Павел Генадзевіч Усаў (нар. , Магілёў) — беларускі палітолаг.

Доктар грамадскіх навук (2011). Член Беларускага нацыянальнага сакратарыята «Вольная Беларусь» (з 2020 года). Прафесар-ад’юнкт Варшаўскага ўніверсітэта (на 2022 год).

Біяграфія

У 1998 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узначальваў Магілёўскую гарадскую суполку «Маладых сацыял-дэмакратаў». У 2003 годзе скончыў аспірантуру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры паліталогіі, а таксама магістратуру ў Школе Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. У 2003—2005 гадах працаваў выкладчыкам паліталогіі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце. У 2004 годзе ўзначаліў Магілёўскую гарадскую суполку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і вылучыўся кандыдатам на парламенцкіх выбарах. У 2006 годзе паступіў ва Уроцлаўскі ўніверсітэт па стыпендыі імя Лэйна Кіркланда. Пазней стаў весці ва ўніверсітэтах Польшчы і Славакіі паліталагічныя лекцыі пра дзяржаўны лад Беларусі, Расіі і Украіны. Заснаваў у Варшаве Цэнтр палітычнага аналізу і прагнозаў, у якасці кіраўніка якога выступаў экспертам у перадачах Беларускай службы Польскага радыё, а таксама ў Беларускім цэнтры еўрапейскіх даследаванняў. Паступіў у дактарантуру Школы грамадскіх навук Польскай акадэміі навук (ПАН). У 2011 годзе атрымаў ступень доктара грамадскіх навук у Інстытуце палітычных даследаванняў ПАН за абарону дысертацыі «Станаўленне і ўмацаванне неааўтарытарнага рэжыму ў Беларусі ў 1994—2010 гадах», якую выдаў у 2014 годзе асобнай кнігай на 360 старонак (ISBN 978-83-64091-25-4). Да 2015 года стаў аўтарам звыш 500 паліталагічных артыкулаў, у тым ліку ў часопісе «ARCHE Пачатак».

У красавіку 2017 года выступіў суаўтарам Народнай праграмы «Вольная Беларусь». У ліпені 2020 года ўвайшоў у склад Беларускага нацыянальнага сакратарыята «Вольная Беларусь». Працаваў прафесарам-ад’юнктам у Варшаўскім універсітэце.

У 2024 годзе завочна асуджаны ў Беларусі да 11 гадоў пазбаўлення волі па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».

Сям’я У шлюбе з Вольгай Старасцінай, мае дзяцей.

Спасылкі

Катэгорыя:Палітолагі Беларусі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Уроцлаўскага ўніверсітэта