Антон Нестар Кеневіч, Антон Андрэевіч Кеневіч (; , — 1822) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, мазырскі павятовы суддзя. Пачынальнік узвышэння шляхецкага роду Кеневічаў.
Паходжанне і сям’я Належаў да шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся ў сям’і Андрэя Казіміравіча Кеневіча, пінскага ротмістра (упам. 1778—1783), дэпутата (1789) Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, і яго жонкі-шляхцянкі Марыі Лазарэвіч. Быў хрышчаны ў каталіцтва.
Ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Кацярынай Адынец, ад якой меў дзяцей: 1) Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), удзельнік Лістападаўскага паўстання (1830—1831). Жонка: Фяліцыя Скрашэўская. 2) Геранім Антонавіч Кеневіч (1796/7—1884), мазырскі павятовы харунжы. Жонка: Кацярына Ігнатаўна Горват (1807—1891); 3) Александрына Антонаўна Кеневіч. Муж: Зяновіч; 4) Іпаліт Антонавіч Кеневіч (к.1791—1857). Жонка: Паўліна Прыбора; 5) дачка; 6) (?) яшчэ адна дачка.
Служба Выбіраўся на пасаду мазырскага павятовага суддзі (1805—1808). Разбіраў у судзе Мазырскага павета зямельныя спрэчкі шляхты.
Маёнтак Родавым гняздом быў маёнтак Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Быў уласнікам вёскі Вугалец (150 рэвізскіх душ) і трымальнік застаўнога маёнтка Юркевічы (134 душы) ад князя Радзівіла.
У 1806 г. купіў у Юзафа Шчыта маёнтак Жамыслаўль у Ашмянскім павеце Віленскай губерні, але ўжо 4 студзеня 1807 г. прадаў яго Якубу Геранімавічу Умястоўскаму (?—1809).
23 красавіка 1807 г. Антон Нестар Кеневіч і Казімір Рудзяеўскі купілі за 333 тыс. польскіх злотых у графіні Гелены Патоцкай (з роду Масальскіх) буйны маёнтак Снядынь (Снядзін), які 14 мая 1808 г. набыўцы падзялілі паміж сабой: мазырскі падсудак Казімір Рудзяеўскі атрымаў маёнткі Махнавічы і Асавец (вёскі Асавец, Балажэвічы, Глініца, Мастовічы, Вялаўск, Майсеевічы, Манчыцы, Замошша і Рудні Астражанская і Скалодзінская)Хроніка Убарцкага Палесся / аўтар-уклад. А. І. Атнагулаў. — Мінск : Тэхналогія, 2001. — 495 с., а Антон Нестар Кеневіч атрымаў маёнтак Лобча (Лобча, Макарычы, Турок, Вышалаў), маёнтак Снядзін (Снядзін, Мардзвін) і маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Галубіца, Капцэвічы).
Купляй значных па памеру маёнткаў вывеў сваю сям’ю са стану малазаможнай маянтковай шляхты ў буйных землеўласнікаў беларускага Палесся. Сямейнай сядзібай Антона Нестара Кеневіча стала вёска Лобча.
Пасля яго смерці пры падзеле бацькавай спадчыны яго сын Геранім Антонавіч Кеневіч (1796/7—1884) атрымаў маёнтак Лобча (Лобча, Засоп’е і інш.), Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863) — маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Судзібар і інш.), Іпаліт Антонавіч Кеневіч (каля 1791 — 1857) — маёнтак Паўлінаў.
Смерць Скончыў жыццё самагубствам у 1822 г.
Літаратура
Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s. Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
Urbański, A. Memento kresowe / A. Urbański. — Warszawa : Drukarnia St. Niemiry syn i S-ka, 1929. — 156 s. Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
Антон Нестар Катэгорыя:Памерлі ў Петрыкаўскім раёне Катэгорыя:Суддзі Расійскай імперыі