гісторыя Пабудаваны ў канцы ХIХ — пачатку XX стагоддзя на Вялікай Садовай вуліцы пабудаваны як жылы, даходны дом. На пачатку ХХ стагоддзя належаў грамадзяніну Мендэлю Ельевічу Фрэйдсану, які быў дантыстам, таму, магчыма, у будынку быў адпаведны кабінет для прыёма пацыентаў.

Першы паверх здаваўся пад крамы: тры памяшканні займаў Швейпрам і адно — Дворкін. Таксама ў доме Фрэйдсана былі шавецкія майстэрні: мужчынскі кравец Сагаль, жаночы кравец Краўцоў. На верхніх паверхах былі кватэры.

У верасні 1921 года была заключана дамова паміж Магілёўскім камунальным аддзелам з аднаго боку і прадстаўнікамі Заходняга ўпраўлення шашэйных дарог, што Магілёўскі камунальны аддзел аддае ў бясплатнае карыстанне другі і трэці паверхі гэтага ўжо муніцыпальнага будынка, з умовай, што будзе зроблены рамонт згодна з тэхнічным актам.

У 1980—1990 гадах у комплексе будынкаў знаходзіліся фотамайстэрні, майстэрні магілёўскіх мастакоў Белрэстаўрацыі. Зараз знаходзіцца Магілёўскі дэканат Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі і камерцыйныя ўстановы.

Архітэктура Комплекс грамадзянскіх будынкаў, які ўтвораны з трох карпусоў, П-падобны ў плане, з унутраным прамавугольным дваром. Галоўны фасад — трохпавярховы, з двухсхільным дахам, вытрыманы ў класічных традыцыях дэкарыравання будынкаў. Тып дэкору распаўсюджваецца на адзін паверх, наступны паверх мае іншы дэкор у рамках класічнага стылю.

Класічныя каноны прасочваюцца ў кампазіцыі будынка, якім уласціва сіметрычнае ўраўнаважанне прапорцый. Паверхі падзелены цягамі. Міжпавярховыя перакрыцці драўляныя. Унутраная планіроўка памяшканняў неаднаразова змянялася. На галоўным фасадзе з боку вуліцы Ленінскай дзве скразныя аркі (левая пазней была закладзена, правая зараз зачынена металічнымі варотамі), якія адкрываюць доступ у двор.

Архітэктура будынкаў унутры двара мае простае ўбранне ў выглядзе нізкага атынкаванага цокаля, простага прыступкавага гзымса, аконныя і дзвярныя праёмы без абрамлення, некаторыя аконныя праёмы здвоеныя. Бакавыя карпусы маюць прыступкавую паверхню. Дахі бакавых карпусоў аднасхільныя, нахіл накіраваны ўнутр двара.

На першым паверсе галоўнага фасада атынкаваны цокаль, дэкараваныя арачныя праёмы. У цэнтры — шэсць прамавугольных праёмаў, чатыры з сандрыкамі. Другі паверх мае шэраг (шаснаццаць) аднолькавых аконных арачных праёмаў з прамавугольным завяршэннем і складаным прыступкавым сандрыкам. На трэцім паверсе — два тыпы вокнаў. Справа — восем арачных вокнаў, упрыгожанных сандрыкамі.

Злева — восем спараных арачных вакон са складаным прыступкавым апраўленнем і профільнай ліштвай, у якіх выкарыстаны матывы ранняга рэнесансу ў стылізаванай форме. Завяршае галоўны фасад прафіліраваны гзымс, які ўпрыгожаны сухарыкамі. На тарцавым фасадзе — прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы, паўарачныя паддашкавыя вокны, адсутнічае цокаль, няма дэкору.

Спасылкі

Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Магілёве Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:Ленінская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва