7,62-мм снайперская вінтоўка Драгунова (СВД, індэкс — 6В1) — савецкая самазарадная снайперская вінтоўка, распрацаваная ў 1957—1963 гадах групай канструктараў пад кіраўніцтвам Яўгена Драгунова. Прынята на ўзбраенне 3 ліпеня 1963 года разам з аптычным прыцэлам ПСА-1.
Боепрыпасы і камплектацыя Для стральбы з СВД прымяняюцца вінтовачныя патроны 7,62×54 мм R са звычайнымі, трасіруючымі і бранябойна-запальнымі кулямі, снайперскія патроны 7Н1, снайперскія бранябойныя 7Н14; можа таксама страляць патронамі з экспансіўнай куляй JHP і JSP. Агонь з СВД вядзецца адзінкавымі стрэламі. Падача патронаў пры стральбе выконваецца з каробкавага магазіна ёмістасцю 10 патронаў. На дульнай частцы ствала мацуецца полымегасіцель з пяццю падоўжнымі прарэзамі, які маскіруе стрэл і засцерагальнік ад забруджвання ствала.
Наяўнасць газавага рэгулятара для змены хуткасцяў адкату рухомых частак забяспечвае надзейнасць вінтоўкі.
Дробнасерыйна для СВД вырабляўся тактычны глушыцель-полымегасіцель, вядомы як ТГП-В.
Прынцып дзеяння
Пры стрэле частка парахавых газаў, якія ідуць за куляй, накіроўваецца праз газаадводную адтуліну ў сценцы ствала ў газавую камеру, цісне на пярэднюю сценку газавага поршня і адкідвае поршань са штурхачом, а разам з імі і затворную раму ў задняе становішча.
Пры адыходзе затворнай рамы назад затвор адкрывае канал ствала, здабывае з патронніка гільзу і выкідвае яе са ствольнай скрынкі вонкі, а затворная рама сціскае зваротную спружыну і ўзводзіць курок (ставіць яго на ўзвод аўтаспуску).
У пярэдняе становішча затворная рама з засаўкай вяртаецца пад дзеяннем зваротнага механізму, затвор пры гэтым дасылае чарговы патрон з магазіна ў патроннік і закрывае канал ствала, а затворная рама выводзіць шаптала аўтаспуску з-пад узвода аўтаспуску курка, і курок становіцца на баявы ўзвод.
Для выканання чарговага стрэлу неабходна адпусціць спускавы кручок і націснуць на яго зноў.
Разнавіднасці
СВДС — варыянт СВД для паветрана-дэсантных войск са складным прыкладам і скарочаным, але патоўшчаным ствалом; створана ў 1991 годзе, прынята на ўзбраенне ў 1995 годзе. СВУ — варыянт СВД з кампаноўкай бул-пап. СВДК — буйнакаліберны варыянт СВД пад патрон 9,3×64 мм са складным прыкладам, аналагічным такому ў СВДС. ТСВ-1 — трэніровачная вінтоўка пад патрон .22 Long Rifle, распрацаваны Яўгенам Драгуновым для першапачатковага навучання снайпераў. Фактычна самастойная зброя, толькі паўтарае ў агульных рысах знешні выгляд СВД. СВДМ — вывешаны ствол; Планка Пікаціні і здымныя сошкі. Тыгр — паляўнічы карабін, выпускаецца ў некалькіх варыянтах выканання.
Краіны-эксплуатанты
Крыніцы
Літаратура Пономарёв Ю. Рождение легенды: история создания СВД (Часть I) // Калашников : журнал. — 2015. — Октябрь (№ 10). — С. 16—23. Драгун М. Путь к победе: история «рождения» СВД // Мир оружия : журнал. — 2006. — Июль (№ 22). — С. 14—21. Пономарёв Ю. СВД. Постскриптум // Калашников : журнал. — 2005. — Март (№ 03). — С. 80—83.
Катэгорыя:Снайперскія вінтоўкі Катэгорыя:Стралковая зброя СССР