Інтха (саманазва: အင်း, літаральна азёрныя людзі) — тыбета-бірманскі народ, які насяляе ўзбярэжжа возера Інле ў М’янме. Агульная колькасць (2022 г.) — 104 000 чалавекIntha in Myanmar (Burma).

Паходжанне Інтха вераць у тое, што паходзяць з поўдню М’янмы. Меркавана ў XIV ст. яны былі вымушаны пад ціскам монаў мігрыраваць на Шанскае нагор’е. Правадыры шанаў забаранілі ім сяліцца на зямлі, таму яны ўпадабалі для жыцця возера Інле і толькі пазней сталі сяліцца на яго берагах. З іншага боку, інтха размаўляюць на супольнай мове з дану, якую часам пазіцыянуюць як архаічны дыялект бірманскай мовы.

Культура Інтха селяцца як на плыткаводдзі возера Інле, так і на яго берагах. Асноўныя традыцыйныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Воды Інле пакрыты плаваючай расліннасцю, што абцяжарвае выяўленне рыбы. Таму інтха вынайшлі асобы спосаб лову, калі адна нага выкарыстоўваецца для грэблі. На берагах возера вырошчваюць рыс, тэхнічныя культуры і гародніну. Зямлю апрацоўваюць з дапамогай буйвалаў, мяса і малако якіх не ўжываюць. Інтха знакаміты «плывучымі агародамі», што ладзяцца на скрутках трыснягу, засыпаных торфам. «Агароды» знаходзяцца на плыткаводдзі, вырошчваемыя расліны жывяцца вадою з возера метадам натуральнай гідрапонікі. Старыя агароды часцяком урастаюць у дно, што складае пэўную праблему. З 1960-х гг., калі плошча «плывучых агародаў» рэзка павялічылася, паверхня возера скарацілася амаль на трэць. Акрамя таго, выкарыстанне ўгнаенняў прывяло да забруджвання вады фасфатамі і арганічнымі рэчывамі.

Традыцыйная ежа — вараны рыс, рысавыя аладкі, розныя супы, кары з рыбы і гародніны. Папулярны напой — зялёная гарбата з соллю.

У нашы дні важнымі заняткамі сталі абслугоўванне турыстаў, праца ў прамысловасці ў буйных гарадах, дробныя рамёствы, у тым ліку ткацтва, рамонт лодак, што застаюцца галоўным транспартным сродкам, ювелірная справа.

Аснову народнай вопраткі складаюць саронг і камізэлька. У мінулым яны вырабляліся з тканіны з валокнаў лотасу. У наш час такую тканіну робяць у якасці сувеніру, мужчыны аддаюць перавагу штанам, шортам і кашулям, а жанчыны — спадніцам з бавоўны.

Для паселішчаў інтха характэрна раскіданая планіроўка. Жытлы звычайна знаходзяцца ў атачэнні агародаў. Вельмі важны доступ да вады, паколькі транспартыроўка адбываецца на лодках. Хаціны каркаснага тыпу месцяцца на па́лях. У мінулым яны былі аднакамернымі, зараз жа будуюцца жытлы з некалькімі пакоямі або нават з некалькімі паверхамі. Пад хацінамі трымаюць лодкі, запасы дроваў і г. д.

Асновай грамадства з’яўляецца малая нуклеарная сям'я. Маладыя самі абіраюць сабе пару. Шлюбы з блізкімі і стрыечнымі сваякамі забаронены. Бацькі жаніха бяруць на сябе выдаткі на вяселле, падарункі і часам — будаўніцтва хаціны для новай сям'і. Немаўляты не маюць імён, завуцца традыцыйнымі мянушкамі. Ініцыяцыяй для хлопчыкаў можа лічыцца часовае прыняцце манаства. Яно суправаджаецца асобым святам і ўрачыстым пострыгам валасоў. Юнакі праводзяць у будысцкіх кляштарах некалькі гадоў, дзе атрымоўваюць адукацыю.

У сувязі з развіццём турызму інтха старанна захоўваюць музычную культуру, вельмі падобную на музычную культуру шанаў. Асабліва вылучаюцца групавыя мужчынскія танцы, якія суправаджаюць пахаванні і сустрэчы сваякоў.

Рэлігія Большасць вернікаў спавядаюць будызм напрамку Тхеравада.

Спасылкі The Intha People of Myanmar Who Balance on One Leg To Row Indigenous Peoples of the World — The Intha Khin Htay Yu The Traditional Customs of Innthars Floating Gardens of Inle Lake - Atlas Obscura Moe Thae Oo, Zin Wai Aung, Clelia Puzzo The floating garden agricultural system of the Inle lake (Myanmar) as an example of equilibrium between food production and biodiversity maintenance

Катэгорыя:Народы М’янмы