The Met Gala, таксама вядомы як Дабрачынны вечар Інстытута касцюма () — штогадовае мерапрыемства са зборам грошай на карысць музея «Метраполітэн», адна з найбуйнейшых модных падзей у свецкім жыцці Нью-Ёрка. Штогод мерапрыемства мае сваю тэматыку, у адпаведнасці з якой госці павінны абраць дызайнерскі ўбор і прайсці па чырвонай дарожцы. Унёсак памерам 50 000 долараў ЗША за месца для ўдзелу ў 2023 годзе. Апошняе мерапрыемства адбылося 1 мая 2023 года.
Існуе з 1948 года. Праходзіць у першы панядзелак мая.
Гісторыя Упершыню Met Gala прайшоў у 1948 годзе. Заснавальніцай была публіцыстка Элінар Ламберт. Яна стварыла мерапрыемства, каб сабраць грошы для нядаўна заснаванага Інстытута касцюма і адзначыць адкрыццё штогадовай выстаўкі. Першы баль Мет Гала прайшоў як свецкі абед. Уваходны квіток каштаваў 50 долараў.
Сучасная гісторыя балю пачынаецца ў 1974 годзе. Менавіта тады ён ператварыўся ў раскошны баль і ў самую чаканую падзею моднай індустрыі, якая засланяе нават тэматычную выставу ў музеі «Метраполітэн». Сёння спіс гасцей на Met Gala зацвярджаецца пад строгім кіраўніцтвам Ганны Вінтур, цана за ўваходны білет пачынаецца ад 50 000$, а за арэнду столікаў — ад 275 000$.
З 1995 года мерапрыемства арганізуе Ганна Вінтур — адна з самых уплывовых жанчын у індустрыі моды і галоўная рэдактарка Vogue US. Яна займаецца ўсімі аспектамі арганізацыі свята ад перамоў з дызайнерамі да рассаджвання гасцей.
Цікавыя факты Мерапрыемства дае магчымасць падтрымліваць існаванне Інстытута касцюма музея Метраполітэн за кошт сабраных ва ўрачысты вечар сродкаў, бо ў яго няма іншых крыніц фінансавання. Акрамя таго, гэта магчымасць для дызайнераў паказаць свае працы шырокай аўдыторыі. А для некаторых Met Gala — гэта шанец выйсці за межы лакальнага рынку. Так, сукенка Рыяны ў 2015 годзе прымусіла ўвесь свет гаварыць пра кітайскага дызайнера Го Пі. У 1995 годзе ўведзены больш строгія крытэрыі адбору, чым раней: на мерапрыемства зараз могуць быць запрошаны не больш за 600 гасцей. Тыя госці, якія трапілі ў спіс гасцей, не плацяць за ўваходны білет. Брэнды часта запрашаюць знакамітасцей да сябе за стол, а Ганна Вінтур — маладых перспектыўных дызайнераў, каб падтрымаць іх такім чынам. Падрыхтоўка да Met Gala пачынаецца за некалькі месяцаў да балю. Дызайнеры і зоркі часцей за ўсё разглядаюць некалькі прапаноў, з кім і ў чым пайсці на баль. Таксама дызайнеры загадзя ведаюць, хто будзе сядзець з імі за адным сталом. Гэта дапамагае пазбегнуць падабенства сукенак. Важна, каб усе яны былі розных колераў. Затым брэнд вырашае, ці будзе ён прытрымлівацца тэмы балю ці не. Ганна Вінтур прад’яўляе велізарную колькасць патрабаванняў арганізатарам. Напрыклад забаронена дадаваць у стравы пятрушкі, луку і часнаку на банкеце. Закускі выключаюцца з меню з-за таго, што яны могуць запэцкаць чыюсьці сукенку. Аднак інсайдары паведамляюць, што на банкеце звычайна ніхто не есці і практычна ўся ежа застаецца не спажытай. У 2015 годзе Ганна Вінтур забараніла выкарыстоўванне сацыяльных сетак падчас мерапрыемства.
Тэмы мерапрыемстваў мінулых гадоў 2006 — «Англаманія: традыцыя і трансгрэсія ў брытанскай модзе» 2008 — «Супергероі: мода і фантазія» 2009 — «Мадэль як муза, якая ўвасабляе моду» 2011 — «Аляксандр Мак-Куін: дзікая краса» 2012 — «Скіапарэлі і Prada: немагчымы дыялог» 2013 — «Панк: ад хаосу да моды» 2014 — «Чарльз Джэймс: па-за модаю» 2015 — «Кітай: у залюстаркоўе» 2016 — «Manus Х Machina» 2017 — Rei Kawakubo/Comme des Garçons (Дрэс-код avant-garde black tie) 2018 — «Боскія целы: мода і каталіцызм» 2019 — «Кэмп: нататкі пра моду» 2020 — «Пра час: мода і працягласць» (скасаваны) 2021 — «У Амерыцы: Анталогія моды» 2022 — «Пазалочаны гламур» 2023 — «Карл Лагерфельд: лінія прыгажосці»
Крыніцы
Спасылкі https://www.metmuseum.org/about-the-met/collection-areas/the-costume-institute
Катэгорыя:Культура Нью-Ёрка Катэгорыя:Фестывалі ЗША