Рабо́чыя факультэ́ты, рабфакі — агульнадукацыйныя навучальныя ўстановы, якія ствараліся ў СССР у 1920—1930-я гады для падрыхтоўкі рабочых і сялян да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Першыя рабочыя факультэты ўзніклі ў 1919 годзе пры Камерцыйным інстытуце і іншых ВНУ ў Маскве. Сістэма рабфакаў заканадаўча была аформлена дэкрэтам Савета Народных Камісараў РСФСР «Аб рабочых факультэтах» ад 17 верасня 1920 года. У БССР першы рабфак быў створаны пры Горы-Горыцкім земляробчым інстытуце.

Існавалі індустрыяльна-тэхнічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя, педагагічныя і іншыя рабфакі з тэрмінам навучання 3 гады (дзённыя) і 4 гады (завочныя).

Прымаліся асобы з 16 гадоў па рэкамендацыях або камандзіроўках ад прадпрыемстваў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Слухачы дзённых рабочых факультэтаў забяспечваліся стыпендыяй і карысталіся аднолькавымі правамі са студэнтамі ВНУ. Асобы, якія скончылі рабочы факультэт, пераводзіліся ў ВНУ без уступных экзаменаў.

Ліквідаваныя ў 2-й палове 1930-х гадоў з развіццём сярэдніх школ і школ рабочай моладзі.

Крыніцы

Літаратура

Гл. таксама Рабочы факультэт БДУ

Катэгорыя:Навучальныя ўстановы СССР Катэгорыя:Факультэты