26 верасня 2023 года каля 22:45 падчас хрысціянскага вяселля ў Каракошы, раён Аль-Хамданія, мухафаза Ніневія, Ірак, успыхнуў пажар у зале Аль-Хайтам. З прыблізна 1000 прысутных 114 загінулі, па меншай меры 150 атрымалі раненні.
Інцыдэнт Па словах відавочцаў, пажар успыхнуў падчас танца маладых. Іскры факелаў запалілі падвешаныя дэкарацыі, якія ўпалі і падпалілі сталы. Распаўсюджванню агню спрыялі лёгкаўзгаральныя будаўнічыя матэрыялы і зборныя панэлі, вырабленыя з парушэннем правілаў бяспекі. Тут жа адбылося ўзгаранне кампазітных панэляў, якія ўтрымлівалі пластык. У той момант у зале прысутнічала каля 1000 чалавек. Па невядомых прычынах згасла святло, таму людзям было цяжэй выратавацца. Неўзабаве загарэўся дах. Каб дапамагчы хутчэй эвакуіраваць гасцей, бульдозер разбурыў частку сцяны. Аднак за лік гэтага ў памяшканне пранікла больш кіслароду, што спрыяла ўзмацненню агня.
Ахвяры Паводле намесніка губернатара Ніневіі Хасана аль-Алака, загінулі 114 чалавек, прынамсі 150 атрымалі траўмы. Са 114 ахвяр каля 30 былі апазнаныя сваякамі, астатніх з-за моцных апёкаў ідэнтыфікавалі па ДНК. Пацярпелых перавялі ў розныя бальніцы, аднак мясцовыя медустановы сутыкнуліся з недахопам абсталявання для такой колькасці пацыентаў. Большасць пацярпелых былі цалкам абпаленыя і знаходзіліся ў дрэнным стане, а ў некаторых было ад 50 да 60% апёкаў.
Першапачаткова заяўлялася, што сярод загінулых былі жаніх і нявеста, аднак яны выжылі.
Рэакцыя Пасля трагедыі сілавікі арыштавалі дзевяць рабочых і выдалі ордэры на арышт яшчэ чатырох. Уладальнік залы ўцёк, але пазней быў арыштаваны курдскімі сіламі бяспекі. Прэм’ер-міністр Махамед Шыа аль-Судані заявіў, што будзе створаны следчы камітэт і загадаў усім адпаведным органам узмацніць інспекцыі будынкаў і праверку працэдур бяспекі. Па загінулым абвешчана трохдзённая нацыянальная жалоба. 28 верасня прэм’ер прыбыў у Каракош, наведаў пацярпелых і сустрэўся з сем’ямі загінулых. Як заявіў палітык, у дачыненні да адказных за гэты трагічны інцыдэнт будуць ужытыя самыя строгія меры пакарання, прадугледжаныя законам. Тым часам хрысціянскі святар Бутрас Шыта, які страціў у гэтай катастрофе бацькоў, дзвюх сясцёр і двух пляменнікаў, абвінаваціў у здарэнні мясцовыя карумпаваныя ўлады.
Заўвагі
Катэгорыя:Вяселле Катэгорыя:Пажары 2023 года Катэгорыя:Верасень 2023 года Катэгорыя:Падзеі 26 верасня