Вінцэнт Адынец (, ; 8 сакавіка 1865 — 1 чэрвеня 1952) — расійскі і польскі генерал, герой Першай сусветнай вайны.

Біяграфія Верагодна, належаў да шляхецкага роду Адынцоў герба «Адынец». Нарадзіўся 8 сакавіка 1865 года ў сям’і шляхціца ў Ліцвінаве пад Мінскам. Яго дзядзька Франц Вікенцьевіч Адынец быў генерал-лейтэнантам і членам Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення Ваеннага міністэрства Расійскай імперыі.

Адукацыю атрымаў у Мінскім гарадскім вучылішчы і Віленскім пяхотным юнкерскім вучылішчы, з якога выпушчаны ў 1888 годзе падпаручнікам у 60-ы пяхотны Замосцкі полк.

У 1904—1905 гадах, быўшы ў чыне капітана браў удзел у руска-японскай вайне.

Пачатак Першай сусветнай вайны падпалкоўнік Адынец сустрэў на пасадзе камандзіра батальёна Замосцкага палка і ўжо 7 кастрычніка 1914 года Найвышэйшым загадам быў узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ступені

У 1915 годзе Адынец быў узведзены ў палкоўнікі (са старшынствам ад 28 лістапада 1913 года) і неўзабаве прызначаны камандзірам 417-га пяхотнага Луганскага палка. 10 лістапада 1915 года ўзнагароджаны Георгіеўскай зброяй. 30 красавіка 1917 года атрымаў чын генерал-маёра (са старшынствам ад 28 лістапада 1915 года), служыў пры штабе Кіеўскай ваеннай акругі і камандаваў пяхотнай брыгадай. Улетку 1917 года ён быў пераведзены ў 1-ы Польскі корпус на пасаду камандзіра дывізіі.

У снежні 1918 года Адынец быў прыняты на службу ў Польскую армію і прызначаны памочнікам начальніка Літоўска-Беларускай дывізіі. У 1919 годзе камандаваў польскімі войскамі ў Беластоку і Ваўкавыску, а затым быў камандуючым 3-й Велікапольскай стралковай дывізіяй, узнагароджаны сярэбраным крыжам ордэна Virtuti Militari. У 1920 годзе Адынец з прычыны няўдалых дзеянняў супраць савецкіх войскаў быў зняты з пасады начальніка дывізіі і прызначаны ў распараджэнне Вярхоўнага галоўнакамандуючага, затым знаходзіўся пры Генеральным штабе. 1 лістапада 1921 года выйшаў у адстаўку. 26 кастрычніка 1923 года Адынец быў залічаны ў корпус генералаў запасу.

У адстаўцы жыў у Міляноўку, дзе памёр 1 чэрвеня 1952 года.

Крыніцы

Літаратура «Летопись войны 1914 года». — № 32. Официальный отдел. — 28 марта 1915 г. — С. 62. «Разведчик». — № 1253. — 4 ноября 1914 г. — С. 762 Шабанов В. М. Военный орден Святого Великомученика и Победоносца Георгия. Именные списки 1769—1920. Биобиблиографический справочник. М., 2004. — С. 671. — ISBN 5-89577-059-2 Stawecki P. Słownik biograficzny generałów Wojska Polskiego 1918—1939. — Warszawa, 1994. — ISBN 83-11-08262-6

Катэгорыя:Генерал-маёры (Расійская імперыя) Катэгорыя:Генералы Польшчы Катэгорыя:Удзельнікі расійска-японскай вайны Катэгорыя:Военачальнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Удзельнікі польска-савецкай вайны Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа Катэгорыя:Узнагароджаныя Георгіеўскай зброяй Катэгорыя:Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari Катэгорыя:Нарадзіліся ў Лагойскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Мазавецкім ваяводстве