Герцагства Баварыя () — адно з пяці племянных герцагстваў, якое існавала ў Сярэднявечча на паўднёвым усходзе Германіі на тэрыторыі сучаснай зямлі Баварыя.

Гісторыя Ранняе герцагства пры Агілальфінгах thumb|150px|left|Баварыя каля 600 года Упершыню герцагства было ўтворана яшчэ ў VI стагоддзі. Яно займала вобласць паміж рэкамі Лех і Энс, горамі Фіхтэль і Трыдэнцінскімі Альпамі. Першым герцагам, імя якога згадваецца ў крыніцах, быў Гарыбальд I (пам. 590), які паходзіў з роду Агілальфінгаў. Сталіцай герцагства пры ім быў горад Рэгенсбург. Аб’яднаўшыся з лангабардамі супраць валадарства франкаў, ён быў разбіты апошнімі і вымушаны прасіць мір. Яго спадчыннік, Тасілон I (пам. 612), вядомы тым, што ён упершыню распачаў варожыя дзеянні супраць славян і іх саюзнікаў, авараў. Яго спадчыннікі сталі саюзнікамі каралёў франкаў, паступова трапіўшы ў залежнасць ад іх. Пры Гарыбальдзе II (пам. у 650 г.) пры садзейнічанні франкскага караля Дагаберта I былі ўведзены першыя пісаныя законы (так званая Баварская праўда — ). Таксама пры Тасілоне II у Баварыі пры садзейнічанні франкскіх місіянераў пачало распаўсюджвацца хрысціянства, аднак канчаткова яна зацвердзілася ўжо пры герцагу Тэадане II (пам. у 716).

Герцаг Адзілон (пам. 748), зяць франкскага маярдома Карла Мартэла, паспрабаваў скінуць вярхоўную ўладу франкаў і прыняў каралеўскі тытул, аднак, быў скінуты сынамі Карла, Карламанам і Піпінам Кароткім. Пры яго кіраванні архібіскуп Баніфацый падзяліў баварскую царкву на 4 біскупствы з цэнтрамі ў Зальцбургу, Пасау, Рэгенсбургу і Фрайзінгу, а таксама заснаваў некалькі манастыроў.

Сын Адзілона, Тасілон III (741—796) для таго, каб атрымаць сабе спадчынныя ўладанні, быў вымушаны прынесці на дзяржаўным сойме ў Камп’ені прысягу на вернасць Піпіну Кароткаму. Пазней ён паспрабаваў выйсці з падпарадкавання франкам, аб’яднаўшыся з лангабардскім каралём Дэзідэрыем і аквітанскім герцагам Вайфарам супраць франкаў, аднак гэты мяцеж скончыўся няўдачай. Пасля таго, як Дэзідэрый быў скінуты, кароль Карл Вялікі павярнуўся супраць яго саюзніка і пагрозай вайны прымусіў яго аднавіць прысягу ў Вормсе і выдаць закладнікаў. Тасілон, аднак, не падпарадкаваўся і завязаў зносіны з аварамі, завошта быў выкліканы ў 788 годзе на дзяржаўны сойм у Інгельгайм, асуджаны за клятвапарушэнне да пакарання смерцю і разам з усёй сям’ёй сасланы ў манастыр, дзе яго род і згас. Баварыя ж была ўключана ў склад франкскай дзяржавы і падзелена на некалькі частак, для кіравання якімі прызначаліся графы.

Баварыя пад упраўленнем дынастыі Луітпольдзінгаў thumb|350px|Баварыя ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі ў X стагоддзі У Каралінгскай імперыі Баварыя атрымала статус каралеўства і паводле Вердэнскага дагавора апынулася ў складзе Усходне-Франкскага каралеўства. Яна кіравалася прадстаўнікамі германскай галіны Каралінгаў. Паступова ў Баварыі ўзмацнілася радавая знасць, асабліва род Луітпольдзінгаў. Асабліва іх уплыў узмацніўся падчас кіравання імператара Арнульфа Карынтыйскага, маці якога, Ліўтсвінда, магчыма паходзіла з роду Луітпольдзінгаў. У 893 годзе Арнульф перадаў землі Карынтыі і Верхняй Паноніі (сучасная Аўстрыя і заходняя Венгрыя) графу Луітпольду. У 895 годзе Луітпольд атрымаў таксама тэрыторыі ў даліне Дуная і Нордгау (сучасны Верхні Пфальц) з Рэгенсбургам. Так была сфарміравана тэрытарыяльная аснова новага дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Усходне-Франкскага каралеўства — маркграфства Баварыі. Як і кіраўнікі іншых памежных марак імперыі, Луітпольд увесь час ваяваў з суседнімі плямёнамі (славянамі і венграмі) і загінуў у бітве пры Прэсбургу (цяпер Браціслава) у 907 годзе. Больш таго, значная частка баварскіх зямель (Усходняя марка) была заваявана венграмі.

Пры пераемніках Луітпольда — Арнульфе, Эберхардзе і Бертольдзе — Баварыя была ператворана ў герцагства і стала адным з пяці найбуйнейшых княстваў імперыі, так званых «племянных герцагстваў», якія сфарміраваліся на аснове таго ці іншага племя германцаў. Арнульф, якому бракавала сродкаў для арганізацыі абароны краіны, стаў звяртацца да канфіскацый уладанняў і маёмасці каталіцкай царквы, за што атрымаў мянушку «Злы». Арнульфу ўдалося аднавіць Баварскае герцагства і заключыць перамір'е з венграмі: цяпер у сваіх набегах на Германію яны праходзілі Баварыю, не сустракаючы супраціўлення, але і не спусташаючы ўладанні герцага. Ён стаў фактычна незалежным ад караля Германіі кіраўніком, які самастойна прызначаў графаў і біскупаў на падуладных яму землях і вёў уласную знешнюю палітыку: у адрозненне ад германскіх каралёў, якія ўвесь час змагаліся з венгерскімі набегамі, Арнульф заключыў мір з венграмі, засцярогшы свае ўладанні на шкоду інтарэсам імперыі.

Аднак прыход да ўлады ў Германіі Саксонскай дынастыі (Людальфінгаў) на чале з моцнымі каралямі Генрыхам Птушкаловам і Атонам Вялікім прывёў да паслаблення самастойнасці Баварыі і паступовага яе падпарадкавання цэнтральнай уладзе. У 921 годзе войскі караля Генрыха I уварваліся ў Баварыю і прымусілі Арнульфа падпарадкавацца. Герцаг прызнаў сюзерэнітэт караля над Баварыяй, за што атрымаў пацверджанне сваіх правоў на княства. Аднак Арнульф захаваў дастатковую самастойнасць, акрамя таго кароль быў вымушаны пакінуць герцагу Баварыі права распараджацца царквой у Баварыі.

Пасля смерці Арнульфа ў 937 годзе яго спадчыннікам стаў старэйшы сын Эберхард, які адмовіўся прысягнуць каралю Атону I на вернасць. У адказ Атон увосень 938 года ўварваўся ва ўладанні Эберхарда. У дзвюх ваенных кампаніях Атон разграміў герцага і скінуў яго з прастола. Замест Эберхарда герцагам быў пастаўлены яго дзядзька Бертольд, які кіраваў да гэтага ў прыгранічных баварскіх марках (Карынтаніі).

У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Бертольд не атрымаў правоў прызначэння біскупаў і графаў у сваіх уладаннях і апынуўся практычна цалкам падпарадкаваным германскаму каралю. Тым не менш, на працягу ўсяго кіравання Бертольда ён заставаўся лаяльным Атону I. Бертольд узначаліў ваенныя аперацыі супраць венграў, якія ўжо паўстагоддзя здзяйснялі рабаўніцкія рэйды ў Германію. У 943 годзе баварская армія разграміла венгерскія войскі ў Вельса і ненадоўга забяспечыла спакой усходніх граніц герцагства.

Пасля смерці Бертольда ў 947 годзе яго сын Генрых Малодшы быў адхілены Атонам I ад успадкоўвання. Баварыя была перададзена брату германскага караля Генрыху Саксонскаму. Перадача Баварыі прадстаўнікам Саксонскай дынастыі пацягнула за сабой працяглы канфлікт паміж Луітпольдзінгамі і Людальфінгамі. Верагодна, што страціўшы Баварыю, Генрых Малодшы ўсё ж утрымаў частку сваіх уладанняў у Карынтаніі, што дазволіла яму захаваць свае пазіцыі ў імперыі.

Баварыя пад уладай Саксонскай дынастыі Стаўшы кіраўніком Баварыі, Генрых I з поспехам адбіваў уварванні венграў і нават далучыў да сваіх уладанняў Фрыульскую марку. У 955 годзе адбылася знакамітая бітва на Леху, у якой нямецкія войскі ўшчэнт разграмілі венгерскую армію, што адвяло венгерскую небяспеку для краіны. Сам Генрых удзелу ў Лехскай бітве не прымаў у сувязі з хваробай. У 954 годзе Генрых удзельнічаў у здушэнні мецяжу Людальфа Швабскага і Конрада Латарынгскага.

Спадчыннікам Генрыха I у 955 годзе стаў малалетні сын Генрых II Сварлівы, якому споўнілася толькі чатыры гады. Першыя часы ад яго імя Баварыяй кіравала маці Юдыт. Стаўшы паўналетнім, Генрых II пачаў барацьбу за імператарскі прастол, які ў 973 годзе заняў яго стрыечны брат Атон II і на які ў свой час прэтэндаваў яшчэ яго бацька, Генрых I. Пазіцыі Генрыха II значна ўмацаваў шлюб з Гізелай Бургундскай, пляменніцай імператрыцы Адэльгейды. У тым жа годзе саюзнік Генрыха, герцаг Швабіі Бурхард III, жанаты з сястрой Генрыха, без згоды імператара прызначыў на месца памерлага князя-біскупа Аўгсбурга Генрыха, стрыечнага брата сваёй жонкі. Пасля смерці Бурхарда ў лістападзе 973 года Генрых Баварскі паспрабаваў далучыць да сваіх уладанняў Швабію, але імператар Атон паспеў апярэдзіць Генрыха, перадаўшы герцагства свайму сябру і стрыечнаму брату Атону, сыну Людальфа Швабскага. Незадаволены Генрых у адказ арганізаваў мяцеж супраць імператара, але ў 974 годзе мяцеж быў раскрыты, а Генрых пасаджаны пад варту ў Інгельгайме.

У 976 годзе Генрыху ўдалося бегчы і вярнуцца ў Баварыю, дзе ён падняў паўстанне. Імперскія войскі ў 976 годзе ўварваліся ў герцагства і разбілі Генрыха II. Ён быў вымушаны бегчы, а герцагства было перададзена герцагу Атону Швабскаму. Акрамя таго паўстанне Генрыха прывяло да падзелу тэрыторыі Баварскага герцагства: у 976 годзе ад яго былі аддзелены Усходняя марка (будучая Аўстрыя) і герцагства Вялікая Карантанія, якая ўключала тэрыторыі ад Штырыі да Вероны (у тым ліку і Веронскую марку, у склад якой была ўключана таксама тэрыторыя былой Фрыульскай маркі). Маркграфам Усходняй маркі стаў граф Леапольд Бабенберг, а герцагам Карантаніі — Генрых Малодшы, сын былога баварскага герцага Бертольда.

Страта герцагства не спыніла Генрыха II: у 977 годзе ён стаў ініцыятарам так званай вайны трох Генрыхаў — новага паўстання баварскай арыстакратыі супраць імператара, названай так па імёнах Генрыха II Баварскага, Генрыха Малодшага, герцага Карантаніі, і біскупа Генрыха I Аўгсбургскага, якія ўдзельнічалі ў ім. Аднак паўстанне ў 978 годзе было задушана, у выніку чаго Баварыя канчаткова апынулася падпарадкавана цэнтральнай уладзе. Генрых быў арыштаваны і аддадзены пад нагляд біскупа ўтрэхцкага, дзе прабыў да смерці імператара Атона II.

Пасля смерці ў 982 годзе герцага Атона Швабскага, які быў верным паплечнікам імператара, новым герцагам Баварыі быў прызначаны Генрых Малодшы, пазбаўлены пасля ўдзелу ў паўстанні 978 года Карантаніі. Але пасля смерці імператара Атона II у 983 годзе атрымаў свабоду Генрых II Сварлівы і адразу ж падняў мяцеж супраць малалетняга імператара Атона III. Хоць і гэтым разам яму не ўдалося авалодаць германскім прастолам, але Генрых у абмен на клятву вернасці ў 985 годзе атрымаў назад Баварыю, а ў 989 годзе і Карантанію. Генрыху Малодшаму ў якасці кампенсацыі была вернутая Карантанія, хоць Веронскую марку захаваў за сабой Атон Вормскі. Пасля смерці Генрыха Малодшага ў 989 годзе яго ўладанні былі перададзены Генрыху II Свавольнаму, які зноў аб'яднаў большую частку бацькаўскіх уладанняў.

Пасля смерці Генрыха II у 995 годзе ў Баварыі яго спадчыннікам стаў сын Генрых IV Святы, аднак Карантанію імператар Атон III перадаў Атону Вормскаму, які валодаў ёй да 985 года. Генрых IV Баварскі стаў верным саюзнікам імператара Атона III, пасля смерці якога ў 1002 годзе сам стаў імператарам пад імем Генрых II.

Баварыя ў XI стагоддзі Баварыя 21 сакавіка 1004 года была перададзена Генрыхам брату жонкі сваёй, графу Генрыху Люксембургскаму (пад імем Генрых V). Аднак герцагства, якое дасталася яму, вельмі моцна скарацілася ў памерах. Карынтанія канчаткова аддзялілася ад Баварыі, яе герцагам імператар прызнаў у 1004 годзе Конрада I, трэцяга сына памерлага Атона Вормскага. Вялікая колькасць манастыроў і землі, з якіх у 1007 годзе было ўтворана біскупства Бамберг, засталіся пад уладай караля, многія ўладанні аказаліся пад уладай жонкі Генрыха, Кунігуды.

Аднак неўзабаве адносіны імператара са сваякамі жонкі сапсаваліся. У выніку ў маі 1009 года Генрых V быў зняты з пасады герцага, а Баварыя аказалася пад прамым кіраваннем імператара. Толькі ў маі 1017 года Генрых V ізноў атрымаў Баварыю, якой кіраваў да сваёй смерці ў 1026 годзе. Паколькі дзяцей у яго не было, то Баварыя была далучана да асабістых уладанняў новага імператара, Конрада II, які ў 1027 годзе дараваў тытул герцага Баварыі свайму дзесяцігадоваму сыну і спадчынніку Генрыху (пад імем Генрых VI). Да 1061 года (за выключэннем перыяду 1049 — 1053 гадоў) Баварыя фактычна знаходзілася пад кіраваннем імператара і членаў яго сям'і.