Аляксандр Мікалаевіч Зайцаў — беларускі прадпрымальнік, уладальнік шэрагу гандлёвых, лагістычных і прамысловых кампаній, а таксама футбольных клубаў «Дынама-Брэст» (2016—2020 гг.) і «Рух». Былы дзяржслужачы. Сумесна з Мікалаем Вараб’ём і Аляксеем Алексіным валодае кампаніяй «Брэміна груп» — аператарам асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна—Орша», а таксама іншых лагістычных комплексаў. Былы памочнік Лукашэнкі.
Згодна з расследаваннем OCCRP, Siena і Белсата, Зайцаў і Аляксей Алексін у 2012 годзе атрымалі ў Літве від на жыхарства і адкрылі там некалькі кампаній. Хоць гэтыя кампаніі працавалі без прыкметнай дзелавой актыўнасці і без персаналу, праз іх рахункі правялі больш за 46 мільёнаў еўра.
Зайцаў — ганаровы консул Замбіі ў Беларусі. Таксама Зайцаў з’яўляецца арганізатарам музычнага фестывалю «Сонцастаянне» і зарэгістраваў на сваё імя яго таварны знак. Таксама Зайцаву належыць 51% кампаніі «Глаугандальпрэд» (астатнія 49% кантралюе Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь), якая валодае крамай алкагольнай прадукцыі «Дуб зялёны» і крамай бяспошліннага гандлю на аўтамабільным пункце пропуску «Бераставіца». На Зайцава зарэгістраваны і таварны знак «Дуб зялёны».
Паводле звестак «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», у 2002 годзе Аляксандр Зайцаў ажаніўся з Вольгай Грамыка (пісьменніца, аўтарка кніг у жанры фэнтэзі), а ў 2011 годзе сужэнцы аформілі фіктыўны развод. У Аляксандра і Вольгі ёсць сын Раман, якому належыць 89% акцый Лукомльскага кансервавага завода.
Міжнародныя санкцыі У чэрвені 2021 года на Зайцава, а таксама на звязаныя з ім кампаніі «Брэміна груп» і «Сохра» былі накладзены санкцыі Еўрапейскага Саюза. У хуткім часе да санкцый супраць Зайцава, «Брэміна груп» і «Сохры» далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Канада і Швейцарыя. 9 жніўня 2021 года «Брэміна груп» уключылі ў Спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША. Пасля пачатку уварвання Расіі ва Украіну да санкцый супраць Зайцава, «Брэміна груп» і «Сохры» далучыліся Японія і Украіна, а ЗША і Новая Зеландыя пашырылі свой санкцыйны спіс на Зайцава і «Сохру».
Паводле расследавання «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», пасля ўвядзення санкцый ЕС і ЗША супраць «Брэміна груп» частка яе маёмасці была запісана на кампанію «АЛІС МА», заснаваную ксяндзом Ігарам Лашуком. Пазней Лашук прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання Зайцава ў снежні 2022 года папскім рыцарскім Ордэнам Святога Рыгора Вялікага.
У лістападзе 2023 года Еўрапейскі суд у Люксембургу адмовіўся зняць санкцыі ЕС з Аляксандра Зайцава і «Брэміна груп».
Крыніцы
Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Рыгора Вялікага Катэгорыя:Беларускія асобы ў спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ружанах Катэгорыя:Выпускнікі БДЭУ Катэгорыя:Ганаровыя консулы