Пацаваслабодскія баі — баі паміж 277-м партызанскім палком і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў вёсцы Пацава Слабада Кіраўскага раёна, ў ноч на 29 кастрычніка 1943 года, паміж тым жа палком, 278-м партызанскім атрадам і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага раёна ў ноч на 23 сакавіка 1944 года.

Бой 29 кастрычніка 1943 года У ноч на 29 кастрычніка 1943 года партызаны 277-га палка разграмілі Пацаваслабодскі гарнізон праціўніка. У выніку 2-гадзіннага бою быў поўнасцю знішчаны штаб 621-га нямецкага артылерыйскага палка, які размяшчаўся ў гарнізоне, захоплены яго дакументы, забіта і паранена больш за 100 гітлераўцаў.

Бой 23 сакавіка 1944 года Перадумовы Аперацыя ў ноч на 23 сакавіка 1944 года па адначасовым разгроме нямецкіх гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка была падрыхтавана па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І. З. Ізоха і начальніка штаба М. А. Баранава. Разведка партызан устанавіла, што ў вёсцы Пацава Слабада, гарнізон якой налічваў каля 80 чалавек, прыбыў на адпачынак зенітны батальён 4-й танкавай арміі; у гарнізоне вёскі Малінаўка, што знаходзіўся непадалёку, было каля 50 акупантаў.

Ход бою Партызаны 277-га палка амаль адначасова атакавалі гарнізоны ў вёсках Пацава Слабада і Малінаўка, узвод 278-га атрада арганізаваў засаду ў вёсцы Казулічы, каб не дапусціць падыходу варожых падмацаванняў. Ноччу партызаны бясшумна праніклі ў вёску Пацава Слабада, акружылі дамы, дзе размяшчаліся акупанты. Раззброілі нямецкі патруль, закідалі гэтыя дамы гранатамі. У выніку раптоўнага налёту праціўнік не змог арганізаваць упартага супраціўлення. Контратака часткі пацаваслабодскага гарнізона была паспяхова адбіта партызанамі. У баі партызаны знішчылі 78 гітлераўцаў, 2 узялі ў палон, спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, 3 пісталеты, вялікую колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Страты партызан: 4 чалавекі забіты, 8 чалавек паранены.

Літаратура

Катэгорыя:Бітвы Другой сусветнай вайны з удзелам савецкіх партызан у Беларусі Катэгорыя:1943 год у Беларусі Катэгорыя:Кастрычнік 1943 года Катэгорыя:1944 год у Беларусі Катэгорыя:Сакавік 1944 года Катэгорыя:Гісторыя Кіраўскага раёна