Максі Гербер (, , — , , Германія) — нямецкая фігурыстка, якая стала алімпійскай чэмпіёнкай у 1936 годзе ў парным катанні з Эрнстам Баерам. Дуэт быў першым, які выканаў паралельны скачок на спаборніцтвах. Гербер — самая маладая алімпійская чэмпіёнка па фігурным катанні ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў, якая выйграла іх ва ўзросце 15 гадоў 4 месяцаў і 5 дзён. Гэты ўзроставы рэкорд па цяперашніх правілах ужо немагчыма пабіць, бо фігурысты дапускаюцца да зімовых Алімпійскіх гульняў не раней за ўзрост 15 гадоў 5 месяцаў. У цэлым Гербер з’яўляецца самай юнай чэмпіёнкай з Еўропы ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў, маладзейшым за яе ўсю гісторыю толькі карэйскія шорт-трэкісткі Кім Юн Мі і Вон Хэ Гён, якія пабілі рэкорд Гербер у 1994 годзе.
Гербер і Баер таксама былі чатырохразовымі чэмпіёнамі свету (запар з 1936 па 1939 год), пяціразовымі чэмпіёнамі Еўропы (запар з 1935 года па 1939) і пяціразовымі чэмпіёнамі Германіі (з 1934 па 1936, 1938 і 1939).
Акрамя таго Максі Гербер выступала і ў адзіночным разрадзе. Яна тройчы станавілася чэмпіёнкай Нямеччыны сярод жанчын (з 1933 па 1935 год), а на чэмпіянаце свету 1934 года была сёмай.
Пара здымалася ў фільме «Алімпія» рэжысёра Лені Рыфеншталь.
Пасля заканчэння аматарскай кар’еры ў 1940 годзе Гербер і Баер пабраліся шлюбам, у іх было трое дзяцей. Пасля Другой сусветнай вайны яны выступалі ў розных шоу, а пазней, у 1951 годзе, заснавалі ўласнае прадпрыемства «Лядовы балет Максі і Эрнста Баера» (). Пасля яны прадалі свой бізнэс уладальнікам тура «Holiday on Ice».
Катэгорыя:Фігурысткі Германіі