«Мінск-1» — былы аэрапорт у паўднёвай частцы Мінска. Знаходзіўся за 4 км ад гістарычнага цэнтра горада. Будынак аэравакзала па вул. Чкалава, 38/1, узведзены ў 1946—1956 гадах, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю мясцовага значэння.

Гісторыя

Даваенны час Аэрапорт у Мінску быў урачыста адкрыты 7 лістапада 1933 года. У гэты ж дзень з яго выляцеў у Маскву першы самалёт К-5. Увесну 1934 года тут прызямліліся тры самалёты По-2, што належалі Смаленскаму авіяпадраздзяленню спецыяльнага прыстасавання Маскоўскага ўпраўлення грамадзянскага паветранага флоту. Затым яны былі прыпісаны да гэтага аэрапорту, што дало пачатак развіццю грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі. У 1935 годзе былі адкрытыя першыя рэгулярныя рэйсы паміж Мінскам і сямнаццаццю раённымі цэнтрамі Беларусі, а ў 1936 годзе — першы паштова-пасажырскі рэйс паміж Мінскам і Масквой.

Пасляваеннае аднаўленне Вялікая Айчынная вайна нанесла інфраструктуры аэрапорта значныя страты. Аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення горада. Вядома, што восенню 1944 года авіятары, якія вярнуліся з эвакуацыі, сутыкнуліся з вострым дэфіцытам жылля і былі вымушаны жыць па 4—5 сем'яў у адным пакоі. У 1945 годзе Мінскі аэрапорт часцей за ўсё прымаў транспартныя самалёты «СІ-47» (C-47) і Лі-2, а таксама лёгкаматорныя мадэлі. У 1946 годзе былі праведзены работы па паляпшэнні лётнага поля, што дало магчымасць прымаць самалёты круглы год.

Развіццё ў 1950—1980-я гады У 1955 годзе аэрапорт атрымаў міжнародны статус. Яго тэхнічнае абсталяванне паступова паляпшалася: так, у 1957 годзе на дальніх лініях пачаў выкарыстоўвацца больш дасканалы самалёт Іл-14-П.

У 1958 годзе быў адкрыты новы, добраўпарадкаваны будынак аэравакзала. У яго аперацыйнай зале размясціліся касы і багажныя кладоўкі, на другім паверсе — рэстаран і гасцініца. У будынку таксама працавалі буфет, гандлёвыя пункты «Саюздруку», «Ювеліргандлю» і «Сангігіены».

З пачаткам 1960-х гадоў аэрапорт пачаў прымаць новыя тыпы турбавінтавых і рэактыўных самалётаў. У чэрвені 1961 года на лініі Мінск — Масква пачаў курсіраваць турбавінтавы Ан-10. Для медыцынскага забеспячэння пілотаў ва ўмовах росту хуткасцей і вышынь палётаў у 1965 годзе ў аэрапорце была створана спецыяльная лабараторыя авіяцыйнай медыцыны.

У 1970-я гады аэрапорт ужо абслугоўваў больш за мільён пасажыраў у год. Для паскарэння абслугоўвання і скарачэння чэргаў у 1971 годзе была ўкаранёна рэгістрацыя пасажыраў непасрэдна перад вылетам (так званы безрэгістрацыйны метад), а праз год з'явілася аўтаматызаваная сістэма браніравання месцаў для транзітных пасажыраў. У 1977 годзе ў аэрапорце ўкаранілі сучасную сістэму аўтаматызацыі браніравання і продажу білетаў «Сірэна», якую ў 1983 годзе замяніла больш дасканалая «Сірэна-2».

Да пачатку 2000-х гадоў аэрадром меў адну ўзлётна-пасадачную паласу з бетонным пакрыццём даўжынёй 2000 м і шырынёй 60 м, якая магла абслугоўваць паветраныя судны 2—4 класаў з максімальнай узлётнай масай да 63 т. Аэрапорт прымаў самалёты Ту-134, Ан-12, Ан-24, Ан-26, Ан-72, Ан-74, Як-40, Як-42, а таксама ўсе тыпы верталётаў.

Ліквідацыя аэрапорта У маі 2007 года было прынятае рашэнне аб закрыцці аэрапорта «Мінск-1» і будаўніцтве на яго тэрыторыі новага буйнога гарадскога раёна Мінск-Мір. Абслугоўванне пасажырскіх рэйсаў, якія апошнім часам выконвала расійская авіякампанія UTair, скончылася 29 кастрычніка 2012 года, з 23 снежня 2015 былі спыненыя любыя камерцыйныя палёты (за выключэннем паветраных суднаў, якія прыляталі на авіярэмонтны завод).

Пасля закрыцця аэрапорта для пасажыраў будынак білетных кас, пабудаваны ў 1976 годзе, спачатку выкарыстоўваўся як гандлёвы цэнтр «Аэрадромны», а ў 2017 годзе быў знесены. Будынак 1957 года, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, было вырашана захаваць як архітэктурны помнік.

На працягу наступных некалькіх гадоў аэрадром выкарыстоўваўся выключна для абслугоўвання Мінскага авіярамонтнага завода № 407. Заключны вылет з аэрадрома быў выкананы 28 чэрвеня 2018 года — на месца свайго базавання адправіўся самалёт Ту-134А-3М (RA-65917), які належаў расійскаму дзяржаўнаму прадпрыемству і прайшоў на заводзе рамонт. Пасля гэтага дзейнасць завода была канчаткова перанесеная ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. У 2019 годзе быў праведзены дэмантаж узлётна-пасадачнай паласы, рулёжных дарожак, перонаў і аэрадромных будынкаў, уключаючы авіярэмонтны завод, і пачалася жылая забудова тэрыторыі.

Архітэктура

Комплекс размешчаны ў межах горада, замыкае перспектыву вуліцы Чкалава. Ён уключаў стары будынак аэравакзала, узведзены ў 1946—1957 гадах па праекце архітэктараў А. П. Воінава і Г. Заборскага, і новы павільён (не захаваўся), пабудаваны ў 1976 годзе па праекце архітэктараў С. Баткоўскага і А. Серапяна.

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага двухпавярховага будынку аэравакзала складаецца з цэнтральнай часткі і двух бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаныя формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, два сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордара. Павільён уяўляў сабой прамавугольны ў плане, зашклёны на ўсю вышыню будынак з двума сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі двума масіўнымі казыркамі.

Здарэнні У гісторыі аэрапорта адбыліся такія авіяцыйныя здарэнні: Аварыя C-47 (1945) Аварыя Лі-2 (1946) Катастрофа Іл-12 (1960) Аварыя Ан-26 (1983)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Мінск-1 Катэгорыя:З’явіліся ў 1933 годзе Катэгорыя:1933 год у Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Аляксандра Воінава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Георгія Заборскага Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Сяргея Баткоўскага Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Ашота Серапяна