«Белару́ская ха́та» ў Ла́твіі — беларускае культурна-асветнае таварыства, якое дзейнічала ў Латвіі ў 1924—1936 гадах. Асноўнымі мэтамі арганізацыі былі гуртаванне беларускай меншасці ў Латвіі і развіццё беларускай культуры.

Гісторыя Стварэнне і асветніцкая дзейнасць Таварыства пачало дзейнічаць у снежні 1924 года. Галоўная сядзіба знаходзілася ў Рызе, таксама дзейнічалі рэгіянальныя аддзелы ў Дзвінску, Лібаве і Люцыне.

«Беларуская хата» выступала ініцыятарам стварэння шэрагу беларускіх навучальных і культурных устаноў у міжваеннай Латвіі. Па ініцыятыве таварыства былі створаны: прыватная беларуская школа, дзяржаўныя беларускія двухгадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гарадская 6-класная беларуская школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драматычная студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, а таксама беларускі дзіцячы сад у Дзвінску, розныя бібліятэкі і гурткі.

Увесну і ўлетку 1925 года таварыства рабіла актыўныя захады для стварэння сярэдняй навучальнай установы. Арганізацыя звярнулася ў Міністэрства асветы Латвіі з просьбай выдаць дазвол на адкрыццё ў сталіцы прыватнай беларускай гімназіі, якая павінна была працаваць у другую змену ў будынку 1-й Рыжскай беларускай пачатковай школы. Нягледзячы на наяўнасць сабранага спіса з 12 патэнцыйных вучняў, міністэрства не дало згоды на адкрыццё ўстановыLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 2125, ap. 5, l. 5, lp. 7..

Падчас аўтарытарнага рэжыму і ліквідацыя Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года, калі ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса, пачаўся моцны ціск на арганізацыі і школы нацыянальных меншасцей. Будучы на той момант найстарэйшай беларускай арганізацыяй у Латвіі, «Беларуская хата» рабіла спробы пратрымацца ва ўмовах новай палітычнай рэчаіснасці, усяляк падкрэсліваючы сваю лаяльнасць да новай улады.

У прыватнасці, кіраўніцтва рэгулярна запрашала прадстаўніка Аддзела інфармацыі і прапаганды Міністэрства ўнутраных спраў Пятра Журкоўскага чытаць лекцыі для сябраў таварыства. Акрамя таго, 15 красавіка 1935 года арганізацыя афіцыйна даслала вітанні Карлісу Улманісу.

Аднак дэманстрацыя лаяльнасці не ўратавала таварыства ад закрыцця. На загад Рыжскага акруговага суда 29 кастрычніка 1936 года «Беларуская хата» канчаткова спыніла сваю працуЕкабсонс, Эрикс. Белорусы в Латвии в 1918—1940 годах // Беларуская дыяспара як пасярэднiца ў дыялогу цывiлiзацый. Матэрыялы III Мiжнароднага кангрэса беларусiстаў. — Мінск, 2001. С. 66—67..

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Арганізацыі Рыгі