Эдвард Хікс (; —) — амерыканскі мастак. Таксама быў рэлігійным дзеячам — служыцелем Рэлігійнага таварыства Сяброў.

Біяграфія Нарадзіўся 4 красавіка 1780 года ў горадзе Лэнгхарн, штат Пенсільванія; стрыечны брат мастака Томаса Хікса.

Эдвард з’явіўся на свет у асабняку свайго дзеда ў Атлбора (цяпер Лэнгхарн). Яго бацькі былі англіканамі. Ісак Хікс, яго бацька, быў лаялістам, збяднелым пасля паразы Вялікабрытаніі ў вайне за незалежнасць ЗША. Маці Эдварда памерла, калі яму было паўтара года; яго выхоўвала на ферме Twining Farm (цяпер уваходзіць у Нацыянальны рэестр гістарычных месцаў ЗША) блізкая сяброўка маці — Элізабэт Твінінг. Яна і выгадавала хлопчыка ў духу квакераў.

Ва ўзросце трынаццаці гадоў Эдвард пачаў навучанне ў вытворцаў вазоў Уільяма і Генры Томлінсан. Ён заставаўся ў іх сем гадоў, на працягу якіх навучыўся рамяству размалёўкі вазоў. У 1800 годзе ён пакінуў фірму Tomlinson, каб зарабляць на жыццё самастойна. У 1801 годзе Хікс пераехаў у горад Мілфард, штат Пенсільванія, дзе зноў працаваў па роспісе вазоў у фірме Джошуа Кэнбі (Joshua C. Canby). Не зусім задаволены сваім жыццём, ён пачаў рэгулярна наведваць сходы квакераў, і ў 1803 годзе быў прыняты ў сябры Таварыства Сяброў. Пазней у гэтым жа годзе ён ажаніўся з жанчынай з гэтага таварыства — Сарай Уорстал Хікс (1781—1855).

У 1812 годзе Эдвард Хікс стаў служыцелем і пачаў падарожнічаць па акрузе Філадэльфія ў якасці квакера-прапаведніка. Каб пакрыць выдаткі на паездкі, а таксама для падтрымкі сваёй сям’і, ён вырашыў арганізаваць уласную справу — ствараў і прадаваў распісаныя прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчае абсталяванне і шыльды карчмаў. Яго дзейнасць зрабілася прыбытковай, і гэта засмуціла некаторых чальцоў квакерскай абшчыны, бо супярэчыла традыцыям прастаты гэтай супольнасці. У 1815 годзе Хікс ненадоўга адмовіўся ад дэкаратыўнага жывапісу і паспрабаваў падтрымаць сваю сям’ю фермерствам, працягваючы эпізадычна падзарабляць роспісам. Але такі стан спраў стаў цяжкім для яго сям’і.

Да 1816 года яго жонка чакала ўжо пятае дзіця. Пасля сустрэчы з блізкім сябрам Джонам Комлі, калі размова зайшла пра жывапіс, Хікс аднавіў сваю працу па дэкаратыўным роспісе. Гэтая дзейнасць вывела сям’ю з цяжкага фінансавага стану. Хікс пачаў ствараць карціны на палотнах, стварыўшы каля 1820 года сваю першую са шматлікіх карцін — The Peaceable Kingdom. Cтанковы жывапіс выконваўся для сям’і і сяброў, а дэкаратыўны жывапіс заставаўся яго галоўнай крыніцай даходу. У 1827 годзе ў Рэлігійным таварыстве Сяброў адбыўся раскол паміж хіксітамі (названымі ў гонар стрыечнага брата Эдварда — прапаведніка Эліяса Хікса) і артадаксальнымі членамі грамадства, што стала перашкодай у дзейнасці Хікса як служыцеля.

Памёр 23 жніўня 1849 года ў горадзе Ньютаўн, штат Пенсільванія.

Катэгорыя:Мастакі ЗША