Маё (, саманазва: yoreme) — індзейскі народ. Жывуць на паўночным захадзе Мексікі. Агульная колькасць (2022 г.) — 175 000Mayo in Mexico.
Гісторыя Маё з'яўляюцца нашчадкамі старажытных перасяленцаў з верхняй плыні Каларада, якія не пазней за II ст. да н. э. сфарміравалі на поўдні Саноры культуру паляўнічых і збіральнікаў Уатабампа. У 1531 г., калі адбыўся першы кантакт з іспанцамі, маё насялялі рэчышча аднайменнай ракі на памежжы сучасных мексіканскіх штатаў Санора і Сіналоа. Назва маё значыць рачных жыхароў, але прадстаўнікі гэтага народа звычайна называюць сябе ёрэмэ («паважаныя»).
У 1584 г. іспанцы заснавалі ў землях маё крэпасць, аднак атрымалі адпор з боку тубыльцаў. Аднак маё актыўна супрацоўнічалі з каталіцкімі місіянерамі, з 1591 г. — езуітамі, пасля 1767 г. — францысканцамі. У 1740 г. яны ўдзельнічалі ў паўстанні які. У XIX ст. маё часцяком далучаліся да які і мексіканскіх рэвалюцыянераў ў барацьбе з мексіканскімі ўладамі, паколькі былі незадаволены ўведзенымі падаткамі і скарачэннем зямельнай маёмасці. Тым не меней, у пачатку XX ст. большасць зямель былі перададзены некарэнным жыхарам. Але яны захавалі ўнутранае самакіраванне, што дзейнічае нароўні з дзяржаўнымі ўстановамі кіравання.
Культура У мінулым маё былі рыбаловамі, паляўнічымі і збіральнікамі. У нашы дні асноўнай галіной эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка. На абшчынных землях яны вырошчваюць кукурузу і субтрапічныя культуры, у гарах займаюцца жывёлагадоўляй. Недахоп зямлі і праблемы з абрашэннем вымушаюць многіх маё наймацца на працу да суседніх фермераў, прамысловыя і рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы.
Традыцыйныя хаціны ладзяць з саману, прычым маладыя сем'і будуюць дом на зямлі бацькоў. Хаціны часцяком складаюцца з 2 пакояў. Адзін выкарыстоўваецца як спальня, другі — як кухня. Акрамя таго, да хаціны прыбудоўваюць туалет і ванную, у двары размяшчаюць альтанку.
Аснова грамадства — вялікая пашыраная сям'я. Сваяцкія сем'і аказваюць адна іншай абавязковую дапамогу. Важную ролю ў яднанні маё адыгрываюць супольныя святы. Традыцыйныя органы кіравання былі разбураны ў пачатку XX ст., таму ў якасці прадстаўнікоў цывільных абшчын выступаюць найбольш актыўныя дзеячы рэлігійных аб'яднанняў. Маё маюць свайго «губернатара», які носіць цырыманіяльны кій, але і яго ўлада толькі цырыманіяльная.
Маё захавалі традыцыйнае лекаванне гаючымі травамі і рытуаламі, падобнымі на шаманскія. Яны вядомы святочнымі маскамі і танцамі, накшталт старажытнага танца аленя.
Большасць вернікаў з'яўляюцца каталікамі. Традыцыйныя святы звязаны з каталіцкім літургічным календаром. Аднак на хрысціянскія абрады ўплываюць старажытныя міфічныя сюжэты.
Спасылкі
Etnografía del pueblo mayo de Sinaloa y Sonora (yoremes) Who are the Mayos? Acosta, Gabriela (2001). Mayos de Sonora. Proyecto Perfiles Indígenas de México, Documento de trabajo
Катэгорыя:Народы Мексікі Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі