Барсукі́ () — колішняе ўрочышча на правым беразе ракі Дражня, цяпер тэрыторыя ў межах Мінска. Месціліся цераз раку ад вёскі Яхімава.

Гісторыя

Урочышча Барсукі вядома прынамсі з другой паловы XIX стагоддзя, уваходзіла ў склад Мінскага павета Мінскай губерні. Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета, Сляпянская сельская грамада. У другой палове XIX стагоддзя ўласнасць Зімодравых, як і суседні фальварак Яхімава. У 1876 годзе ўладальнікам Барсукоў быў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Юзаф Аляксандравіч Зімодра, разам з фальваркам Яхімава было 120 дзесяцін зямлі, права валодання паводле купчай крэпасці ад 20 сакавіка 1863 года, гаспадарку вёў уладальнік.

Паводле перапісу 1908 года згадваецца як Барсукі, урочышча Архірэйскае.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1927 годзе ў газеце Савецкая Беларусь было згадана пра ўдзел сялян урочышча Барсукі ў выбарчым сходзе.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

Магчыма, як і Яхімава, Барсукі ўключаны ў склад Мінска ў 1959 годзе. Цяпер на месцы вёскі прыватныя дамы на рагу 3-га і 4-га Халмагорскіх завулкаў.

Насельніцтва 1897 год — 2 двары, 12 жыхароў 1908 год — 2 двары, 12 жыхароў 1917 год — 2 двары, 11 жыхароў, усе беларусы

Крыніцы

Літаратура

З гісторыі населеных пунктаў Міншчыны. Барсукі // С. 563

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска