Нацыянальная гвардыя Вялікага Княства Літоўскага — пешая армейска-міліцэйская адзінка, створаная загадам Камісіі Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага ад 12 кастрычніка 1812 года.
Гісторыя Створана для падтрымання парадку ў гарадах і мястэчках, аховы дзяржаўнай і асабістай маёмасці, скарбу дэпартаментаў і дыстрыктаў, а таксама стратэгічных аб’ектаў (складоў і мастоў).
Рэкруты набіраліся з гараджан мужчынскага полу, што валодалі нерухомасцю і запісаныя ў гарадскую кнігу, ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў, якія не ўступілі ў літоўскія пяхотныя або кавалерыйскія палкі. Служба была абавязковай. Частка гвардзейцаў атрымлівала абмундзіраванне і рыштунак за кошт горада, астатнія — за ўласны кошт, узбраенне паступала часткова з французскіх арсеналаў, часткова было трафейным. Гвардзейцы жылі ў сябе дома, але ў названыя ім дні выходзілі на патруляванне тэрыторыі, а ў нядзелю збіраліся дзеля ваеннага навучання, якое праводзілі афіцэры арміі Княства Варшаўскага.
Падраздзяленні нацыянальнай гвардыі, згодна з загадам, былі створаны ў Вільні, Вількаміры, Ашмянах, Троках, Мерачы, Свянцянах, Відзах, Панявежы, Біржах, Шаўлях, Цельшах, Кейданах, Горадні, Ваўкавыску, Лідзе, Слоніме, Кобрыне, Пружанах, Каменцы, Слуцку, Мінску, Нясвіжы, Барысаве, Бабруйску, Вілейцы, Дзісне, Ігумене, Мазыры, Рэчыцы, Саколцы, Бельску, Драгічыне.
Стварэнне нацыянальнай гвардыі сустрэла вялікія цяжкасці з-за недахопу зброі. Так, газета «Літоўскі кур’ер», у адным са сваіх нумароў заявіла, што ў Вільні сабрана ўжо 1220 гвардзейцаў, але колькасць салдат і афіцэраў, якія маглі весці бой, не перавышала 826 чалавек. У Гародні нацыянальная гвардыя налічвала 236 чалавек (2 роты) на чале з капітанам Шастакоўскім. Яе ўзброілі трафейнымі расійскімі стрэльбамі. У Слоніме — 54 чалавекі. У Мінску стварыць гвардыю практычна не ўдалося.
Удзелу ў баявых дзеяннях гвардзейцы не прымалі, за выключэннем віленскіх, якія баранілі 10-12 снежня свой горад ад расійскіх войск.
Звестак пра далейшы лёс нацгвардзейцаў, пасля адыходу з тэрыторыі Княства, няма. Хутчэй за ўсё ніхто з іх не далучыўся да арміі Напалеона і гвардзейцы проста разышліся па дамах.
Крыніцы
Літаратура Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas. — 2006. — № 18. Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.- Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004. Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008. Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. — Вильно, 1912. Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. — Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх. — Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006. Часовая мінская газета. 1812 год. — Мн.: Выд. В. Хурсік, 2008.
Катэгорыя:З’явіліся ў 1812 годзе Катэгорыя:1812 год у Беларусі Катэгорыя:Літоўскае войска ў вайне 1812 года