Рэжы́м Лукашэ́нкі — аўтарытарны персаналісцкі палітычны рэжым у Беларусі, усталяваны Аляксандрам Лукашэнкам, які трымае ўладу праз фальсіфікацыі выбараў і тэрор насельніцтва пры фінансавай, вайсковай і інфармацыйнай падтрымцы Расіі.

Прыйшоўшы да ўлады на папулісцкай хвалі праз першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года ў Беларусі, Лукашэнка не меў ні згуртаванай каманды, ні праграмы развіцця краіны і адразу скіраваў намаганні на згортванне дэмакратычных працэсаў, умацаванне асабістай улады і селекцыю савецкага бюракратычнага апарату як сваёй апоры. Пасля працяглага канфлікту з Вярхоўным Саветам і спробы імпічменту здзейсніў у 1996 годзе дзяржаўны пераварот.

На думку экспертаў, у Беларусі склаўся гэтак званы «сацыяльны дагавор» паміж аўтакратыяй і шырокім грамадствам, калі грамадзяне адмаўляліся ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці, а рэжым забяспечваў нядрэнны паводле постсавеціх мерак узровень жыцця і свабоду перамяшчэння.

Ні адны выбары ў Беларусі пасля лістапада 1996 года не прызнаны місіямі БДІПЧ АБСЕ як дэмакратычныя і адпаведныя ўзятым краінай міжнародным абавязацельствам. Абвешчаныя пасля ўсіх выбараў афіцыйныя вынікі былі моцна сфальсіфікаваны, хаця, на думку многіх экспертаў, Лукашэнка меў значную электаральную падтрымку і да 2020 года з вялікай імавернасцю мог перамагаць на выбарах і без фальсіфікацый, але з меншымі вынікамі.

Напярэдадні выбараў 2020 года міністр замежных спраў Уладзімір Макей заяўляў, што «рэжым моцны, спакойны» і перамен у Беларусі не дапусціць («сітуацыя будзе пад кантролем»), Макей неаднакратна паўтараў тэзіс пра ўстойлівасць рэжыму для ўнутранай аўдыторыі і замежных дыпламатаў.

На 78-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН (19—26 верасня 2023) міністр замежных спраў Сяргей Алейнік выказаўся супраць ужывання да рэжыму Лукашэнкі азначэння «рэжым», характарызаваў гэта як «астракізм у ААН», назваў «абразамі і непаважлівай лексікай».

Гл. таксама Ідэалогія беларускай дзяржавы

Крыніцы

Літаратура Беларусь у XXI стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй / Укладальнікі: Алена Карасцялёва, Ірына Пятрова, Настасся Кудленка; Пераклад з англійскай: Уладзімір Паўловіч. — Лондан: Skaryna Press, 2024. — ISBN 1915601398 ISBN 9781915601391

Manaev O, Manayeva N, Yuran D. More State Than Nation: Lukashenko’s Belarus. Journal of International Affairs. 2011;65(1):93-113. Accessed September 25, 2023. https://search.ebscohost.com/login.aspx?direct=true&db=bth&AN=67678975&site=eds-live&scope=site

Lenzi M. Lost Civilization: The Thorough Repression of Civil Society in Belarus. Demokratizatsiya. 2002;10(3):401. Accessed September 25, 2023. https://search.ebscohost.com/login.aspx?direct=true&db=a9h&AN=7401958&site=eds-live&scope=site

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (пасля 1990 года) Катэгорыя:Прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі